“Каштоўны кожны прадмет з выселенай вёскі”

Асаблівасці краязнаўчай работы залежаць ад многіх фактараў: і ад гісторыка-этнаграфічнага рэгіёна, у якім жыве і працуе настаўнік-краязнавец, і ад багацця матэрыяльнай і духоўнай спадчыны краю, якую разам з педагогам вывучаюць юныя аматары даўніны. Ёсць яшчэ адзін важны фактар — узровень забруджанасці мясцовасці радыенуклідамі. Пра адметнасці краязнаўчай работы на тэрыторыях, найбольш пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС, пагутарым з настаўнікам гісторыі гімназіі Чачэрска Мікалаем Іванавічам ЛАГОЙКІНЫМ.

Незвычайная склалася сітуацыя. Пасля Чарнобыля ў зонах адсялення школьнае края­знаўства не толькі не згінула, а наадварот пачало актыўна развівацца. Калі станавіліся бязлюднымі вёскі, закопваліся дамы, калі тысячы людзей былі вымушаны пакінуць родную зямлю і наладж­ваць новае жыццё на чыстых тэрыторыях, экспазіцыі школьных музеяў актыўна папаўняліся этнаграфічнымі прадметамі. Ворнаўская сярэдняя школа на Кармяншчыне, Роўкавіцкі яслі-сад — сярэдняя школа на Чачэршчыне, гімназія Чачэрска — у музеях гэтых устаноў адукацыі захоўваюцца сотні экспанатаў, зной­дзеных Мікалаем Іванавічам за амаль 30 гадоў у Чачэрскім і суседніх Кармянскім і Веткаўскім раёнах.

“Пасля аварыі на ЧАЭС выселеныя вёскі сталі сапраўднымі музейнымі скарбніцамі. Толькі лянівы не наведваўся ў апусцелыя дамы. Края­знаўцы разумелі: пройдзе час — і каштоўныя прадметы будуць страчаны”.

Па словах педагога, пасля аварыі на ЧАЭС выселеныя вёскі сталі сапраўднымі музейнымі скарбніцамі. Толькі лянівы не наведваўся ў апусцелыя дамы. Краязнаўцы разумелі: пройдзе час — і каштоўныя прадметы будуць страчаны. Іх закапаюць разам з дамамі або яны апынуцца пад абваленымі дахамі, тады да іх не дабярэшся. Лю­дзі пры адсяленні забіралі некаторыя прадметы побыту, сямейныя рэліквіі (у першую чаргу іконы, фотаархівы). Аднак зрабіць гэта атрымлівалася не заўсёды. “Мая маці часта з крыўдай гаварыла: “Шкада, што бочкі кінулі, такія ж добрыя!”. Яны былі дубовыя, выдатныя, аднак вялізныя, таму, на жаль, іх не атрымалася перавезці. Я таксама родам з выселенай вёскі. Гэта Асінаўка ў Чачэрскім раёне. У яе трагічны лёс. Гарэла тройчы. Перад Вялікай Айчыннай, потым у вайну (яе спалілі акупанты, праўда, жыхароў не расстралялі). Трэці раз га­рэла пасля Чарнобыля, калі ў зоне адсялення ўзнік пажар і перакінуўся на пустыя дамы. Таму ў музеі гімназіі экспанатаў з маёй роднай вёскі не так многа”, — падзяліўся Мікалай Іванавіч.

“Людзі пры адсяленні забіралі некаторыя прадметы побыту, сямейныя рэліквіі (у першую чаргу іконы, фотаархівы). Аднак зрабіць гэта атрымлівалася не заўсёды”.

Тыя прадметы, што ўдалося выратаваць, з’яўляюцца для настаўніка асабліва каштоўнымі, а экскурсіі кшталту “Пра што расказаў экспанат” могуць зрабіць знаём­ства з такімі прадметамі вельмі яркімі. Нават самая звычайная біклага або глечык у творчых руках Мікалая Іванавіча могуць ператварыцца ў чароўнага апавядальніка і паведаміць пра маляўнічасць мясцін у ваколіцах Асінаўкі, напрыклад лугу на ўскрайку лесу, дзе роснай раніцай падчас касавіцы іскрыліся праменьчыкі сонца. Чым старэйшымі мы становімся, тым часцей успаміны дзяцінства і юнацтва кранаюць патаемныя струны душы… Калі знаходзіцца вольны час, Мікалай Іванавіч адпраўляецца ў мясціны, якія калісьці давялося пакінуць. Такія паездкі дазваляюць адпа­чыць ад штодзённых клопатаў, а родная зямля, няхай і хворая, абавязкова надае жыццёвай моцы.

Пачарнелыя ад часу драўляныя хаты ў зоне адсялення глядзяцца па-асабліваму прыветліва. Няхай у іх і не жывуць людзі, на агародах і панадворку пануе пустазелле, але менавіта такія дамы яшчэ прыхоўваюць таямніцы колішняга, дачарнобыльскага жыцця. Фотаальбомы, дакументы, прадметы побыту — тут яшчэ можна знайсці каштоўны края­знаўчы матэрыял. У такіх дамах асаблівая атмасфера. Часам сярод цішыні можа падацца, што сядзіба раптоўна пачынае поўніцца спрадвечнымі гукамі вясковага жыцця, здаецца, вось-вось зарыпяць дзверы, у хату ўвойдзе гаспадар, павітаецца і запросіць цябе за стол на покуць як самага дарагога госця…

“Запомнілася наведванне Чарняўскіх Малынічаў. Гадоў 20 назад там яшчэ заставалася некалькі жылых дамоў. Не ўсе людзі вырашылі перасяліцца. Сапраўды, складана пакінуць тыя маляўнічыя мясціны на беразе возера. У адным з апусцелых дамоў пашчасціла знайсці ікону Свяціцеля Мікалая Цудатворца, а таксама некалькі карцін, напісаных алеем. Як звычайна, траплялася шмат ганчарных вырабаў. Тут было знойдзена нават дзябла — спецыяльнае прыстасаванне ў форме паўкарыта для збору рыбацкіх сетак. Дзябла выразалася з цэлага кавалка дрэва. Мы нават знайшлі спецыяльны інструмент, якім гэта рабілася. Створаны інструмент мясцовымі кавалямі. Менавіта кавальскія вырабы часцей за ўсё знаходзяцца ў закінутых дамах. Цвікі, зашчапкі, завесы, клямкі — раней усё гэта рабілі сваімі рукамі”, — паведаміў Мікалай Іванавіч.

Канец 80-х — пачатак 90-х, калі Мікалай Іванавіч пачаў педагагічную і краязнаўчую дзейнасць, быў “залатым векам краязнаўства”. “Тады многае можна было знайсці. Цяпер у выселеных вёсках дамы або пахаваны, або проста згнілі, разваліліся, — падзяліўся педагог. — Ужо не назбіраеш такую колькасць экспанатаў, як гадоў 30 назад. Але ўсё ж цікавыя рэчы знаходзяцца, таму пошукавая работа працягваецца”. Кожны знойдзены прадмет на вагу золата, натхняе на чарговыя пошукі. У тых жа Чарняўскіх Малынічах Мікалай Іванавіч знайшоў раскіданы на падлозе сямейны фотаархіў, сярод здымкаў — партрэт удзельніка Вялікай Айчыннай вайны кулямётчыка Івана Сяргеевіча Серагова. Побач ляжала і франтавая характарыстыка, у якой гаварылася пра яго по­дзвігі ў апошнія дні вайны ў Германіі. Адна знаходка, а інфармацыі — для цэлай даследчай работы. Знойдзеныя фотаздымкі дазволяць пашырыць выставу “Гісторыя Чачэршчыны ў фотадакументах” у гімназіі. Акрамя фотаздымкаў, у музеі захоўваюцца ўспаміны ветэранаў, якія пражывалі ў выселеных вёсках. Сабраны багаты матэрыял і пра воінаў 159-й стралковай дывізіі, якая вызваляла Чачэршчыну. Гэтыя ўспа­міны, відэазапісы, дакументальныя сведчанні выкарыстоўваюцца падчас экскурсій, на ўроках, занятках “Наш край”.

“Знойдзены прадмет, перад тым як заняць пачэснае месца ў экспазіцыі, абавязкова апрацоўваецца. Крамянёвыя археалагічныя знаходкі не тояць у сабе радыяцыйнай небяспекі, а вось этнаграфічныя прадметы (бандарныя, ганчарныя вырабы) абавязкова ачышчаюцца ад пылу і бруду, вымываюцца”.

Чачэршчына — унікальны ў турыстычным плане край. На жаль, узровень забруджанасці некаторых тэрыторый зрабіў іх недаступнымі для масавага наведвання. Гэта, напрыклад, археалагічныя помнікі, у першую чаргу знакамітая Бердыжская стаянка часоў верх­няга палеаліту на беразе Сожа. Але гэта не значыць, што археалагічныя прадметы не папаўняюць фонды музеяў. Даступны так званы пад’ёмны археалагічны матэрыял. Захоўваецца ён і ў гімназічным музеі. Рэшткі наканечнікаў стрэл, розныя крамянёвыя адшчэпы — такіх прадметаў набярэцца каля сотні. А вось самых каштоўных (напрыклад, свідраваная каменная сякера, ручное рубіла, скрабок са скошаным лязом) — каля 25. Нядаўна вучань Мікалая Іванавіча Уладзіслаў Мамекін знайшоў з татам камень цікавай формы. Праведзены аналіз дазволіў меркаваць, што прадмет выкарыстоўваўся ў якасці ўдарнага прыстасавання. Складана толькі было датаваць знаходку.

“Цяпер у выселеных вёсках дамы або пахаваны, або проста згнілі, разваліліся. Ужо не назбіраеш такую колькасць экспанатаў, як гадоў 30 назад. Але ўсё ж цікавыя рэчы знаходзяцца, таму пошукавая работа працягваецца”.

Па словах настаўніка, кожны знойдзены прадмет, перад тым як заняць пачэснае месца ў экспазіцыі, абавязкова апрацоўваецца. Крамянёвыя археалагічныя знаходкі не тояць у сабе радыяцыйнай небяспекі, а вось этнаграфічныя прадметы (бандарныя, ганчарныя вырабы), якія складаюць большую частку экспазіцыі, абавязкова ачышчаюцца ад пылу і бруду, вымываюцца. “У экспедыцыі адпраўляюся ў асноўным адзін, а вучні потым дапамагаюць рыхтаваць экспанаты для выставы. Аднак асноўная дзейнасць навучэнцаў — даследчая. Асобныя групы дзяцей займаюцца тэмай Вялікай Айчыннай вайны, іканапісам, этнаграфіяй і г.д. Ёсць асобная група экскурсаводаў. Звычайна ў распрацоўцы адначасова знаходзіцца некалькі праектаў. Цяпер, напрыклад, займаемся партызанскім рухам на Чачэршчыне. Другая група вывучае археалагічныя помнікі раёна, разам з ёй намагаемся прасачыць этнічнае засяленне Гомельскай вобласці на аснове археалагічных прадметаў, якія захоўваюцца ў музеі”, — паведаміў настаўнік.

Шматлікія ліхалецці праносіліся праз Чачэршчыну. Неаднойчы жыхары гэтага маляўнічага краю былі вымушаны развітвацца з роднымі мясцінамі і адпраўляцца на пошукі лепшай долі. Але ліхалецці міналі, і ранейшае жыццё наладжвалася. Мікалай Іванавіч упэўнены, што на яго малой радзіме абавязкова загояцца чарнобыльскія раны і апусцелыя вясковыя вуліцы зноў напоўняцца людскімі галасамі. Пакуль што пра дачарнобыльскае жыццё нагадваюць сотні экспанатаў, знойдзеных педагогам-краязнаўцам.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.