Каштоўнасць пазакласнай работы

Выхаванне — неад’емная частка адукацыйнага працэсу, якая патрабуе кампетэнтнаснага падыходу. Задача школы заключаецца ў асобасным развіцці вучняў, раскрыцці іх творчага патэнцыялу, фарміраванні ключавых сацыяльных кампетэнцый. Педагогі павінны дапамагаць дзецям не толькі ўсвядоміць свае магчымасці, але і стварыць належныя ўмовы для іх аптымальнага развіцця. Асаблівую ролю ў гэтым адыгрывае дзейнасць класнага кіраўніка. 

Сучаснае развіццё грамадства падштурхоўвае педагогаў да пошуку новых падыходаў у рабоце і змен у традыцыйнай выхаваўчай сістэме з улікам існуючай духоўна-маральнай і сацыяльна-эканамічнай сітуацыі. Падчас работы з класам узнікае шмат важных пытанняў па арганізацыі выхаваўчага працэсу: “Як зацікавіць вучняў класнымі і інфармацыйнымі гадзінамі?”, “Як павысіць матывацыю дзяцей і далучыць іх да актыўнай дзейнасці?”, “У якой форме праводзіць бацькоўскія сходы, каб мамы і таты хацелі прыйсці на іх зноў?”, “Як вучыць і выхоўваць сучасных дзяцей, якія ў інфармацыйна-камп’ютарных тэхналогіях арыентуюцца лепш, чым многія педагогі?” і інш. 

Выхаваўчая дзейнасць павінна быць накіравана на дасягненне пэўнага выніку і ўліч­ваць новыя формы і метады арганізацыі работы з класам. Неабходна прыдумваць мерапрыемствы, якія з цягам часу стануць традыцыйнымі і дапамогуць у пачатку сфарміраваць згуртаваны вучнёўскі калектыў. Безумоўна, у 5 класе не абысціся без гульнявых метадаў, што фарміруюць у дзяцей правільныя адносіны да навакольнага свету і важныя асобасныя якасці — камунікабель­насць, неканфліктнасць, ураўнаважанасць, стрэсаўстойлівасць, самакантроль, самарэгуляцыю паводзін, упэўненасць, уменне кіраваць сваім часам. З гэтай мэтай праводжу конкурсы “Давайце, дзяўчынкі!”, “Рыцарскі турнір”, “Дзень Святога Валянціна” і інш.

Пры арганізацыі суботніх мерапрыемстваў напаўняю гульнявыя формы работы цікавым і захапляльным зместам, заклікаю дзяцей не саромецца паказваць свае здольнасці. “Экалагічны марафон” і “Павуціна” дапамагаюць хлопчыкам і дзяўчынкам раскрыць музычны і мастацкі патэнцыял. Актыўна прыцягваю да суботніх мерапрыемстваў бацькоў.

Асноўнымі формамі выхаваўчай работы застаюцца тэматычныя класныя гадзіны, якія раскрываюць нормы маралі, выхоўваюць патрыятызм і сацыяльна-грамадзянскую пазіцыю школьнікаў. Практыкую класныя гадзіны з удзелам спецыялістаў розных службаў і бацькоў. Дзецям вельмі запомніліся сустрэчы з воінамі-інтэрнацыяналістамі, афіцэрамі запасу і інш. 

Дзякуючы цеснаму ўзаемадзеянню з сацыяльна-псіхолага-педагагічнай службай школы, вучні спрабуюць сябе ў ролі валанцёраў, удзельнічаюць у трэнінгах роўнага навучання і г.д.

Пры арганізацыі выхаваўчых мерапрыемстваў звяртаюся да метаду калектыўных творчых спраў, які дапамагае самаактывізацыі, самарэгуляванню, самакантролю і самаацэнцы вучняў. Многія з іх падыходзяць да рэалізацыі ўласных ідэй і задум творча, з выкарыстаннем ІКТ. Так, па выніках раённага конкурсу відэаролікаў “Мы — за здаровы лад жыцця!” вучні майго класа занялі 3-е месца.

Не застаюцца выхаванцы ў баку ад акцый “Чысты горад” і “Школьны двор — тэрыторыя чысціні”. На канікулах праводзіцца акцыя “Чысты клас”.

Шмат увагі ўдзяляю рабоце органаў школьнага самакіравання. Заклікаю актывістаў крытычна ацэнь­ваць свае справы і ўчынкі, не крыўдзіцца на заўвагі аднакласнікаў. Дзейнасць органаў вучнёўскага самакіравання фарміруе каштоўнасныя і камунікатыўныя кампетэнцыі школьнікаў. 

Напрыканцы кожнай чвэрці на класным сходзе агульным рашэннем ацэньваюцца паводзіны кожнага вучня, аналізуецца яго ўдзел у справах класа.

На класных гадзінах, прысвечаных дзяржаўнай сімволіцы, важным гістарычным падзеям і героям Вялікай Айчыннай вайны, дзеці адчуваюць гордасць за Радзіму і землякоў. У вучняў фарміруецца грамадзянская самасвядомасць. Акрамя таго, яны вучацца працаваць з інфармацыяй і прэзентаваць яе ў мультымедыйнай форме (“Піянеры-героі Вялікай Айчыннай вайны”, “Ганцавіцкаму раёну — 75”). 

Падчас дзён здароўя, турыстычных паходаў і класных гадзін пра шкоду курэння і наркотыкаў школьнікі далучаюцца да здаровага ладу жыцця, вучацца арганізоўваць вольны час з карысцю. Гэта дапамагае самаўдасканальвацца. Надоўга запомніўся вучням паход на Горнае возера, арганізаваны бацькамі.

Экскурсіі за межы горада і раёна пашыраюць кругагляд дзяцей, фарміруюць навыкі паводзін у грамадскіх месцах. Вучні неаднаразова бывалі ў Мінску, дзе наведалі культурныя, спартыўныя і іншыя аб’екты.

Дзякуючы цеснаму ўзаемадзеянню з бацькамі, на працягу двух гадоў мой клас перамагаў у школьным конкурсе па зборы металалому.  

Вопыт паказвае, што выхаваўчыя мерапрыемствы, калектыўныя і творчыя справы добра фарміруюць у вучняў шэраг важных асобасных кампетэнцый.

Іна СЯРГЕЙЧЫК,
настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 1 Ганцавіч.