Каштоўны рэсурс для развіцця

Новы камп’ютарны клас 6 студзеня перадалі сярэдняй школе № 4 Віцебска дэлегаты VI Усебеларускага народнага сходу. Сертыфікат уручылі старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў і начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома.

Кіраўнік абласнога дэпутацкага корпуса акцэнтаваў увагу на актыўнай, якаснай і выніковай дзейнасці педагогаў, у тым ліку ў напрамку выкарыстання ІТ-тэхналогій у адукацыйным працэсе. Па колькасці навучэнцаў (1125 чалавек) школа — адна з найбуйнейшых у горадзе. Як праінфармавала яе дырэктар Наталля Данілава, установа мае статус школы-лабараторыі бесперапыннай педагагічнай адукацыі. У 1—4 класах акцэнт робіцца на фарміраванні цікавасці да дзейнасці дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў, выхаванні любові да малой радзімы, пачуцця гордасці за славутых землякоў. З гэтай мэтай рэалізуецца праект “Акцябрацкія вышыні”, мерапрыемствы якога дапамагаюць навучэнцам 2 і 3 класаў пазнаёміцца з біяграфіямі знакамітых лю­дзей, звязаных з Віцебскам, наведаць вядомыя мясціны горада, лепш даведацца пра гісторыю, геаграфію, Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. У сярэднім звяне фарміруецца сацыяльная актыўнасць падлеткаў праз удзел у дзейнасці дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў; гэтаму ў поўнай меры спрыяе піянерскі марафон “Гонка за лідарам”, што ўключае конкурсы “Наш лідар самы-самы”, “Лепшы важаты”, фотаконкурс “З любоўю да БРПА”, конкурс эсэ “Гісторыя піянерскага гальштука ў маёй сям’і”. Для старшакласнікаў актуальныя мерапрыемствы, накіраваныя на вывучэнне палітычных працэсаў, органаў дзяржаўнай улады, фарміраванне грамадзянскай і палітычнай культуры, актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Адной з асноўных форм работы ў гэтым напрамку з’яўляецца праект “Школа актыўнага грамадзяніна”, у рамках якога адбываюцца сустрэчы старшакласнікаў з прадстаўнікамі мясцовых Саветаў дэпутатаў, дзяржаўных арганізацый, ветэранамі Узброеных Сіл, пісьменнікамі, гісторыкамі, спартсменамі, артыстамі. Навучэнцы педагагічных класаў, што функцыянуюць з 2015 года, сталі ўдзельнікамі міжнароднага інтэрнэт-праекта “Мэты ўстойлівага развіцця: думай і дзейнічай”. На працягу 6 гадоў ва ўстанове адукацыі дзейнічае валанцёрскі атрад “Бумеранг дабра”. Школьнікі цесна супрацоўнічаюц­ь з дзіцячым домам Віцебска, сустрэчы з яго выхаванцамі сталі традыцыйнымі. Будучыя педагогі дапамагаюць сваім малодшым таварышам з выкананнем дамашніх заданняў, арганізуюць іх вольны час, рыхтуюць і праводзяць у дзіцячым доме цікавыя святочныя і гульнявыя праграмы. Вялікае значэнне надаецца ўзаемадзеянню з бацькамі: яны даўно сталі паўнапраўнымі ў­дзельнікамі адукацыйнага працэсу. Нароўні з традыцыйнымі формамі работы педагогі практыкуюць тэматычныя бацькоўскія ўрокі, праводзяць фестываль сямейнай творчасці “Сям’я талентамі багатая”, бацькоўскія майстар-класы “Справа майстра баіцца”, дзіцяча-бацькоўскую спартакіяду “Самы спартыўны клас”. У шосты школьны дзень навучэнцы маюц­ь магчымасць наведаць 8 аб’яднанняў па інтарэсах, а ўсяго на базе ўстановы адукацыі іх арганізавана 15. Асаблівы гонар школы — яе ўзорныя калектывы: дзіцячая студыя эстраднай песні “Беларускія зоркі” і тэатральны калектыў “ТэСт”. За гады вучобы школьнікі збіраюць змястоўныя партфоліа, куды заносяц­ь свае асабістыя дасягненні, напрыклад: перамогі ў прадметных алімпіядах, удзел у школьных і грамадскіх праектах, вынікі навуковай і валанцёрскай дзейнасці.

— Як дэлегаты VI Усебеларускага народнага сходу, выбраныя ад грамадскай арганізацыі “Белая Русь”, мы сустрэліся з педагагічным калектывам школы,— расказаў Уладзімір Цярэнцьеў. — Выбар невыпадковы: тут самая вялікая сярод устаноў адукацыі Віцебска пярвічная арганізацыя “Белай Русі”. На сустрэчы былі ўзняты актуальныя пытанні, многія з якіх трэба будзе абмеркаваць 11—12 лютага ў Мінску.

Дзмітрый Хома паведаміў, што ад Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь у мінулым годзе вобласць атрымала 570 камп’ютараў і 80 мультыбордаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі (яшчэ 132 да 15 студзеня будуць пастаўлены для ўстаноў ПТА і ССА); вялікая работа па развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі на працягу апошніх 3 гадоў праводзіцца за кошт сродкаў абласнога бюджэту. На сёння амаль у кожнай школе Віцебшчыны ўжо ёсць мультыборды і на 50 працэнтаў абноўлены камп’ютарныя класы.

— Прыемна і сімвалічна, што падарунак мы атрымалі ў год юбілею, -— адзначыла дырэктар установы адукацыі Наталля Данілава. — Наша гісторыя пачалася ў 1961 годзе, калі чалавек пачаў актыўна асвойваць космас. Вось і школа ўжо на працягу амаль 60 гадоў прымнажае слаўную традыцыю пакараць новыя вяршыні і адкрываць новыя зоркі. Сучасную адукацыю немагчыма ўявіць без інфармацыйных тэхналогій. У мінулым годзе мы паспяхова завяршылі адукацыйныя вэб-праграмы для навучэнцаў розных узростаў, зараз працуем над стварэннем віртуальнага музея, адукацыйнага канала. Сёння гэта важна і трэба. Камп’ютарны клас — значны рэсурс для далейшага росту. Безумоўна, усе новыя магчымасці будуць задзейнічаны для таго, каб мы ўпэўнена крочылі далей у развіцці ўласнай установы, педагогаў і навучэнцаў, іх інфармацыйных кампетэнцый.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.