Касмічны рынг

- 11:23Навіны рэгіёнаў

Людзі заўсёды імкнуліся разгадаць таямніцы космасу. Старажытны чалавек з цікавасцю пазіраў у начное неба, пазней навукоўцы рабілі першыя адкрыцці і стваралі першыя карты зорнага неба, а ў ХХ стагоддзі чалавек спраўдзіў адвечную мару сваіх папярэднікаў і паляцеў у космас. Сёння з зямлі стартуюць касмічныя караблі, недзе ў невядомых далячынях адбываюцца стыкоўкі касмічных апаратаў, месяцамі на касмічных станцыях жывуць і працуюць касманаўты. Аднак космас застаецца для чалавецтва вялікай загадкай, якая непакоіць, захапляе, інтрыгуе. Для тых, хто і сёння цікавіцца гэтай тэмай, на Чэрвеньшчыне праводзіцца касмічны фестываль.

Касмічны фестываль прайшоў у Чэрвеньскім раёне другі раз. Першы фестываль у мінулым годзе так спадабаўся яго ўдзельнікам, што было вырашана зрабіць гэтае мерапрыемства традыцыйным.

— Гэтая тэма цікавая навучэнцам. Школьнікі раёна актыўна ствараюць даследчыя работы па касмічнай тэматыцы, удзельнічаюць у Гагарынскіх чытаннях і Міжнароднай касмічнай алімпіядзе ў Каралёве, у сярэдняй школе № 2 Чэрвеня працуе школьны музей касманаўтыкі, — расказвае Ларыса Валянцінаўна Асановіч, начальнік аддзела адукацыі спорту і турызму Чэрвеньскага райвыканкама. — Фестываль стаў яшчэ адной цікавай формай для рэалізацыі цікаўнасці дзяцей.

Фестываль прымеркаваны да Дня касманаўтыкі і праводзіцца ў гонар знакамітага земляка касманаўта Алега Навіцкага, які нарадзіўся ў Чэрвені. Сам касманаўт не мог прысутнічаць на фестывалі, бо зараз знаходзіцца ў космасе, але ён даслаў сваім юным землякам відэапрывітанне з борта Міжнароднай касмічнай станцыі.

— Паважаныя землякі, — звярнуўся да ўдзельнікаў фестывалю Алег Віктаравіч, — ад усёй душы рады вітаць вас у сценах гімназіі з борта МКС. Прыемна, што ў Чэрвеньскім раёне з’явілася цудоўная традыцыя — правядзенне фестывалю, дзе кожны можа далучыцца да цікавага, шматграннага і дасюль нязведанага космасу. Жадаю вам добрага настрою і новых адкрыццяў.

У рамках фестывалю яго ўдзельнікі высадзілі новыя дрэвы на Алеі Касманаўтыкі ля сярэдняй школы № 2 Чэрвеня. Алея з’явілася тут у 2013 годзе і была прысвечана першаму палёту касманаўта-земляка ў космас. Алег Навіцкі браў удзел у яе пасадцы. Сёлета новыя дрэўцы тут былі высаджаны ў гонар другога палёту. Таксама часткай фестывалю стала прыняцце ў рады піянераў лепшых навучэнцаў некалькіх школ горада.

Кульмінацыяй фестывалю стала яго конкурсная частка. Удзельнічалі ў ёй 11 каманд устаноў адукацыі раёна. Усіх іх гасцінна прымала гімназія № 1 імя У.А.Караля. Ганаровым госцем мерапрыемства і членам журы стала маці касманаўта Валянціна Эдуардаўна Навіцкая.

У склад кожнай каманды ўваходзілі 8 чалавек — навучэнцы, іх бацькі і педагогі. Конкурсных заданняў было чатыры. Першае каманды выконвалі завочна — стваралі малюнкі на тэму “Мы малюем космас”, якія журы папярэдне ацаніла. Для гледачоў была арганізавана выстава, дзе можна было азнаёміцца з конкурснымі работамі.

Знаёмства каманд адбывалася падчас выканання другога конкурснага задання — самапрэзентацыі “Зорная гадзіна”. Удзельнікі праявілі надзвычайную фантазію і творчасць нават на этапе выбару назвы каманд. Так, у барацьбу ўступілі, напрыклад, “Міжпланетны круізёр”, “Касмічныя ратаўнікі”, “Зямляне”, “Запольская галактыка”, “Альтаір” і інш. Творча падышлі і да прэзентацыі: каманды прапанавалі экскурс у гісторыю развіцця касманаўтыкі, падарожжа на далёкія планеты, спявалі песні аб зорках і галактыках, вырашалі касмічныя праблемы, разыгрывалі жартаўлівыя сцэнкі. На сцэну выходзілі “касманаўты”, “іншапланецяне”, героі казак і мультфільмаў.

Наступны тур прадугледжваў інтэлектуальнае спаборніцтва для каманд “Касмічны рынг”. Удзельнікаў чакала “Медыяазбука” па тэме “Космас”. На экране з’яўляліся тэматычныя карцінкі і літары алфавіта, на якую пачынаецца адказ. Каманды павінны былі здагадацца, што адлюстравана на гэтых выявах: назваць планеты, касмічнае абсталяванне, нябесныя целы і з’явы, пазнаць па фотаздымках касманаўтаў і навукоўцаў, фільмы — па кадрах.

Апошняе выпрабаванне — “Лепшы касмічны касцюм з музычным прадстаўленнем”. Яго каманды рабілі загадзя, а на сцэне прадставілі вынікі сваёй творчай працы. Хлопцы і дзяўчаты рыхтавалі моднае і надзейнае адзенне для касманаўтаў і касмічных падарожнікаў будучыні. На стварэнне калекцый яны натхняліся нябеснымі целамі, выкарыстоўваючы незвычайныя матэрыялы.

Кожная каманда па выніках конкурсу атрымала дыплом за свае дасягненні на фестывалі. А абсалютнымі пераможцамі сталі каманды Запольскай сярэдняй школы і Любішанскага дзіцячага сада. Каманда “Запольская галактыка” не толькі паказала добрыя творчыя выступленні, але і лепш за ўсіх справілася з пытаннямі “Касмічнага рынга”. А дашкольнікі з Любішанскага сада пакарылі журы сваёй энергетыкай і артыстызмам.

Касмічны фестываль цудоўны не толькі тым, што дае магчымасць рэалізаваць творчыя і інтэлектульныя здольнасці, але і тым, што аб’ядноўвае маленькіх і дарослых, бацькоў і дзяцей, навучэнцаў розных устаноў. Чакаць наступнага фестывалю, безумоўна, будуць многія.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.