Карысныя навіны для абітурыентаў БДУ

- 14:39Вышэйшая школа

У аўторак у БДУ прайшла прэс-канферэнцыя рэктара Сяргея Абламейкі, прысвечаная пачатку прыёмнай кампаніі. На пытанні журналістаў адказвалі таксама дэкан факультэта даўніверсітэцкай адукацыі Вячаслаў Малафееў і адказны сакратар прыёмнай камісіі начальнік галоўнага ўпраўлення вучэбнай і навукова-метадычнай работы Людміла Хухлындзіна. Яны расказалі пра новыя спецыяльнасці, якія сёлета з’явіліся ў БДУ, пра змены ў пераліку экзаменаў і важнае рашэнне аб засяленні першакурснікаў у інтэрнат.

У БДУ дзве новыя спецыяльнасці

Як паведаміў Сяргей Абламейка, на геаграфічным факультэце адкрываецца новая спецыяльнасць “Геаінфармацыйныя сістэмы” з двума напрамкамі — “Геаінфармацыйныя сістэмы (зямельна-кадастравыя)” і “Геаінфармацыйныя сістэмы (спецыяльныя)”. Яна мае на мэце падрыхтоўку спецыялістаў для сучасных галін дзейнасці, звязаных з дыстанцыйным зандзіраваннем Зямлі высокай разрозненасці, авіяцыйным і касмічным экалагічным маніторынгам, гідраметэаралагічнымі назіраннямі і ацэнкай эфектыўнасці прыродакарыстання, маніторынгам дзяржаўных карт і планаў населеных пунктаў, ацэнкай стану сельскагаспадарчых плошчаў і лясоў з выкарыстаннем касмічнай інфармацыі і г.д.
Плануецца, што выпускнікі напрамку “Геаінфармацыйныя сістэмы (зямельна-кадастравыя)” будуць запатрабаваны ў першую чаргу ў Дзяржаўным камітэце па маёмасці. Яны будуць удзельнічаць у стварэнні зямельна-інфармацыйных сістэм, геадэзічным забеспячэнні зямельнага кадастру, стварэнні геаінфармацыйных сістэм картографа-геадэзічных даных Беларусі, апрацоўцы даных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі.
Заказчыкам другога напрамку — “Геаінфармацыйныя сістэмы (спецыяльныя)” — з’яўляецца Міністэрства абароны, якому патрэбны спецыялісты па стварэнні, актуалізацыі і эксплуатацыі геаінфармацыйных сістэм спецыяльнага прызначэння. У рамках згаданага напрамку вялікая ўвага будзе ўдзелена дысцыплінам, звязаным з найноўшымі камп’ютарнымі геаінфармацыйнымі тэхналогіямі і эксплуатацыяй аўтаматызаваных інфармацыйных сістэм.
Таксама на геаграфічным факультэце адкрываецца новы напрамак спецыяльнасці “Геаграфія” — “Геадэмаграфія”. Гэта звязана з неабходнасцю вырашэння праблем дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне шляхам выкарыстання якасна новых метадаў рэгулявання і прагназавання на ўсіх узроўнях адміністрацыйна-тэрытарыяльнага кіравання.
Геадэмографы змогуць працаваць у Нацыянальным статыстычным камітэце, Міністэрстве эканомікі, Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны і г.д. Вучэбная праграма напрамку “Геадэмаграфія” ўключае дысцыпліны па вывучэнні глабальных і рэгіянальных праблем народанасельніцтва. Студэнты навучацца распрацоўваць прагноз дэмаграфічных працэсаў у нашай краіне і ў свеце, праводзіць аналіз рынку працы і многае іншае.
У Дзяржаўным інстытуце кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ таксама адкрываецца новая спецыяльнасць — “Дзяржаўнае кіраванне і права”. Асаблівасцю падрыхтоўкі будзе комплекснае вывучэнне спецыяльных прававых, а таксама кіраўніцкіх і эканамічных дысцыплін. Плануецца зрабіць ухіл на падрыхтоўку спецыялістаў для рэгіянальных органаў дзяржаўнага кіравання, тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, арганізацый сістэмы аховы здароўя і інш.
Акрамя таго, у згаданым інстытуце на спецыяльнасці “Дызайн” будзе адкрыты новы напрамак “Дызайн касцюма і тканін”. Акцэнт у падрыхтоўцы дызайнераў-мастакоў па касцюмах і тканінах будзе зроблены на стварэнне індывідуальнага мастацкага вобраза чалавека. Плануецца, што выпускнікі будуць займацца праектаваннем новых матэрыялаў і вырабаў для лёгкай прамысловасці, змогуць выступаць у якасці экспертаў у ацэнцы касцюмаў і тканін, а таксама кіраваць дзейнасцю дызайнерскіх груп і падраздзяленняў. Падрыхтоўка дызайнераў напрамку “Дызайн касцюма і тканін” будзе весціся ў супрацоўніцтве з Нацыянальнай школай прыгажосці, Беларускім цэнтрам моды, Саюзам дызайнераў, студыяй моды Івана Айплатава.

Замест матэматыкі — замежная мова

Адказны сакратар прыёмнай камісіі Людміла Хухлындзіна звярнула ўвагу на некаторыя змяненні, якія адбыліся яшчэ ў мінулым годзе, але вядомы не ўсім абітурыентам. Гаворка ідзе пра змены ў пераліку ўступных выпрабаванняў на некаторых спецыяльнасцях.
“Самыя сур’ёзныя змены закранулі спецыяльнасці “Правазнаўства”, “Эканамічнае права” і “Дзяржаўнае кіраванне і права”, — заўважыла Людміла Міхайлаўна. — Да нас паступае шмат пытанняў ад абітурыентаў, ці праўда, што на гэтыя спецыяльнасці не трэба здаваць матэматыку. Так, праўда. Цяпер замест матэматыкі трэба здаваць замежную мову. Гэта вельмі важная інфармацыя, якую трэба абавязкова даводзіць да абітурыентаў, каб потым не было расчараванняў”.
Таксама зменены ўступныя выпрабаванні на спецыяльнасць “Геалогія і разведка карысных выкапняў”. Раней абітурыентам трэба было здаваць геаграфію і матэматыку, цяпер замест геаграфіі будзе фізіка.
Акрамя таго, адбылася перастаноўка першага і другога экзаменаў на спецыяльнасці “Мытная справа”. Калі раней першым іспытам была матэматыка і менавіта пераможцы матэматычных алімпіяд маглі залічвацца на згаданую спецыяльнасць без экзаменаў, то цяпер першым іспытам будзе замежная мова. Гэта значыць, што на спецыяльнасць “Мытная справа” на факультэце міжнародных адносін без экзаменаў змогуць паступаць пераможцы алімпіяд па замежных мавах.

Бонус для студэнтаў прыродазнаўчанавуковых спецыяльнасцей

У БДУ суадносіны паміж прыродазнаўчанавуковымі і гуманітарнымі спецыяльнасцямі складаюць 60:40. Гэта значыць, што прыярытэт прыродазнаўчанавуковай адукацыі захоўваецца. На жаль, некаторыя вельмі цікавыя і перспектыўныя спецыяльнасці, напрыклад, на фізічным факультэце, не карыстаюцца належнай папулярнасцю сярод абітурыентаў.
Нядаўна рэктарат БДУ прыняў рашэнне аб тым, што ўсе іншагароднія студэнты 1 курса прыродазнаўчанавуковых спецыяльнасцей будуць забяспечаны месцамі ў інтэрнаце. Сярод першакурснікаў гуманітарных спецыяльнасцей месцы ў інтэрнаце атрымаюць 80%.

Фестываль факультэтаў

У суботу, 28 сакавіка, у БДУ пройдзе фестываль факультэтаў (Ліцэй БДУ, вул.Ульянаўская, 8). У гэты дзень вядучы ўніверсітэт краіны прэзентуе абітурыентам свае спецыяльнасці, адукацыйныя і навуковыя дасягненні. Будучыя студэнты атрымаюць магчымасць задаць пытанні выкладчыкам, прафесарам і нават рэктару. Пра асаблівасці прыёму і парадак паступлення ў БДУ раскажуць прадстаўнікі прыёмнай камісіі. Для абітурыентаў будзе арганізавана індывідуальнае кансультаванне.
На сёлетнім фестывалі ўлічаны інтарэсы школьнікаў з аддаленых рэгіёнаў: для іх будзе праведзена анлайн-канферэнцыя з удзелам рэктара БДУ акадэміка Сяргея Абламейкі. Прамая трансляцыя пачнецца на афіцыйным сайце БДУ ў 13.00. Жадаючыя могуць задаць свае пытанні непасрэдна падчас эфіру або загадзя пакінуць іх на старонцы БДУ ў сацыяльнай сетцы “УКантакце” (раздзел “Абітурыент БДУ”).

Галіна СІДАРОВІЧ.