Каштоўнасці без меж

Тыдзень музеяў пад дэвізам “Музей для ўсіх” праходзіць ва ўстановах адукацыі Мінскай вобласці з 18 па 23 кастрычніка напярэдадні рэспубліканскага форуму музеяў “Памяць народа ў надзейных руках маладых”. Дзейнасць музеяў — неад’емнае звяно ў сістэме работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні дзяцей. Назіраючы за жыццём краіны, знаёмячыся з яе гісторыяй, культурай, прыродай, асаблівасцямі побыту жыхароў, школьнікі вучацца па-сапраўднаму любіць сваю малую радзіму і шанаваць яе.

На гэтым тыдні ўсе жадаючыя могуць наведаць школьныя экспазіцыі, выставы ў цэнтрах дзіцячай творчасці, установах сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Дарэчы, ва ўстановах адукацыі Міншчыны працуюць 317 музеяў краязнаўчай, літаратурнай, ваенна-патрыятычнай, этнаграфічнай і іншай накіраванасці.  Гэтымі днямі іх дзверы адчынены для наведвальнікаў, якія могуць наведаць шмат займальных і карысных мерапрыемстваў: адкрытыя музейныя заняткі, інтэрактыўныя экскурсіі, выставы-прэзентацыі, лекцыі, круглыя сталы, канферэнцыі, праграмы ў анлайн-  і афлайн-фарматах і іншыя праекты.

Завітаўшы ў школьны музей, можна адчуць самабытнасць культуры беларускага народа, пазнаёміцца з побытам беларусаў у даўніну, калі панавала ручная праца. У музеях Міншчыны можна даведацца не толькі пра этнаграфію краю: шмат экспазіцый прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай вайны, партызанскаму руху, славутым землякам і іх гераічным подзвігам. У музеях мастацкага кірунку сярод мноства творчых работ навучэнцаў Мінскай вобласці аматары жывапісу і дэкаратыўна-прыкладной творчасці напэўна знойдуць, чым пацешыць вока.

Відэапрэзентацыі пра дзейнасць некаторых музеяў Міншчыны можна паглядзець на сайце галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама і Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.


Важна!

У кастрычніку было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж галоўным упраўленнем па адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта і Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры — скарбніцай унікальных рукапісаў, асабістых рэчаў і рэдкіх фотаздымкаў беларускіх пісьменнікаў. Стартавай пляцоўкай супрацоўніцтва стане Мінскі раён, дзе плануецца ў шосты школьны дзень, а таксама падчас канікул правесці шэраг сумесных тэматычных мерапрыемстваў у рамках праекта “Школа актыўнага грамадзяніна”, а таксама культурна-адукацыйных праграм і праектаў, накіраваных на захаванне, вывучэнне і папулярызацыю гістарычна-культурнай і літаратурнай спадчыны Беларусі. Падчас Тыдня музеяў дзевяць філіялаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры таксама гатовы прыняць наведвальнікаў.