Касмічныя прыгоды

На пачатку красавіка ў яслях-садзе № 1 Іўя адбылося спартыўна-пазнавальнае свята, прысвечанае Дню касманаўтыкі. Выхаванцы ў займальнай форме ўдасканалілі ўменні і навыкі, атрыманыя на занятках па фізічнай культуры, пашырылі кругагляд па тэме “Космас”.

Пяць, чатыры, тры, два, адзін… Так пачалося свята — і паляцела ў космас ракета. Выхаванцы старэйшых груп адправіліся ў падарожжа на рознакаляравыя планеты, ператварыўшыся ў касмічныя экіпажы пад назвамі “Плутончыкі” і “Уранчыкі” пад кіраўніцтвам капітанаў. Але каб стаць сапраўднымі касманаўтамі, трэба было пераадолець шматлікія выпрабаванні і нечаканасці. Спатрэбіліся хуткасць, спрыт, адвага і імкненне да поспеху.

Дзеці з задавальненнем вандравалі на ракеце па іншай галактыцы, з цікавасцю слухалі незвычайныя апавяданні, звязаныя з зоркамі і планетамі. Усе ўдзельнікі праявілі актыўнасць у спаборніцтвах: змагаліся з магнітнай бурай, метэарытамі, перасоўваліся на планетаходах. Самым цікавым было наведванне небяспечнай Чырвонай планеты, дзе давялося выканаць патрабаванні касмічных піратаў.

Фізкультурнае свята, прысвечанае Дню касманаўтыкі, з гульнямі, спаборніцтвамі, конкурсамі падарыла бодры настрой, радасць зносін і ўсмешкі.

Ганна АШУРАК,
кіраўнік фізічнага выхавання ясляў-сада № 1 Іўя Гродзенскай вобласці.