Каштоўнасць міру

53 гады назад на ўскраіне вёскі Вуглы Валожынскага раёна быў узведзены помнік 38 мірным грамадзянам, якіх расстралялі акупанты 7 жніўня 1943 года. На ім надпіс: “Вечная памяць тым, хто загінуў ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Не зарастае да помніка народная сцяжына. Асабліва шмат людзей тут бывае на Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі).


Маёй Беларусі
Ты для мяне каралеўна
З вачыма блакітных азёр,
З зялёнымі косамі-росамі,
Якімі шуміць кожны бор.

Ты для мяне сястрыца,
Што дорыць усмешку сваю,
Калі ў жытнёвым полі
Песню пачую тваю.

Ты для мяне матуля,
Да сэрца твайго я тулюся,
Агортвае радасць мяне,
Калі да рэк-рук дакрануся.

Што буду мець я ў жыцці,
З чым добрым я сутыкнуся,
У далонях сваіх прынясу
Радзіме маёй — Беларусі!

Генрыка СЯНЬКО,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 14 Ліды.


На помніку — імёны 37 чалавек: 15 — з прозвішчам Лямбовіч, 8 — Лялей, 7 — Бібік, 3 — Раманчык, 4 — Ждановіч. Адно прозвішча не выбіта, замест яго толькі… пустая графа. Мала хто з прадстаўнікоў маладога пакалення ведае, што ж адбылося 7 жніўня 1943 года. Вёска Вуглы знахо­дзіцца каля Налібоцкай пушчы, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны дыслацыраваліся розныя партызанскія атрады.

Ад старэйшых вяскоўцаў мы даведаліся, што ў сярэдзіне ліпеня 1943 года фашысты знішчалі лясныя вёскі разам з людзьмі, каб партызанам не было прытулку. Такі ж лёс напаткаў і вёску Вуглы: у агні было знішчана 68 сядзіб. Раніцай 7 жніўня з’явіліся карнікі. Лю­дзей расстралялі каля самай ямы, у якую дагэтуль вуглянцы ссыпалі на зіму бульбу. Падалі туды мёртвыя і параненыя, дарослыя і дзеці, старыя і немаўляткі. Скончылася вайна. Адбудавалася спаленая вёска. Вярнуліся сюды жывыя сведкі тых падзей — не маглі пакінуць родныя мясціны. І ніколі не забываліся людзі пра блакаду, пра той страшны жнівеньскі дзень і пра тое месца каля самай пушчы. А ў 1967 годзе на сродкі колішняга калгаса “Рассвет” тут быў устаноўлены абеліск, на якім выбіты імёны 37 чалавек.

Паколькі на помніку выбіты імёны людзей з аднолькавымі прозвішчамі, то, напэўна, сярод забітых былі цэлыя сем’і. Працуючы над гэтым пытаннем, мы з вучнямі вывучалі матэрыялы кнігі “Памяць. Валожынскі раён”, інтэрнэт-рэсурсаў, публікацыі газеты “Працоўная слава”, размаўлялі з відавочцамі тых падзей. Столькі гадоў прайшло… Прыходзілася збіраць матэрыял па крупінках. Для нас была важнай любая дробязь. Сарафіна Казіміраўна Адамовіч, якой зараз 86 гадоў, расказала нам, што забіты Іосіф Лямбовіч быў яе родным дзядзькам. У той дзень расстралялі яго жонку, брата, 4-гадовага сына Зянонку і дачку Рому, якой было 11 гадоў. Старэйшая 18-гадовая Яніна засталася жывой, бо паспела схавацца ў лесе. А 15-гадовы Альфонс партызаніў з зімы 1943 года. Мы высветлілі, што ў вёсцы Вуглы было расстраляна 6 сем’яў: Іосіфа Лямбовіча, Міхаіла Лямбовіча, Івана Лямбовіча, Гунэфы Лялей, Івана Раманчыка і Вікенція Ждановіча. Сярод загінуўшых было 11 дзяцей. Акрамя таго, сярод расстраляных былі людзі, не звязаныя сваяцкімі адносінамі. Таксама мы даведаліся, што ў пустой графе павінна быць імя маладой дзяўчыны Флярыны, якая прыслужвала ў адной з сем’яў і 7 жніўня разам з астатнімі жыхарамі Вуглоў апынулася ў той хаце. Прозвішча не напісалі, таму што ніхто яго не ведаў. Было ёй гадоў 20. І засталася яна пахаваная там, дзе стаіць помнік. Старэйшыя людзі нам сказалі: “І радні не мела, а магілка дагле­джаная. І кветкі ёсць, і вянкі нясуц­ь. Шчаслівая…”

Калісьці ў памяць аб расстраляных вучнямі мясцовай школы была пасаджана алея. Сёння тут красуюцца магутныя ліпы. А побач з імі выраслі стройныя, гонкія бярозы-самасейкі. Здаецца, што ў іх пошуме чуецца шэпт тых, хто загінуў ад рук нацыстаў у 1943 годзе. А нам варта прыслухацца да іх голасу, да голасу сваёй душы, сваёй памяці, каб любой цаной зберагчы мір.

Тамара БІБІК,
настаўніца пачатковых класаў Сівіцкага дзіцячага сада — базавай школы Валожынскага раёна.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.