Каштоўнасць праблемнага навучання

- 12:16Навіны рэгіёнаў

Развіццё пазнавальнай актыўнасці і самастойнага мыслення вучняў — адзін з важных напрамкаў педагагічнай дзейнасці настаўніцы матэматыкі Юліі Вітальеўны Шумаковай з сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава Брэста. Фарміраваць вучэбна-пазнавальныя, каштоўнасныя і камунікатыўныя кампетэнцыі ў дзяцей педагогу дапамагае тэхналогія праблемнага навучання.

— Работа настаўніка матэматыкі не павінна абмяжоўвацца толькі тым, каб даць школьніку пэўныя матэматычныя веды, — гаворыць Ю.В.Шумакова. — Задача педагога — навучыць мысліць рацыянальна, выбіраць аптымальны варыянт рашэння, пераканаўча даказваць уласны пункт гледжання. Многія настаўнікі, асабліва ў першыя гады работы, сутыкаюцца з нізкім пазнавальным інтарэсам школьнікаў да вывучэння матэматыкі, невысокім узроўнем іх самастойнай дзейнасці на ўроках, няздольнасцю крэатыўна мысліць. Вопыт паказвае, што адным з найбольш эфектыўных сродкаў павышэння пазнавальнай актыўнасці вучняў з’яўляецца праблемнае
навучанне. Пад кіраўніцтвам педа­го­га ствараюцца праблемныя сітуацыі, арганізоўваецца актыўная самастойная дзейнасць школьнікаў па вырашэнні гэтых сітуацый, у выніку чаго ў навучэнцаў фарміруюцца вучэбна-пазнавальныя кампетэнцыі, развіваецца творчы патэнцыял. Настаўнік павінен дапамагчы дзецям убачыць асноўную праблему пазнавальнага задання і акрэсліць план пошуку шляхоў выхаду з узніклай сітуацыі, пабудзіць да актыўнай пошукавай дзейнасці. У аснове праблемнай сітуацыі ляжыць пазнавальная задача, якая характарызуецца супярэчнасцю паміж наяўнымі ведамі і ўменнямі і новай інфармацыяй.

Ю.В.Шумакова лічыць, што галоўным крытэрыем паспяховага стварэння праблемных сітуацый з’яўляецца мэта, якую ставіць перад сабой настаўнік. Юлія Ві­тальеўна выкарыстоўвае розныя спосабы іх стварэння: пабуджае вучняў да тэарэтычнага тлумачэння з’яў, фактаў і знешняй неадпаведнасці паміж імі, звяртаецца да вучэбных і жыццёвых сітуацый, якія ўзнікаюць пры выкананні практычных заданняў у школе ці дома, падштурхоўвае школьнікаў да параўнання, супастаўлення і супрацьпастаўлення фактаў, з’яў, правіл і дзеянняў, прапаноўвае вучэбныя практычныя заданні для тлумачэння пэўных законаў або правіл і пошуку шляхоў іх практычнага прымянення.

— Выкарыстоўваю праблемнае навучанне на розных этапах урока, — расказвае Ю.В.Шумакова. — Так, на арганізацыйна-матывацыйным этапе прапаноўваю задачу, якая рашаецца толькі з апорай на жыццёвы вопыт вучняў і ўлічвае іх кемлівасц­ь. Затым даю задачу на трэніроўку памяці і назіральнасці, пошук заканамернасцей у вядомым матэрыяле: запісваю на дошцы ўраўненні і адказы да іх, сярод якіх ёсць правільныя і няправільныя, прапаноўваю праверыць іх; запісваю на дошцы рашэнне прыкладу (задачы) з найбольш частымі памылкамі і прапаноўваю знайсці іх. На аперацыйна-пазнавальным этапе звяртаюся да прыёму “мастацтва ставіць пытанні”, які прадугледжвае складанне матэматычнай мадэлі задачы пры дапамозе ўраўнення. Акрамя таго, пры вывучэнні правіл і формул выкарыстоўваю кагнітыўныя схемы, якія ўяўляюць сабой абагульненую і стэрэатыпізаваную форму захоўвання інфармацыі пэўнай прадметнай галіны. У многіх выпадках найбольш эфектыўнай з’яўляецца мадэль святлафора. Пры рашэнні найпрасцейшых трыганаметрычных ураўненняў гэтая мадэль прымяняецца для захоўвання інфармацыі пра іх карані, а таксама для даследавання рашэння ўраўненняў у залежнасці ад значэння параметра. Такім чынам, мадэль святлафора выконвае функцыю захоўвання і перапрацоўкі інфармацыі. Гэтую мадэль мэтазгодна выкарыстоўваць і пры вывучэнні квадратных ураўненняў, калі яна дапамагае класіфікаваць колькасц­ь іх каранёў і ажыццяўляц­ь самакантроль, і пры раскрыцці знака модуля.

На кантрольна-карэкцыйным этапе ўрока настаўніца, вяртаючыся да мэты, пастаўленай у яго пачатку, абмяркоўвае з вучнямі, ці дасягнута яна. Дзеці называюц­ь самыя цікавыя і самыя цяжкія для іх заданні, выказваюцца пра пазнавальную каштоўнасць заняткаў. Педагог прапаноўвае вучням запоўніць ліст ацэньвання ведаў.

— Выкарыстанне розных прыёмаў тэхналогіі праблемнага навучання дазволіла актывіза­вац­ь пазнавальны інтарэс вучняў 6—8 кла­саў да матэматыкі, павысіць якасць ведаў дзяцей, навучыць іх аргументаваць свае думкі і ацэньваць сябе, знахо­дзіць рацыянальныя спосабы выканання заданняў, — адзначае Ю.В.Шумакова.

Па выніках раённага конкурсу “Мультымедыйны ўрок у адукацыйнай практыцы педагога” метадычная распрацоўка ўрока матэматыкі з выкарыстаннем тэхналогіі праблемнага навучання, падрыхтаваная настаўніцай, атрымала дыплом І ступені.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.