Карысныя сустрэчы

Імклівыя змены ў грамадстве ставяць перад навучальнымі ўстановамі новыя задачы, выкананне якіх напрамую залежыць ад прафесійнай кампетэнтнасці настаўнікаў. У кожнай установе адукацыі прымаюцца пэўныя традыцыйныя меры для павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў. Але ці дастаткова гэтага сёння? У сярэдняй школе № 21 Магілёва перакананы: для дасягнення педагогамі высокага прафесійнага ўзроўню неабходна ўкараненне новых форм арганізацыі метадычнай работы.

—Сучасным педагогам неабходна адпавядаць рэаліям часу. Сёння галоўнае патрабаванне да павышэння кваліфікацыі — бесперапыннасць гэтага працэсу. Мы прыйшлі да высновы, што фармальнае павышэнне кваліфікацыі трэба дапаўняць нефармальным. Менавіта ў гэтай інтэграцыі з’яўляецца магчымасць для рэалізацыі прынцыпаў бесперапыннасці павышэння кваліфікацыі ў сістэме дадатковай прафесійнай адукацыі. Зыходзячы з гэтага, у нашай школе быў створаны клуб педагогаў “Карысныя сустрэчы”, — расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Генадзьеўна Райкіна.

Ідэйным натхняльнікам стварэння клуба стаў настаўнік нямецкай мовы Кірыл Васільевіч Кузьміч. Па словах педагога, гэтая ідэя ўзнікла пасля наведвання пасяджэнняў творчай групы настаўнікаў замежнай мовы пры Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

— Я ўсвядоміў, што ў нефармальнай адукацыі прафесіянал часта знаходзіць аптымальныя ўмовы для творчага развіцця сваёй асобы. Захацелася арганізаваць рэгулярныя нефармальныя курсы павышэння кваліфікацыі, якія бу­дуць адпавядаць рэальным запытам настаўнікаў, дзе выбар тэм будзе залежаць ад саміх слухачоў, а таксама стымуляваць іх на асобасны і прафесійны рост. Маю ініцыятыву ўсебакова падтрымала кіраўніцтва нашай навучальнай установы і роўна год назад адбылося першае пасяджэнне клуба педагогаў “Карысныя сустрэчы”, — адзначыў Кірыл Васільевіч.

Клуб стаў пляцоўкай, дзе настаўнікі 21-й школы могуць абменьвацца вопытам, ведамі, уменнямі і навыкамі. Педагогі атрымалі магчымасць расказаць аб цікавых кнігах, якія яны прачыталі, артыкулах, якія напісалі, падзяліцца значнай інфармацыяй, пра якую яны даведаліся на курсах павышэння кваліфікацыі.

— Акрамя таго, улічваючы нефармальны характар мерапрыемства, пасля заслухоўвання дакладаў і адказаў на пытанні ўдзельнікі могуць правесці невялікія майстар-класы або выступленні па тэмах, у якіх яны кампетэнтныя. Кожная сустрэча клуба заканчваецца нефармальным абмеркаваннем за сумесным чаяваннем. Усе выступленні пэўным чынам звязаны з адукацыйнай тэматыкай і носяць дыдактычны або адукацыйны характар, — паведаміла Таццяна Генадзьеўна.

Асноўны прынцып функцыянавання клуба — якасць. Першапачаткова планавалася, што пасяджэнні будуць праводзіцца раз у месяц. Пакуль адбылося пяць сустрэч. Аднак кожная з іх прайшла на высокім узроўні. Педагогі не толькі абмяркоўвалі перадавыя і традыцыйныя адукацыйныя тэхналогіі, дзяліліся прафесійным вопытам і асабістымі ведамі ў розных сферах, але і рабілі для сябе пэўныя адкрыцці, даведваліся шмат новага.

— На адной з сустрэч мы пазнаёміліся з асновамі рытму, вучыліся ігры на перкусіі. Аказалася, што гэта не так проста, як здавалася. Ды і наогул, асвойваць новае — вельмі складана. Такія моманты дазваляюць нам, настаўнікам, стаць на месца нашых вучняў, якія сутыкаюцца з засваеннем новых ведаў практычна штодня, — заўважыла Таццяна Райкіна.

Яшчэ адна важная асаблівасць клуба — яго адкрытасць. Праект ажыццяўляецца на добраахвотнай аснове. Галоўнае, да чаго імкнуцца арганізатары, — стымуляваць педагогаў да самаразвіцця, умацоўваць іх гатоўнасць працаваць над сабой.

— Пакуль наш клуб мае невялікую колькасць удзельнікаў. Але мы працуем над тым, каб змяніць стаўленне да мерапрыемстваў па прафесійнай адукацыі. Імкнёмся, каб настаўнікі станавіліся іх удзельнікамі не таму, што трэба, а таму, што хочацца, таму, што гэта сапраўды цікава, — падкрэсліў Кірыл Кузьміч.

Клуб “Карысныя сустрэчы” існуе ўсяго год, але ён ужо даказаў сваю патрэбнасць і значнасць. Нефармальныя пасяджэнні дапамаглі шматлікім педагогам раскрыць асабісты патэнцыял, узбагаціць метадычную скарбонку і павысіць прафесійны ўзровень. Калектыў сярэдняй школы № 21 упэўнены: рэалізацыя падобных праектаў дасць магчымасць ака­заць станоўчы ўплыў на павышэнне прафесійнага майстэрства настаўнікаў, а значыць, і на павышэнне якасці адукацыі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.