Касмічныя шляхі школьнікаў

- 11:53Навіны рэгіёнаў

12 красавіка 1961 года наш свет змяніўся раз і назаўсёды. Чалавек адправіўся ў космас — здзейсніў тое, пра што марылі многія пакаленні продкаў. Гэтая падзея дала пачатак “касмаманіі”, калі кожны хлопчык хацеў стаць касманаўтам, Юрый Гагарын быў нацыянальным героем, а мары пра космас сталі яшчэ больш смелымі і амбіцыйнымі: усе паверылі, што ў хуткім часе “на Марсе будуць яблыні квітнець”.

У сучасных дзяцей і падлеткаў іншыя мары, аднак і яны захапляюцца касмічнымі таямніцамі і цікавяцца гэтай тэмай. Невыпадкова падзеі мноства папулярных кніг, фільмаў, серыялаў, мультфільмаў разгортваюцца менавіта ў космасе. Касмічная тэматыка можа стаць пладавітай глебай для навучання і выхавання дзяцей: выліцца ў навуковыя даследаванні, творчыя праекты, міжнародныя сувязі. Гэта пацвярджаюць шматлікія прыклады, якія можна знайсці ва ўстановах адукацыі Мінскай вобласці.

“Слуцкая анамалія”

Даследчыкі, якія вывучаюць гісторыю развіцця касмічнай вобласці, гавораць пра “слуцкую анамалію”. І сапраўды, інакш як анамаліяй не растлумачыць той факт, што каля 30 выхадцаў са слуцкай зямлі зрабілі свой уклад у развіццё касманаўтыкі. Сёння іх прыклад натхняе слуцкіх школьнікаў.

“Слуцкі след у космасе” знайшлі навучэнцы гімназіі № 1 горада. След гэты пачынаецца яшчэ ў ХVIIІ стагоддзі, калі выпускнік Слуцкай гімназіі Ілья Капіевіч па загадзе Пятра I стварыў першую карту зорнага неба на рускай мове. Пазней у гімназіі вучыўся Вітольд Карлавіч Цэраскі, доктар астраноміі, член-карэспандэнт Пецярбургскай акадэміі навук, дырэктар абсерваторыі, прафесар кафедры астраноміі МДУ імя М.В.Ламаносава. Выпускнік гімназіі Сямён Косберг кіраваў распрацоўкай ракетнага рухавіка, які ўстанаўліваецца на апошніх ступенях ракеты, што несла касмічны апарат на Луну, Марс, Венеру, а таксама дастаўляла касманаўтаў у космас. Пра ўсё гэта даведаліся юныя гімназісты-даследчыкі пад кіраўніцтвам настаўніцы фізікі і астраноміі Таццяны Яўгенаўны Максіменка і стварылі маштабны праект, які так і назвалі: “Слуцкі след у космасе”. Праект паклаў пачатак актыўнай навукова-даследчай дзейнасці па касмічнай тэматыцы. Навучэнцы стварылі работы “Беларусы і космас”, “Наш Алег Навіцкі: пасланне земляку на арбіту”, “Беларус Казімір Семяновіч і шматступеньчатая ракета”, “Гіпотэза аб паходжанні Луны”, прысвячалі свае даследаванні С.А.Косбергу, Ю.А.Гагарыну, К.К.Давідоўскаму. У 2009 годзе случчан запрасілі на знакамітыя Гагарынскія чытанні, і з тых часоў яны штогод прадстаўляюць даклады на знакамітай міжнароднай канферэнцыі. Для юных даследчыкаў гэта ўнікальная магчымасць не толькі прадставіць вынікі сваёй работы на суд экспертаў, але і магчымасць сустрэць тых людзей, пра якіх яны пішуць у сваіх работах — касманаўтаў. Так, случчане пазнаёміліся з Аляксеем Лявонавым, Валянцінай Церашковай, Віктарам Афанасьевым, Алегам Навіцкім. Свае даследчыя работы навучэнцы прадстаўляюць і на іншых канферэнцыях, з гонарам расказваючы пра поспехі беларусаў у ракетна-касмічнай галіне. Вялікую ролю ў тым, што гімназісты цікавяцца космасам, адыграла Таццяна Яўгенаўна Максіменка. Настаўніца ўмее абудзіць у дзецях цікаўнасць і зрабіць так, каб гэтая цікаўнасць увасобілася ў канкрэтных справах.

Акрамя даследчай, у гімназіі праводзіцца адукацыйная, інфармацыйна-прапагандысцкая, выхаваўчая работа па “касмічнай” тэматыцы. Актыўна ўдзельнічаюць гімназісты ў тыдні космасу, падчас якога глядзяць фільмы, знаёмяцца з праектамі сваіх таварышаў, ствараюць малюнкі для тэматычнага конкурсу, бяруць удзел у касмічнай віктарыне, пазнавальных праграмах. У гімназіі распрацаваны матэрыялы для правядзення класных і інфармацыйных гадзін, гутарак пра космас, віктарын і тэстаў. Адзін з праектаў, якія стварылі старшакласнікі пад кіраўніцтвам Т.Я. Максіменка, — “Каб пра космас марыць, пра Сусвет трэба ведаць”. Гэта адукацыйны комплекс па астраноміі і пытаннях касманаўтыкі для школьнікаў, які дапамагае выклікаць у іх цікаўнасць да тэмы. Сёння ў гімназіі сабрана мноства матэрыялаў, што стануць асновай віртуальнага музея космасу, над стварэннем якога тут зараз працуюць.

Зямляк на Байкануры

Байканур… Гэтую назву ведаюць нават тыя, хто “касмічнымі справамі” не цікавіцца наогул. Знакаміты касмадром — першы і найбуйнейшы ў свеце. І большасць запускаў, якія былі “першымі ў свеце”, таксама здзяйсняліся адсюль. Легендарным касмадромам у свой час кіраваў выхадзец са Случчыны К.В.Герчык. Канстанцін Васільевіч — прыклад мужнасці, працавітасці, мэтанакіраванасці. Ён герой не толькі ракетна-касмічнай сферы дзейнасці, але і герой вайны. З самага пачатку Вялікай Айчыннай быў на фронце і ўсе 4 гады ваяваў з гітлераўскімі войскамі. Значна пазней узначаліў касмадром Байканур, удзельнічаў у запуску першага ў свеце штучнага спадарожніка Зямлі і адпрацоўцы касмічных караблёў “Усход” для палёту чалавека ў космас, быў членам Дзяржаўнай камісіі па падрыхтоўцы да запуску касмічных караблёў, на борце якіх у космас адправіліся Ю.Гагарын і Г.Цітоў.

Навучэнцы Сорагскага ясляў-сада — сярэдняй школы натхняюцца прыкладам знакамітага земляка. Свой вялікі гераічны шлях Канстанцін Васільевіч пачаў за партай сорагскай школы — гэта ведае кожны навучэнец установы, гэтым ганарацца. З 2002 года ўстанова носіць імя свайго знакамітага выпускніка. У школе стварылі музей, прысвечаны К.В.Герчыку. Экспазіцыі расказваюць пра яго жыццё і работу: тут можна ўбачыць фотаздымкі і дакументы, звязаныя з яго біяграфіяй, кнігі, напісаныя касманаўтам, а таксама яго ўласныя рэчы — шынель, рабочы стол і крэсла. Музей для ўстановы стаў сапраўдным цэнтрам выхаваўчай работы. Кожны навучальны год у школе пачынаецца з мерапрыемстваў, прысвечаных знакамітаму земляку — гэта экскурсіі ў музейны пакой, класныя і інфармацыйныя гадзіны. На працягу навучальнага года тут адбываюцца значныя падзеі: прыём у члены БРПА, сустрэчы з цікавымі людзьмі і інш. Працуе гурток “Музейная справа”, яго ўдзельнікі з задавальненнем праводзяць экскурсіі для навучэнцаў школы, а таксама гасцей з іншых устаноў адукацыі раёна. У гэтым годзе Сорагскі ВПК рыхтуецца да значнай даты — 100-годдзя з дня нараджэння К.В.Герчыка. Ва ўстанове пройдзе шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных гэтай падзеі, у тым ліку плануецца запусціць віртуальны музей.

Наш чалавек у космасе

Некалькі школьнікаў з Чэрвеня ніколі не забудуць той дзень, калі яны атрымалі пашпарты. І не толькі таму, што гэта сімвал сталення, а таму, што галоўны дакумент ім уручыў касманаўт Алег Навіцкі. Урачыстае мерапрыемства адбылося сёлета напярэдадні Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Алег Віктаравіч — асоба знакавая для ўсёй нашай краіны, а на Чэрвеньшчыне да яго ставяцца асабліва. Гэтае імя добра ведае без перабольшання кожны школьнік у раёне. Касманаўт нарадзіўся ў Чэрвені, вучыўся ў сярэдняй школе № 2. І ва ўстановах адукацыі шмат робяць, каб яго прыклад быў карысным новаму пакаленню.

У 2013 годзе ў сярэдняй школе № 2 імя А.К.Флегантава з’явіўся музей касманаўтыкі. Таксама была пасаджана алея Касманаўтыкі, прысвечаная першаму палёту Навіцкага ў космас, пазней яна папоўнілася новымі дрэўцамі ў гонар другога палёту касманаўта.

Сёння ў музеі дзве залы. Адна расказвае пра гісторыю развіцця астраноміі ў Старажытным свеце і ў эпоху Сярэднявечча, другая — пра жыццё і дзейнасць А.В.Навіцкага. Дарэчы, касманаўт прысутнічаў на адкрыцці музея і перадаў у яго фонд шмат экспанатаў.

У Чэрвені Дзень авіяцыі і касманаўтыкі святкуецца заўсёды маштабна і цікава. Напрыклад, тут праводзіліся “касмічныя фестывалі” — вялікія пазнавальна-забаўляльныя мерапрыемствы, якія ўключалі ў сябе творчыя і інтэлектуальныя конкурсы. Традыцыйным стаў лёгкаатлетычны крос імя А.В.Навіцкага — удзел у ім бяруць навучэнцы ўстаноў адукацыі і жыхары Чэрвеня.

Выхоўваючыся ў такім асяроддзі, дзеці шчыра цікавяцца касмічнай тэматыкай. На працягу 5 апошніх гадоў школьнікі раёна паспяхова бяруць удзел у Гагарынскіх чытаннях. Штогод дапамагае навучэнцам ствараць цікавыя праекты для чытанняў настаўніца сярэдняй школы № 3 Чэрвеня Людміла Уладзіміраўна Кацько. Тры гады запар адпраўляюцца чэрвеньскія школьнікі і на Міжнародную касмічную алімпіяду, якая праходзіць у падмаскоўным Каралёве. Гэты інтэлектуальны марафон складаецца з двух этапаў: абароны творчых праектаў па розных напрамках касманаўтыкі і алімпіяды па матэматыцы, фізіцы, інфарматыцы, прыродазнаўстве і літаратуры. Навучэнцы выступаюць добра, вяртаюцца дадому з дыпломамі і ўзнагародамі. У прыватнасці, на алімпіядзе не раз былі адзначаны выхаванцы Анатоля Канстанцінавіча Шабусава, настаўніка сярэдняй школы № 1 Смілавіч, і Ірыны Пятроўны Хандога, якая працуе ў сярэдняй школе № 2 Чэрвеня. Для дзяцей касмічная алімпіяда — гэта не толькі магчымасць праявіць свае здольнасці, але і захапляльнае падарожжа. Удзельнікі алімпіяды пабывалі ў Цэнтры кіравання палётамі, Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.А.Гагарына ў Зорным гарадку, сустракаліся з касманаўтамі.

Сяброўства на “міжнароднай арбіце”

“Касмічная апантанасць” захапіла і юных жыхароў Крупскага раёна. І тут у папулярнасці касмічнай тэматыкі таксама адыграў ролю знакаміты зямляк — двойчы Герой Савецкага Саюза лётчык-касманаўт Уладзімір Васільевіч Кавалёнак, ураджэнец Крупшчыны.

У сваёй “касмічнай” дзейнасці школьнікі раёна выйшлі “на міжнародную арбіту” — наладзілі сяброўскія сувязі з гімназіяй № 93 Уфы, якая носіць імя У.В.Кавалёнка. Так, навучэнцы гэтай гімназіі ўзялі ўдзел у праекце “Космас і мы”.

Удзельнікі раённага эколага-патрыятычны клуба “Спадчына”, які працуе на базе Крупскай раённай гімназіі, распрацавалі комплекс мерапрыемстваў для школьнікаў, якія сталі асновай раённага праекта “Космас і мы”. Праект прымеркаваны да 75-годдзя з дня нараджэння У.В.Кавалёнка і 40-годдзя яго першага палёту ў космас. Выхаванцы клуба “Спадчына” падрыхтавалі і правялі ў раёне электронную гульню “Знаўцы космасу”, інтэрактыўную віктарыну “Чалавек і космас” . У рамках праекта прайшлі конкурсы малюнкаў, паэтаў і празаікаў. У рэжыме тэлемоста гімназісты з Уфы прынялі ўдзел у раённым конкурсе міні-праектаў “Космас і мы”, а таксама ў сустрэчы з У.В.Кавалёнкам. Касманаўт з задавальненнем прыйшоў да школьнікаў і адказаў на іх пытанні.

Штогод навучэнцы Крупскага раёна ўдзельнічаюць у рабоце Міжнароднай летняй аэракасмічнай школы імя касманаўта-выпрабавальніка У.Н.Султанава. Работа школы ладзіцца ў Башкартастане, а ініцыятарам яе стварэння быў Уладзімір Кавалёнак. Менавіта яму належала і ідэя запрасіць да ўдзелу ў рабоце школы яго юных землякоў. Лекцыі, майстар-класы, сустрэчы з касманаўтамі і экспертамі рознага кшталту, а яшчэ знаёмствы з такімі ж апантанымі космасам юнакамі і дзяўчатамі з іншых краін — усё гэта дорыць навучэнцам аэракасмічная школа.

Як і гімназія № 93 Уфы, Хацюхоўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа Крупскага раёна носіць імя У.В.Кавалёнка. Установы цесна ўзаемадзейнічаюць і паміж імі заключаны дагавор аб міжнародным супрацоўніцтве. У Хацюхоўскім ВПК ужо больш за 30 гадоў працуе музей У.В.Кавалёнка. Тут можна даведацца пра гісторыю касманаўтыкі, біяграфію касманаўта, яго палёты ў космас, сустрэчы з землякамі, можна ўбачыць дакументы, узнагароды, уласныя рэчы У.В.Кавалёнка. Напрыклад, трэніровачны касцюм, гідракамбінезон, партрэт Юрыя Гагарына, які тройчы пабываў у космасе. Клапоцячыся пра сваіх сяброў, якія знаходзяцца вельмі далёка, а таксама пра ўсіх, хто не можа прыехаць у музей у Хацюхі, тут стварылі віртуальную экспазіцыю.

Сёння адзначаецца Дзень касманаўтыкі і авіяцыі. Гэтае свята цудоўнае тым, што нагадвае ўсім нам, наколькі неверагодныя дасягненні чалавека. І касмічная тэматыка надзвычай спрыяльная для выхавання і навучання дзяцей: дае ім разуменне таго, што любы чалавек можа дасягнуць касмічных вышынь — і вобразна, і літаральна.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара і Аляксандра БУДЗЬКО.