Карысныя падарункі

У дзень, калі Гомелю споўнілася 878 гадоў, старшыня аблвыканкама Генадзь Салавей уручыў гораду сертыфікат на суму Br1 млн для ўзвядзення школы ў 96-м мікрараёне Гомеля. Гэта адзін з трох сертыфікатаў. Аналагічныя перададзены для рэканструкцыі прыёмнага аддзялення бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі і ўладкавання чатырох спартыўна-гульнявых пляцовак — па адной у кожным раёне абласнога цэнтра.

На набярэжнай Сожа, дзе была размешчана галоўная сцэна свята, гучалі віншаванні і добрыя пажаданні Гомелю і яго жыхарам. Сотні гараджан розных пакаленняў удзельнічалі ў рабоце музычных і харэаграфічных пляцовак. Установы адукацыі таксама занялі тут сваё дастойнае месца. Генадзь Салавей нагадаў пра тыя падзеі, удзельнікамі якіх сталі сучаснікі:

— Толькі ўсе разам жыхары абласнога цэнтра ствараюць атмасферу горада — утульную і камфортную для жыцця. За апошнія гады ў Гомелі было адкрыта шмат сацыяльных аб’ектаў: тры дзіцячыя сады ў Навабеліцкім раёне, басейн, шматфункцыянальны спартыўны комплекс, лыжаролерная траса, крыты футбольны манеж, паліклініка для жыхароў Гомеля і Гомельскага раёна, школа ў новым мікрараёне, куды 1 верасня прыйшлі звыш тысячы дзяцей. І ўсё гэта вы, гамяльчане, робіце сваім талентам, сваімі рукамі.

Старшыня Гомельскага аблвыканкама падкрэсліў: горад і рэгіён плануюць у перспектыве пабудаваць у Гомелі тры дзіцячыя сады. Не здымаецца з парадку дня вяртанне ў строй басейна “Дэльфін”.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота Ганны ПАШЧАНКА.