Каштоўнасць адукацыі — навучыць жыць тут і цяпер

У першай дэкадзе красавіка ў Мінскім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі прайшла двухдзённая адкрытая гарадская навукова-практычная канферэнцыя “Якасць сучаснай адукацыі: ад прафесіяналізму настаўніка — да кампетэнтнасці навучэнцаў” (з міжнародным удзелам). Удзельнікамі мерапрыемства сталі 178 чалавек з Беларусі, Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Малдова.

У канферэнц-зале сабраліся кіраўнікі і педагогі ўстаноў адукацыі, універсітэцкія выкладчыкі, навуковыя супрацоўнікі, аспіранты, прадстаўнікі сістэмы дадатковай адукацыі дарослых.

У праблемнае поле канферэнцыі былі ўключаны: кампетэнтнасны падыход як метадалагічная аснова павышэння якасці сучаснай адукацыі, практычныя аспекты яго рэалізацыі; актуальныя праблемы і сучасныя падыходы да рэалізацыі профільнага навучання і дапрофільнай падрыхтоўкі; сучасныя тэхналогіі псіхалагічнага суправаджэння навучэнцаў; метадычнае забеспячэнне псіхолага-педагагічнага суправаджэння адукацыйнага працэсу; педагагічныя тэхналогіі ў інклюзіўнай адукацыі.

У цэнтры ўвагі былі асаблівасці фарміравання і развіцця нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці навучэнцаў, развіццё кіраўніцкіх кампетэнцый кіраўніка ўстановы адукацыі, псіхолага-педагагічныя ўмовы развіцця прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў, электронныя адукацыйныя рэсурсы як фактар павышэння якасці адукацыі, развіццё інфармацыйнай кампетэнтнасці педагога ва ўмовах мадэрнізацыі адукацыйнага асяроддзя.

Рэктар Кішынёўскага інстытута бесперапыннай адукацыі (Малдова) прафесар Сямён Кайсын у сваім выступленні гаварыў пра павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў у лічбавую эпоху. Сямён Мацвеевіч заўважыў, што прадукцыйнасць працы настаўнікаў павышаюць воблачныя тэхналогіі. Разам з тым настрой настаўніка на 30% уздзейнічае на поспех вучня, а веды — толькі на 10%. Вялікі ўплыў на вучнёўскі поспех аказвае і асяроддзе. Сёння яно лічбавае, і гэта трэба ўлічваць.

Каб уплываць на вучня, настаўнік павінен быць падкаваны ў сучасных інфармацыйных тэхналогіях. Сёння для павышэння кваліфікацыі існуе вялікая колькасць розных электронных сэрвісаў. Адным з папулярных у педагагічным асяроддзі з’яўляецца Kahoot — бясплатная платформа для навучання ў гульнявой форме, падыходзіць для любога вучэбнага прадмета і любога ўзросту.

Намеснік дырэктара Выбаргскага інстытута (філіяла) Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта Вольга Абухова пазнаёміла са сваёй навучальнай установай і засяродзіла ўвагу на галоўным прызначэнні рэгіянальнага інстытута. Найперш ён павінен быць цэнтрам бесперапыннай адукацыі. А бесперапынная адукацыя выконвае эканамічныя, сацыяльныя і культуралагічныя функцыі. У Выбаргскім інстытуце вучацца будучыя настаўнікі. Яны ўсведамляюць: адукацыя робіць чалавека шчаслівым. Але каб быць шчаслівым, неабходна не толькі падручнікі штудзіраваць, трэба свае веды прымяняць на практыцы, і тады яны сапраўды зробяць вас шчаслівым.

У цане чалавечы капітал, які трэба штодня ўзмацняць. У гэтай сувязі на першы план выходзіць патэнцыял маладога чалавека — будучыні кожнай краіны. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах Ганна Старавойтава адзначыла, што на перадавой — кіраванне чалавечым патэнцыялам.

Намеснік дырэктара Палаца вучнёўскай моладзі кіраўнік рэсурснага цэнтра дадатковай адукацыі Санкт-Пецярбурга Алена Сафіна падкрэсліла, што вельмі важна падтрымліваць дзіцячыя і юнацкія ініцыятывы. Іх рэалізацыя дае моладзі ўпэўненасць, а таксама стварае платформу для канструктыўнага супрацоўніцтва з дарослымі.

Рэктар Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Ігар Ганчаронак адзначыў, што за ведамі вучня, яго сацыяльнай адаптацыяй стаіць асоба настаўніка, якому выступоўца пажадаў ніколі не здавацца. “Каштоўнасць адукацыі — навучыць жыць тут і цяпер, навучыць вучыцца”, — заўважыў Ігар Іванавіч.

“А яшчэ вырасціць шчаслівага і паспяховага чалавека”, — дадала начальнік упраўлення адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска Наталля Кучынская. Наталля Генадзьеўна адзначыла важнасць вучнёўскага асяроддзя, якое ствараюць настаўнік разам з адміністрацыяй навучальнай установы. У гэтай сувязі важным становіцца фарміраванне кіраўніцкай культуры.

Дырэктар гімназіі № 1 Мінска імя Францыска Скарыны Наталля Бушная расказала, што адукацыйную прастору ў сваёй гімназіі яна разам з калегамі будавала некалькі гадоў. І яна мае прамы ўплыў на гімназістаў, бо матывуе не толькі на вучобу, але і на даследчую дзейнасць, творчую. “Сёння актуальнай становіцца праблема станаўлення асобасных ведаў, якія здабываюцца на аснове самастойнай работы з інфармацыяй. Выпускнік павінен быць гатовы і здольны дзейнічаць за межамі навучальнай установы, таму асаблівае значэнне набывае змест адукацыі”, — зазначыла Наталля Уладзіміраўна.

Падчас канферэнцыі працавалі секцыі, на якіх ішла гаворка пра тэарэтыка-метадычныя аспекты развіцця кампетэнтнасці педагогаў і навучэнцаў, псіхолага-педагагічнае суправаджэнне адукацыйнага працэсу, актуальныя праблемы і сучасныя падыходы да рэалізацыі інклюзіўнай адукацыі. Спецыялісты абмяркоўвалі праектную дзейнасць у выхаваўчай рабоце як рэсурс сучаснай адукацыі, традыцыі і інавацыі ў кіраванні якасцю адукацыі, інфармацыйна-камунікацыйную кампетэнтнасць як фактар развіцця якасці адукацыі.

У рамках канферэнцыі былі праведзены вэбінары “Псіхалагічнае суправаджэнне профільнага навучання” і “Выкарыстанне інавацыйных тэхналогій ва ўмовах інфарматызацыі адукацыі”. Мяркуецца, што ў маі адбудзецца II Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Сучасныя тэндэнцыі развіцця адукацыі: мадэлюем школу будучыні”, на якой будуць падведзены агульныя вынікі вэбінараў і канферэнцый.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота з сайта МГІРА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *