Каштоўны вопыт і комплекснае мысленне

Сёлета заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі прымаў Дзяржынск. На базе абласнога аграрна-тэхнічнага прафесійнага ліцэя інтэлектуальныя спаборніцтвы сабралі кемлівых, таленавітых, перспектыўных навучэнцаў з усіх шасці абласцей і сталіцы нашай краіны, у сферы асабістых інтарэсаў якіх — геаграфія.

Пераможцы алімпіяды з Магілёўскай вобласці Андрэй Львоў, Ірына Крывёнак і Дзмітрый Сарачынскі.

У заключным этапе алімпіяды па геаграфіі ў гэтым го­дзе свае веды праверылі 30 вучняў выпускных класаў. Усіх іх адрозніваюць высокая ступень матывацыі да вывучэння прадмета і ўзровень ведаў па ім. І вось выдатнае пацвярджэнне гэтага — 95,5% удзельнікаў справіліся з паловай і больш мудрагелістых заданняў.

Па словах старшыні журы дэкана факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Дзмітрыя Міраслававіча Курловіча, алімпіяда прайшла выдатна і садзейнічала такім важным мэтам, як павышэнне цікавасці вучняў да прадмета, развіццё творчых здольнасцей, паглыбленне тэарэтычных ведаў і практычных уменняў, самаразвіццё ўдзельнікаў. Таму кожны з удзельнікаў атрымаў вельмі каштоўны вопыт, зрабіў немалы крок наперад і ў любым выпадку, незалежна ад сваіх вынікаў, не прайграў.

Алімпіяда па геаграфіі складалася з трох тураў: тэарэтычнага, мультымедыйнага і праектна-практычнага. Таксама для жадаючых быў арганізаваны дадатковы тур на англійскай мове. У ім прынялі ўдзел 12 чалавек. Як расказаў Д.М.Курловіч, заданні першага, тэарэтычнага, тура былі прадстаўлены некалькімі блокамі і ахапілі пэўныя тэматычныя галіны ведаў па фізічнай і сацыяльна-эканамічнай геаграфіі (гэта геаграфія глеб і зямельных рэсурсаў, лясныя рэсурсы, агламерацыйная эканомія і канкурэнтныя перавагі, а таксама мэты развіцця тысячагоддзя: нізкая смяротнасць маці і немаўлят).

На мультымедыйным туры быў прапанаваны тэст. Вучням трэба было на кожным слайдзе, які суправаджаўся картай, касмаздымкам, фотаздымкам, графікам ці дыяграмай, выбраць правільны адказ з некалькіх варыянтаў.

Спецыфіку Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі ў многім вызначаў праектна-практычны тур. Спачатку на яго палявым этапе вучням прапанавалі даследаваць пэўныя ўчасткі гарадской мясцовасці ў Дзяржынску, сярод якіх былі і шматкватэрныя забудовы, і прыватны сектар. На гэта было адведзена дзве з паловай гадзіны. Затым па выніках праведзеных палявых работ ужо на наступным, камеральным, этапе алімпіяднікі выконвалі шэраг практычных заданняў і рыхтавалі ўласныя праекты. Так, ім неабходна было пабудаваць карту тыпаў забудовы, вызначыць фактары, якія аказалі ўплыў на яе фарміраванне, разлічыць шчыльнасць насельніцтва на даследаваным участку і стварыць карту аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры. У выніку кожны ўдзельнік яшчэ і распрацаваў свой праект развіцця сацыяльнай інфраструктуры ўчастка (з улікам прынцыпаў устойлівага развіцця). Тут усе маглі максімальна раскрыцца, быць даследчыкамі, праявіць аналітычныя і творчыя здольнасці.

Як падкрэсліў старшыня журы, прыемна было пераканацца, што па-ранейшаму ёсць маладыя людзі, якія любяць і добра ведаюць геаграфію, маюць жаданне звя­заць з ёй сваю будучыню. Сёлета канкурэнцыя была вельмі высокай. Так што кожны бал меў вялікае значэнне і мог стаць вырашальным. Па выніках усіх этапаў пераможцы былі ўзнагароджаны дыпломамі I, II і III ступеней. Імі сталі 15 удзельнікаў. Цікава, што сёлета гэта прадстаўнікі сталіцы і ўсіх абласцей без выключэння. Геаграфія лаўрэатаў шырокая: Мінск, Бабруйск, Жодзіна, Капыль, Гродна, Баранавічы, Віцебск, Магілёў, Брэст, Маладзечна і Гомель.

Дыпломамі І ступені заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Геаграфія” ўзнагароджаны Андрэй Львоў (сярэдняя школа № 10 Бабруйска Магілёўскай вобласці), Дзмітрый Сарачынскі (Магілёўскі дзяржаўны абласны ліцэй № 3) і Канстанцін Чыжоў (гімназія № 1 Жодзіна Мінскай вобласці). Таксама вызначаны чатыры лаўрэаты ІІ ступені і восем лаўрэатаў ІІІ ступені. У выніку чатыры дыпломы атрымалі прадстаўнікі Мінскай вобласці, тры — Магілёўскай. На рахунку сталіцы, а таксама Брэсцкай і Віцебскай абласцей — па два дыпломы і па адным — у школьнікаў з Гродзенскай і Гомельскай абласцей.

Спецыяльным прызам міністра адукацыі Беларусі І.В.Карпенкі адзначаны абсалютны пераможца, які паказаў самы высокі ўзровень ведаў па геаграфіі. Ім стаў Андрэй Львоў. За лепшы вынік на тэарэтычным туры і паказаныя глыбокія веды па геалогіі спецыяльны прыз папячыцельскага савета Беларускага геаграфічнага таварыства атрымаў Канстанцін Чыжоў.

Падзячнымі лістамі былі адзначаны 4 удзельнікі дадатковага тура на англійскай мове. Акрамя таго, усе без выключэння ўдзельнікі атрымалі падзячныя лісты Беларускага геаграфічнага таварыства.

Андрэй Львоў, які вярнуўся ў родны Бабруйск з дыпломам І ступені і спецыяльным прызам міністра адукацыі, ужо не ўпершыню спрабаваў свае сілы на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды. Малады чалавек адзначыў, што сістэматычная падрыхтоўка і цікавасць да выбранага прадмета, безумоўна, маюць вялікае значэнне для дасягнення добрых вынікаў, але не менш важны фактар — настрой удзельніка.

— У першую чаргу я зрабіў для сябе вывад: трэба настройвацца не на канкурэнцыю ці барацьбу, высокія балы ці дыплом, а проста з задавальненнем займацца любімым прадметам, — падзяліўся думкамі Андрэй Львоў. — Алімпіяда павінна быць яшчэ адной выдатнай магчымасцю рабіць тое, што падабаецца! Я адчуваў вялікую падрымку родных, педагогаў, сяброў, я ведаў, што ў любым выпадку яны бу­дуць побач і ўсё будзе добра. Вельмі ўдзячны сваёй настаўніцы Святлане Рыгораўне Канойка, а таксама педагогам, якія рыхтавалі ўдзельнікаў нашай Магілёўскай вобласці. Мы заўсё­ды займаліся любімым прадметам у спакойнай, сяброўскай атмасферы. Усё гэта вельмі важна!

Сёлетні абсалютны пераможца выдзяляе геаграфію сярод іншых навук. Яму вельмі падабаецца, што яна развівае комплекснае мысленне, уважлівасць і назіральнасць. Таму, як адзначае Андрэй Львоў, такія веды заўсёды спатрэбяцца, бо былых географаў не бывае!

Таццяна ШЫМКО.