Касманаўтыка і моладзь

- 11:58Навіны рэгіёнаў

Чалавецтва даўно цікавіць космас. Людзі старанна вывучаюць яго, але ж ведаюць яшчэ так мала! Захопленыя гэтай тэмай штогод збіраюцца на Міжнародных грамадска-навуковых чытаннях, прысвечаных памяці Ю.А.Гагарына. Сёлета чытанні прайшлі ўжо 45-ы раз! І, як заўсёды, яны сабралі мноства жадаючых раскрыць таямніцы Сусвету. Сярод іх былі і юныя жыхары Мінскай вобласці.

XLV Міжнародныя грамадска-навуковыя чытанні, прысвечаныя памяці першага касманаўта, прайшлі ў Гагарыне Смаленскай вобласці і Каралёве Маскоўскай вобласці. Разнастайны спектр “касмічных” тэм абмеркавалі ў рамках 5 навуковых секцый: “Гісторыя ракетна-касмічнай тэхнікі і пілатуемай касманаўтыкі”, “Прафесія касманаўт”, “Касманаўтыка і грамадства”, “Музеі касманаўтыкі: вопыт, праблемы, перспектывы”, “Касманаўтыка і моладзь”. У рамках секцый выступалі Герой Расійскай Федэрацыі, акадэмік Расійскай акадэміі навук, прафесары, дактары навук, спецыялісты вядучых прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый касмічнай галіны Расіі. Сярод такіх аўтарытэтных спецыялістаў апынуліся і беларускія школьнікі. Яны годна выступілі ў секцыі “Касманаўтыка і моладзь”, прадэманстраваўшы свой дапытлівы розум, шчырую цікаўнасць і глыбіню ведаў. Таму былі ўзнагароджаны дыпломамі.

Аляксандр Бандзік, Леанід Шасцель, Дар’я Варкенцін — вучні сярэдняй школы № 3 Чэрвеня — даследавалі, наколькі дакладна ў кіно адлюстроўваюць “касмічную” тэматыку. У выніку яны прадставілі работу “Ад праўды да выдумкі: пра выратаванне савецкай арбітальнай станцыі ў фільме рэжысёра Кліма Шыпенкі “Салют-7”. Юныя случчане Ягор Зяньковіч і Вадзім Казак расказалі аб рабоце сайта “Віртуальны музей космасу гімназіі № 1 Слуцка”, які створаны ва ўстанове.

Мікіта Рогаў, навучэнец Крупскай раённай гімназіі, прэзентаваў створаны ім вучэбны праект “Электронная энцыклапедыя юнага астранома” для вучняў 5—7, 11 класаў. Кірыл Ліпскі і Міхаіл Цітавец — навучэнцы Смалявіцкай раённай гімназіі — прадставілі работу “VII Беларускі касмічны кангрэс”. Кірыл Ліпскі таксама быў узнагароджаны медалём “Пераадоленне” за неаднаразовы ўдзел у рабоце чытанняў. Такой высокай узнагароды хлопец удастоены, нягледзячы на зусім юны ўзрост, — Кірыл вучыцца ў 7 класе!

Каб стварыць годныя работы, падлеткам давялося плённа папрацаваць, і дапамагалі ім у гэтым педагогі. Кіраўнікі работ узнагароджаны дыпломамі Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў. Гэта Людміла Уладзіміраўна Кацько, Міхаіл Міхайлавіч Рогаў, Валянціна Якаўлеўна Лявончанка.

А настаўніца фізікі гімназіі № 1 Слуцка Таццяна Яўгенаўна Максіменка, якая шмат гадоў прывівае дзецям цікавасць да вывучэння космасу і дапамагае ім у навуковым пошуку, па рашэнні Асацыяцыі музеяў касманаўтыкі Расіі ўзнагароджана медалём Ю.А.Гагарына.

Гэтыя настаўнікі і іх вучні — яскравы прыклад таго, што калі ты аддана і старанна працуеш, то ў любой справе можаш дасягнуць касмічных вышынь.

Дар’я РЭВА.
Фота з уласнага архіва ўдзельнікаў чытанняў.