Касмічны рэйс

Загадкавы свет зорак і планет прыцягваў з даўніх часоў. Але бліжэйшым і даступным ён стаў толькі з пранікненнем чалавека ў касмічную прастору. Пройдуць гады, дзесяцігоддзі, стагоддзі, забудуцца даты войнаў і рэвалюцый, але гэты дзень будуць памятаць заўсёды. Бо менавіта з гэтага дня — 12 красавіка 1961 года — чалавек пачаў асваенне космасу, дзень палёту першага ў свеце касманаўта Юрыя Аляксеевіча Гагарына.

Не засталася без увагі гэтая памятная дата і ў сярэдняй школе № 4 Клімавічаў. Для навучэнцаў 2-х класаў педагог-арганізатар Людміла Фёдараўна Круцікава правяла гульню-падарожжа “Касмічны рэйс”. Хлопцы і дзяўчаты здзейснілі палёт у Сусвет на папяровых самалёціках, якія зрабілі ўласнаручна. Падчас складання астранамічных і касмічных тэрмінаў пабывалі ў бязважкасці, з дапамогай паперы і алоўка ўвасобілі свае ўяўленні пра іншапланецян у рэальнасці. Дзеці змаглі даказаць, што іх каманда працуе зладжана падчас конкурсу, калі трэба было з мазаікі скласці прыказку, прачытаць і растлумачыць яе значэнне. Акрамя таго, удзельнікі гульні змаглі праявіць інтэлектуальныя здольнасці ў конкурсе “Эрудыты” і творчыя здольнасці — у конкурсе “Адкрый сваю зорку”, калі каманды адгадвалі назву песень і выконвалі іх.

Падводзячы вынікі, Людміла Фёдараўна пажадала дзецям накіроўваць усю сваю энергію і розум, дабрыню сэрца і палёт фантазіі на вынаходніцтвы і адкрыцці, якія прынясуць іншым толькі радасць.

Марына НОВІКАВА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 4 Клімавічаў.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *