Карыснымі справамі пачалі Год добраўпарадкавання ў Літвінавічах Кармянскага раёна

- 10:01На пользу дела, Новости

Год добраўпарадкавання для кіраўніка па ваенна­-патрыятычным выхаванні Літвінавіцкай сярэдняй школы Кармянскага раёна Сяргея Валянцінавіча Малевіча і яго выхаванцаў пачаўся з карысных спраў, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Пасля нядаўняга снегападу і марозу яны дружна дапамаглі расчысціць школьную тэрыторыю ад снегу і наледзі, навялі парадак на брацкай магіле савецкіх воінаў­-вызваліцеляў, каля бюстаў знакамітага педагога Панцеляймона Лепяшынскага і Героя Савецкага Саюза Міхаіла Калінкіна. Добраўпарадкаванне гэтых аб’ектаў з’яўляецца добрай традыцыяй і неад’емнай часткай грамадзянска-пат­рыятычнага выхавання літвінавіцкіх школьнікаў.

— Разам з вучнямі і калегамі даглядаем тэрыторыю вакол брацкай магілы, бюстаў Лепяшынскага і Калінкіна. Зімой чысцім ад снегу, вясной і летам падмятаем, падфарбоўваем, восенню прыбіраем апалае лісце, галіны. Працуем не толькі ў Літвінавічах. Недалёка знаходзіцца Паштовая Глінка, адкуль родам наш зямляк Мікалай Перапечкін, які загінуў у Афганістане. Вёска амаль выселена, таму, акрамя нас, даглядаць яго магілу больш няма каму. Мы ўсведамляем усю адказнасць і важнасць захавання памяці пра гэтага чалавека, — паведаміў Сяргей Валянцінавіч.

Таксама настаўнікі і вучні Літвінавіцкай школы наведваюць каля Паштовай Глінкі Курган Славы і месца гібелі Міхаіла Калінкіна, які паўтарыў подзвіг Аляксандра Матросава ў лістападзе 1943 года пры фарсіраванні Сожа. Па словах былога дырэктара Літвінавіцкай сярэдняй школы і яе выпускніка Васіля Рыгоравіча Ганжурава, лыжныя, веласіпедныя і пешыя паходы на месцы подзвігу чырвонаармейцаў здзяйсняюцца ўжо некалькі дзесяцігоддзяў з нагоды 23 лютага, 9 Мая і 25 лістапада (вызваленне раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў).

Каля помнікаў ладзяцца мітынгі, ускладаюцца кветкі. І абавязкова напярэдадні ўрачыстасцей праводзяцца працоўныя акцыі. Дзякуючы дружнай працы, настаўнікі і вучні не толькі добраўпарадкоўваюць аб’екты, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, але і захоўваюць гістарычную памяць.

Гэтая добрая школьная традыцыя працягнецца і ў Год добраўпарадкавання.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара