Карысць ад працы на зямлі

У Раснянскай дзяржаўнай дапаможнай школе-інтэрнаце Дрыбінскага раёна знайшлі дзейсны спосаб эканоміі бюджэтных сродкаў, развіцця пазабюджэтнай дзейнасці і адначасова эфектыўнага працоўнага выхавання навучэнцаў.

Нейкай інавацыйнасці ў ім няма. Усё даволі проста: тут старанна займаюцца ўсебаковай апрацоўкай вялікай тэрыторыі, якая прылягае да навучальнай установы. Ні адзін куток зямлі вакол школы-інтэрната, а яе агульная плошча 2 гектары, не пустуе. Прылеглая тэрыторыя напоўнена кветнікамі, рознымі малымі архітэктурнымі формамі, створанымі ўласнымі сіламі педагогаў і навучэнцаў. На прышкольным участку ёсць пладовы сад, вырошчваюцца розныя агароднінныя культуры, прычым не толькі ў адкрытым грунце, але і ў спецыялізаваных цяпліцах.

— Цяпліцы былі пабудаваны даволі даўно на спонсарскую дапамогу. Усяго ў нас чатыры цяпліцы. Адна зімняя і чатыры вясенне-восеньскія. Усе яны прыносяць значную карысць нашай установе, — адзначыла намеснік дырэктара ўстановы па вучэбнай рабоце У.А.Гурковіч.

Паводле яе слоў, работы ў цяпліцы пачынаюцца яшчэ ўзімку. Дзякуючы карпатлівай працы вучняў і настаўнікаў, навучальная ўстанова ўжо ў пачатку вясны мае свежую агародніну. Уся прадукцыя даволі паспяхова рэалізоўваецца. Прычым на продаж ідзе не толькі агародніна, але і разнастайныя саджанцы, як агародніны, так і кветак.

Заробленае ад гэтай дзейнасці пазней выкарыстоўваецца на розныя патрэбы школы-інтэрната. Вынікі працы на прышкольным участку таксама дазваляюць установе эканоміць бюджэтныя рэсурсы. Вырашчанае ўласнымі сіламі тут выкарыстоўваюць для патаннення харчавання ў школьнай сталовай.

Адметна, што да земляробчых работ актыўна далучаюцца навучэнцы. Яны рэгулярна разам з настаўнікамі шчыруюць на прышкольным участку ў пазаўрочны час. Такім чынам хлопцы і дзяўчаты далучаюцца да працы, усведамляюць усю складанасць і значнасць работы на зямлі, у сельскай гаспадарцы. Дарэчы, з будучага навучальнага года ў Раснянскай дапаможнай школе-інтэрнаце плануюць адкрыць класы паглыбленай прафесійнай і сацыяльнай адаптацыі па профілях “Агародніцтва” і “Рабочы зялёнага будаўніцтва”, навучанне ў якіх дазволіць выпускнікам адпраўляцца ў дарослае жыццё ўжо з наяўнасцю рабочай прафесіі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.