Каштоўнасць сацыяльнага валанцёрства

У нашай школе валанцёрства мае даўнія традыцыі і аб’ядноўвае дарослых і дзяцей. Ва ўстанове дзейнічаюць 2 валанцёрскія атрады Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (“Ад сэрца да сэрца”) і 2 ініцыятыўныя групы добраахвотнікаў БРСМ і БРПА (“Добрае сэрца” і “Радасць”). Іх работа будуецца на разнастайнасці форм, актыўным супрацоўніцтве з соцыумам і вялікай зацікаўленасці.

Дэвіз валанцёрскага атрада “Ад сэрца да сэрца”: “Рабі тое, што ты можаш, з дапамогай таго, што маеш, там, дзе ты зараз!” За 3 гады работы атрада, які складаецца са старшакласнікаў, ён стаў сапраўдным цэнтрам валанцёрскай дзейнасці ў школе. Атрадаўцы не толькі здзяйсняюць добрыя ўчынкі, але і знаёмяцца з цікавымі людзьмі, спрабуюць сябе ў розных сферах, вызначаюцца з далейшай прафесіяй.

Валанцёры дапамагаюць дзецям з абмежаванымі магчымасцямі і дзецям, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, ветэранам і адзінокім пажылым людзям. Эмблема атрада ўяўляе сабой 2 птушаняці, што перадаюць адно аднаму свае сэрцы, сімвалізуючы дружбу, узаемадапамогу, бескарыслівасць і дабрыню.

На рахунку валанцёраў шмат цікавых і карысных спраў. Сярод іх — інклюзіўныя і дабрачынныя акцыі (“Разам весела крочыць”, “Падары ўсмешку асабліваму дзіцяці” і інш.). У рамках гарадской ініцыятывы Брэста “Утульнае маляванне” ладзяцца сустрэчы нашых падапечных з прафесійнымі мастакамі. Асноўная задача праекта — фарміраванне станоўчых адносін да дзяцей з АПФР і талерантных адносін да людзей з інваліднасцю з дапамогай сродкаў выяўленчага мастацтва. Такім чынам была створана мастацкая галерэя з партрэтамі выхаванцаў Пружанскага ЦКРНіР. Мы імкнёмся праз мастацтва прыцягнуць увагу грамадства да праблемы сацыялізацыі асаблівых дзяцей, адкрыць для іх новыя магчымасці ў камунікацыі. 

Напрацоўкі па тэме “Інклюзія ў мастацтве, мастацтва ў інклюзіі” былі прадстаўлены на V Міжнароднай канферэнцыі педагогаў спецыяльнай адукацыі “Ад інтэграцыі да інклюзіі”.

Трэба адзначыць, што супрацоўніцтва з брэсцкімі мастакамі дазволіла не толькі рэалізаваць задачы праекта, але і прыцягнуць спонсараў, якія дапамагаюць набываць развіццёвыя гульні, матэрыялы для творчасці і канцылярскія прылады. Назапашаны вопыт лёг у аснову наступнага доўгатэрміновага праекта #МарафонДобра_От Сердца к Сердцу, пляцоўкай якога выступае акаўнт атрада ў “Іnstagram” @ot.serdtsa.k.serdtsu.

У рамках марафону мы прапануем усім жадаючым паўдзельнічаць у дабрачыннасці, асабіста пазнаёміцца з нашымі падапечнымі, адправіць ім пісьмы, паштоўкі ці падарункі. Дзякуючы інфармацыйнай падтрымцы папулярных паблікаў у “Іnstagram”, геаграфія марафону даволі шырокая: Брэст, Жабінка, Бяроза, Івацэвічы, Мінск, Мала­дзечна і інш. У ЦКРНіР ідуць пасылкі, прыходзяць госці. У праекце ўдзельнічалі індывідуальныя прадпрымальнікі, калектывы арганізацый і нават выхаванцы Маладзечанскага інтэрната для дзяцей са слабым зрокам.

Вельмі прыемна, што на Пружаншчыне шмат людзей, якія імкнуцца да добрых спраў і валанцёрства. Наша задача — падказаць ім, куды накіраваць свае сілы і энергію. З кожным праводзіцца вялікая работа: ад першаснай кансультацыі да публікацыі вынікаў у сацыяльных сетках. 

Цікавы напрамак работы атрада — дабрачынны продаж паштовак, створаных па матывах малюнкаў выхаванцаў ЦКРНіР. На прапанову паўдзельнічаць у гэтым адгукнуліся дызайнеры і друкарня. Да адабраных і звярстаных дзіцячых малюнкаў былі падрыхтаваны QR-коды, па якіх можна перайсці ў наш акаўнт. Сёння ўнікальныя паштоўкі прадаюцца ў адным з брэсцкіх кафэ. Такім чынам жыхары абласнога цэнтра могуць далучыцца да дзейнасці нашага атрада.

Яго работа высока ацэнена не толькі на раённым і абласным, але і на рэспубліканскім узроўні. У скарбонцы дасягненняў валанцёраў — больш за 30 узнагарод. Сярод лепшых — Лізавета Саннікава, Яна Жорах і Дзіяна Трушкоўска.

Вопыт работы школьнага валанцёрскага атрада дазваляе сцвярджаць, што яго дзейнасць можа выходзіць далёка за рамкі вучнёўска-бацькоўскага калектыву. Валанцёрства прыносіць карысць усім: разнастайвае міжасобасныя кантакты, выхоўвае важныя маральныя якасці, развівае творчы патэнцыял, падштурхоўвае да самаразвіцця і самаўдасканалення. Актыўная жыццёвая пазіцыя выклікае падзяку і павагу ў іншых.

Наталля БАРМУТА,
педагог-арганізатар сярэдняй школы № 5 Пружан.