Карысны вопыт

- 11:59Навіны рэгіёнаў

З рэалізацыяй адукацыйных праектаў па навучанні дзяцей праграмаванню на Аршаншчыне азнаёміліся прадстаўнікі Дагестана.

Орша з’яўляецца адной з першых у краіне эксперыментальных пляцовак, дзе апрабаваліся адукацыйныя пілотныя праекты “Праграмаванне ў асяроддзі Scratch” і “Інфарматыка без разеткі”. Менавіта тут на базе IT-акадэміі “КомпАС” прайшла падрыхтоўку першая педагагічная каманда, удзельнікі якой потым сталі цьютарамі для сваіх калег з усёй краіны.

Як расказаў намеснік дырэктара Парка высокіх тэхналогій Аляксандр Марцінкевіч, распрацаваныя ў ходзе рэалізацыі сумеснага з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь праекта па навучанні праграмаванню школьнікаў пачынаючы з 2 класа (пачаўся ў 2016 годзе) матэрыялы з 2017 года знаходзяцца ў адкрытым доступе. За апошнія чатыры гады на курсах у ПВТ прайшлі падрыхтоўку больш за 5 тысяч педагогаў, уключаючы настаўнікаў пачатковых класаў. Сёння каля 60 тысяч іх навучэнцаў вывучаюць асновы праграмавання. Згаданы вопыт унікальны для краін постсавецкай прасторы. Пасля стварэння базы ў Оршы была адпрацавана тэхналогія, дзякуючы якой можна штогод запускаць новыя пілотныя адукацыйныя праекты.

Упэўненасць, што ўстановы адукацыі раёна працягнуць развівацца ў гэтым напрамку, выказаў начальнік упраўлення па адукацыі райвыканкама Андрэй Загурскі. Госці з Расіі наведалі ІТ-акадэмію “КомпАС” і яслі-сад № 44 Оршы, пацікавіліся іх вучэбна-метадычным і матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем, сустрэліся з педагогамі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена ўпраўленнем па адукацыі Аршанскага райвыканкама.