Касмічны пакой для маленькіх

Мала хто з цяперашніх мужчын не хацеў стаць касманаўтам. А для сучасных дзяцей гэтая мара зусім неактуальная. Між іншым касмічныя піраты, і іншыя іншапланетныя істоты — героі іх любімых мультфільмаў. Выдуманыя персанажы дэзынфармуюць дашкольнікаў, расказваючы пра неіснуючыя планеты, і часта выклікаюць у іх адмоўныя эмоцыі, якія развіваюць страх. Таму ў дзіцячым садзе неабходна асаблівую ўвагу ўдзяляць правільнай арганізацыі прадметна-развіццёвай прасторы па фарміраванні ў дзяцей уяўленняў пра космас.

Усе мы ведаем, што прадметна-развіццёвае асяроддзе — адзін з асноўных сродкаў развіцця асобы дзіцяці старэйшага дашкольнага ўзросту, а галоўнае, гэта крыніца яго ведаў і сацыяльнага вопыту. У нашым садзе мы абсталявалі “касмічны пакой”, з пастаяннымі і зменнымі кампазіцыямі, разнастайнымі па форме і змесце (макеты зямнога шара, планет, мадэлі робатаў і лятальных апаратаў). Змесцілі там дзіцячую навукова-папулярную і мастацкую літаратуру, наглядна-дэманстрацыйны матэрыял, настольна-друкаваныя, дыдактычныя і сюжэтна-ролевыя гульні і цацкі, прадукты дзіцячай дзейнасці (малюнкі, вырабы). Усё гэта дазваляе фарміраваць у дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту асновы планетарнага мыслення, веды пра касмічныя аб’екты, з’явы і жыццё людзей, звязанае з імі, выхоўваць разумныя адносіны да свету і да сябе як да жыхара планеты Зямля. Устаноўленыя падлогавыя і насценныя свяцільні, якія імітуюць пучок нітак, што круціцца і свеціцца, пузырковая калона спрыяюць развіццю прасторатворчасці (святло-, колера- і гукатворчасці). Асаблівай увагі заслугоўвае намаляванае на столі люмінесцэнтнымі фарбамі зорнае неба, прыгажосцю якога могуць любавацца дзеці, з цікавасцю вывучаць сузор’і, фантазіраваць і рэлаксіраваць. Абсталяванне пакоя спрыяе пазнанню дзіцем невядомага Сусвету. Выхаванцы з задавальненнем наведваюць “касмічны пакой”, слухаюць цікавыя аповеды, разглядаюць і гуляюць з экспанатамі, дапаможнікамі, цацкамі. Яны задаюць педагогам шмат пытанняў, выказваюць арыгінальныя здагадкі, меркаванні.

Ірына ВАСІЛЕЎСКАЯ,
загадчыца ясляў-сада № 14 Слоніма.