Каштоўнасць праектнай дзейнасці

- 13:20Навіны рэгіёнаў

Праектны метад навучання ўяўляе сабой гнуткую мадэль арганізацыі адукацыйнага працэсу, арыентаваную на творчую самарэалізацыю дзяцей, развіццё іх інтэлектуальных здольнасцей і валявых якасцей, а таксама на самастойную дзейнасць, якая выконваецца ў парах ці групах на працягу пэўнага часу і прадугледжвае вырашэнне пэўнай праблемы. 

Мэта героіка-патрыятычнага праекта “Нам гэты свет завешчана берагчы”, рэалізаванага ў 2014/2015 навучальным годзе, заключалася ў тым, каб данесці да дашкольнікаў ролю подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У рамках праекта праходзілі тэматычныя заняткі, гульні, святочныя і забаўляльныя мерапрыемствы, экскурсіі і мэтавыя прагулкі па памятных мясцінах. Наша работа была адзначана дыпломам ІІ ступені на XVI Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі. 

На дасягнутым мы не спыніліся. У 2015/2016 навучальным годзе ва ўстанове быў рэалізаваны інфармацыйна-даследчы праект “Чароўны свет паперы”, які па выніках абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Я — даследчык!” атрымаў дыплом ІІІ ступені. У рамках праекта старэйшыя дашкольнікі азнаёміліся з гісторыяй і тэхналогіяй вытворчасці паперы, яе відамі і ўласцівасцямі, навучыліся праводзіць доследы і эксперыменты з ёй, знаходзіць прымяненне другаснай сыравіне, атрымліваць паперу ў дамашніх умовах.

У 2016/2017 навучальным годзе педкалектыў займаўся праектнай дзейнасцю ў галіне сюжэтна-ролевых гульняў. Вынікам плённай работы сталі сцэнарыі-праекты сюжэтна-ролевых гульняў “Медыцынскі цэнтр “Нехварэйка”, “Заагарадок”, “Кафэ “Вітамінка”, “Служба ратавання 112” і “Магазін “У Лунціка”, прэзентаваныя на раённым кірмашы педагагічных інавацый устаноў адукацыі Піншчыны. Рэалізуючы гэтыя праекты, выхавальнікі павысілі кампетэнтнасць у пытаннях асаблівасцей гульнявой дзейнасці сучасных дзяцей, авалодалі спосабамі яе педагагічнага суправаджэння, пашырылі тэматычны і сюжэтны дыяпазон гульняў. 

У 2020/2021 навучальным годзе педагогі распрацоўвалі і апрабоўвалі на практыцы экалагічныя праекты. Так, у спецыяльнай рознаўзроставай групе быў рэалізаваны пазнавальна-даследчы праект “Маленькія берагошы”, накіраваны на фарміраванне першасных уяўленняў пра энергазберажэнне і вывучэнне элементарных правіл бяспекі. З дапамогай розных форм і метадаў работы выхавальнікі азнаёмілі дзяцей з тым, як людзі абагравалі свае дамы раней і як абаграваюць сёння, расказалі пра гаручыя карысныя выкапні, сістэматызавалі веды дашкольнікаў пра крыніцы цяпла ў доме і яго рацыянальнае спажыванне.

У рамках даследча-творчага праекта “Сэрца дрэва ў паперы” выхаванцы групы інтэграванага навучання і выхавання атрымалі ўяўленні пра паперу, яе ўласцівасці, працэс вырабу і прымяненне, даведаліся, якую небяспеку ўяўляе высечка лясоў, навучыліся ствараць розныя вырабы. У рамках праекта быў аформлены альбом “Калекцыянер паперы”, праведзены сямейны эксперымент “Незвычайная папера сваімі рукамі”, зладжана экалагічная творчая справа “Другое жыццё кардонных упаковак, папяровых утулак”. 

Выхаванцы другой групы інтэграванага навучання і выхавання прынялі ўдзел у рэалізацыі даследча-творчага праекта “Другое жыццё пластыку”, дэвізам якога сталі словы: “Калі кожнае дзіця і кожны дарослы знойдуць паўторнае прымяненне пластыкавай тары, вырабіўшы з яе цацку ці карысную рэч, то на вуліцах нашых гарадоў і вёсак стане больш чыста і прыгожа”. Мэта праекта — фарміраванне ў дашкольнікаў усвядомленых беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя, вызначэнне адмоўнай ролі пластыку ў жыцці чалавека і прыроды, пошук спосабаў паўторнага выкарыстання пластыкавай тары. 

Педагогі правялі акцыю “Прынясі пластмасавую накрыўку — падары другое жыццё пластыку”. Завяршыўся праект тэматычнай выставай вырабаў.

У старшай групе быў рэалізаваны пазнавальна-даследчы праект з элементамі творчай дзейнасці “Другое жыццё ўпакоўкі”. Дашкольнікі азнаёміліся з гісторыяй узнікнення ўпаковачнага матэрыялу, даведаліся, з чаго вырабляюцца ўпакоўкі, вывучылі якасць іх матэрыялу шляхам доследаў, усвядомілі важнасць праблемы забруджвання навакольнага асяроддзя. 

Праектны метад дазваляе рыхтаваць дзяцей да самастойнай дзейнасці, адыгрывае важную ролю ў сацыяльнай адаптацыі, экалагічным выхаванні, развіцці даследчыцкіх уменняў і навыкаў. 

Аксана АТАНАВА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 4 Пінскага раёна.