Каштоўнасць дыягностыкі

- 7:35Інклюзія, Сацыяльны ракурс

Стратэгія псіхолага-педагагічнага суправаджэння асаблівых вучняў залежыць ад дыягностыкі, сутнасць якой заключаецца не толькі ў канстатацыі негатыўных фактаў, але і ў выяўленні інтэлектуальнага і асобаснага патэнцыялу дзяцей. 

У ідэале ў склад школьнай групы суправаджэння ўваходзіць шырокае кола педагогаў. Кожны з іх праводзіць дыягностыку ў сваёй сферы. Але даволі часта ў сельскай школе няма настаўніка-дэфектолага і педагога-псіхолага. У такім выпадку амаль усю работу даводзіцца выконваць класнаму кіраўніку інтэграванага класа. Многія з іх сутыкаюцца з пэўнымі цяжкасцямі ў правядзенні дыягностыкі і апрацоўцы атрыманых вынікаў.  

Пры арганізацыі першаснай, прамежкавай і выніковай дыягностыкі асаблівую ўвагу ўдзяляю вывучэнню інтарэсаў і схільнасцей дзяцей, іх сацыяльнага статусу ў калектыве, праблем, звязаных з камунікацыяй, узроўню самаацэнкі і запытаў, агульнага фізічнага стану і праблем са здароўем.

Многія высновы раблю падчас назіранняў за дзецьмі і гутарак з іх бацькамі. Некаторыя аспекты трымаю на кантролі і даследую не менш за два разы на працягу навучальнага года (сацыяльны статус дзіцяці ў калектыве і ўзровень камфорту пры зносінах з аднакласнікамі). Для гэтага выкарыстоўваю сацыяметрычнае даследаванне, назіранне і анкетаванне. 

Вельмі часта ў дзяцей з АПФР ёсць хранічныя захворванні і пэўныя асаблівасці (зніжэнне зроку ці слыху, парушэнне паставы), якія абавязкова неабходна ўлічваць у рабоце. Таму ўважліва вывучаю штогадовыя медыцынскія даведкі.  

Упершыню знаёмячыся з асаблівым дзіцем, назіраю за яго работай на ўроку, звяртаю ўвагу на тэмп дзейнасці, узровень самастойнасці, працаздольнасць. Пры складанні каляндарна-тэматычнага планавання праводжу дыягностыку ступені засваення раней вывучанага матэрыялу. Уносячы ў табліцу ключавыя веды і ўменні, якімі ў адпаведнасці з праграмай павінен быў авалодаць вучань у мінулым навучальным годзе, прапаную яму выканаць шэраг заданняў і адказаць на пэўныя пытанні. З дапамогай умоўных абазначэнняў фіксую атрыманыя вынікі. Затым, зыходзячы з гэтых звестак, вызначаю колькасць урокаў, неабходную для паўтарэння, і планую, пры вывучэнні якіх тэм можна замацаваць дрэнна засвоены вучэбны матэрыял. 

Традыцыйна самыя вялікія цяжкасці звязаны з дыягностыкай пазнавальнай, матывацыйнай і эмацыянальна-валявой сферы дзіцяці, а таксама асаблівасцей яго маўленчага развіцця, якія непасрэдным чынам уплываюць на ўзровень засваення вучэбнага матэрыялу. Гэтым займаюцца педагог-псіхолаг і настаўнік-дэфектолаг. Што рабіць, калі іх няма? 

Паколькі карэгіраваць і развіваць памяць, адвольную ўвагу, успрыманне, мысленне, звязнае маўленне, самастойнасць, самакантроль, устойлівую вучэбную матывацыю і працаздольнасць трэба на кожных занятках, класнаму кіраўніку інтэграванага класа неабходна засвоіць хаця б азы гэтай дыягностыкі і прыёмы развіцця пазнавальнай сферы дзіцяці.

Дзякуючы інтэрнэту, можна знайсці вялікую колькасць дыягнастычнага інструментарыя, адаптаванага да выкарыстання як педагогамі, так і бацькамі вучняў. У сваёй рабоце прымяняю два віды дыягнастычных табліц, дзе адзначаю ступень развіцця памяці, мыслення, увагі, успрымання, прасторавай арыенціроўкі, маторыкі, моўнага аналізу і сінтэзу, фанематычнага слыху і звязнага маўлення, а таксама адсочваю дынаміку іх карэкцыі. У адпаведнасці з раздзеламі распрацавала дыягнастычны інструментарый: малюнкі, карткі, заданні, дыдактычныя гульні.

Вынікі дыягностыкі абмяркоўваю на пасяджэннях групы псіхолага-педагагічнага суправаджэння. Вельмі важна, каб усе яе ўдзельнікі не толькі азнаёмілі адно аднаго з атрыманымі звесткамі, але і выпрацавалі агульную стратэгію, падзяліліся эфектыўнымі прыёмамі і спосабамі арганізацыі вучэбнай і пазаўрочнай дзейнасці дзяцей для найбольш паспяховага вырашэння пастаўленых задач.

Зінаіда ДУБІНЕЦКАЯ,
настаўніца пачатковых класаў, настаўнік-дэфектолаг
Плешчыцкай сярэдняй школы Пінскага раёна.