Карысць велапаходаў

- 9:26Авторские колонки, Мнение

Ігар ГРЭЧКА

 

 

 

 

 

 

Пачалося доўгачаканае лета. А якое лета без падарожжаў па родным краі! Вандраваць можна пешшу, на аўтамабілі, цягніку, экскурсійным аўтобусе. Асабіста мне, як і многім педагогам, падабаюцца велапаходы.

Палюбіць іх рамантыку вельмі проста. Для гэтага дастаткова ў добрай кампаніі і з добрым настроем пераадолець на двухколавым сябры хаця б адну сотню кіламетраў. Ты ўжо ніколі не забудзеш, як вакол цябе павольна праплываюць маляўнічыя краявіды, як блішчыць на спіцах сонца, як тваё ўзмакрэлае ад доўгай дарогі цела абвявае лагодны вецер. Вярнуўшыся з велапаходу, захочаш зноў перажыць гэтыя эмоцыі, таму літаральна на наступны дзень пачнеш планаваць чарговы маршрут.

Велатурызм — гэта любоў з першай сотні кіламетраў і на ўсё жыццё. Пры ўмераных фізічных нагрузках ён павышае вынослівасць, з’яў­ляецца выдатнай прафілактыкай сардэчна-сасудзістых захворванняў, а пры правільным педагагічным падыходзе становіцца добрым памочнікам у выхаванні маладога пакалення.

Думаю, вы з цікавасцю прачыталі ў мінулым нумары ўспаміны дырэктара Столінскай дзяржаўнай гімназіі Міхаіла Дзям’янавіча Казулі пра падарожжа ў далёкім 1986 годзе ўдзельнікаў велатурыстычнага гуртка Стружскай сярэдняй школы па рэспубліках былога Савецкага Саюза.

Каб зарабіць грошы і адправіцца ў паход, вучні разам з настаўнікам кожную нядзелю ездзілі на Гарынскі кансервавы завод, дзе чысцілі вялізныя кантэйнеры цыбулі. Вывучалі геаграфію будучага маршруту, будову веласіпеда, трэніраваліся фізічна, а таксама выпраўлялі дрэнныя адзнакі, бо з двойкамі і тройкамі ў паход не бралі. Вось дзе была матывацыя! Але не толькі жаданне пабачыць экзатычныя мясціны Сярэдняй Азіі прымушала тагачасных школьнікаў старанна вучыцца. Не меншай матывацыяй была магчымасць правесці час у кампаніі аднакласнікаў і цудоўных педагогаў.

Хоць і мінула 13 гадоў, а мне да дробязей помніцца велапаход па ваколіцах Зэльвенскага вадасховішча разам з юнымі турыстамі і настаўнікам геаграфіі Сялявіцкай базавай школы Слонімскага раёна Сяргеем Кузьмічом Клёсавым. Для педагога такія велапаходы з’яўляюцца магчымасцю не толькі наведаць цікавыя мясціны роднага краю, але і бліжэй спазнаць сваіх вучняў.

На думку Сяргея Кузьміча, нефармальная атмасфера падарожжа дапамагае зразумець характар, інтарэсы дзіцяці, знайсці новыя падыходы ў яго выхаванні. А прыгажосць, якую падчас велапаходаў бачаць настаўнікі і вучні, не вымяраецца ніякімі баламі, рэйтынгамі, лічбавымі або колькаснымі паказчыкамі, затое яна вымяраецца добрым настроем і ўспамінамі — тым, без чаго немагчыма паспяхова займацца выхаваўчай работай.

З кожным годам на дарогах і тратуарах нашай краіны, як і ва ўсім свеце, павялічваецца коль­касць веласіпедыстаў. Нездарма 3 чэрвеня адзначаецца Сусветны дзень веласіпеда. Некаторыя людзі набываюць веласіпед, кіруючыся модай або “за кампанію”, аднак пераважная большасць сучасных велааматараў заводзіць двухколавых сяброў з мэтай адпачыць ад штодзённай мітусні, атрымаць станоўчыя эмоцыі, умацаваць здароўе і, канечне, спазнаць родны край. Хіба гэта не добрая нагода пасябраваць з веласіпедам?