Касмічныя вышыні чэрвеньскіх школьнікаў

- 11:28Адукацыйная прастора

Касмічных вышынь здольны дасягнуць звычайныя школьнікі. Штогод гэта пацвярджаецца на Міжнароднай касмічнай алімпіядзе. Сёлета яна прайшла 25-ы раз і зноў сабрала юных аматараў космасу з розных краін. Прадстаўнікі Мінскай вобласці таксама ўдзельнічалі ў алімпіядзе і вельмі паспяхова.

Па традыцыі XXV Міжнародная касмічная алімпіяда школьнікаў прайшла ў падмаскоўным Каралёве — неафіцыйнай касмічнай сталіцы Расіі. За чвэрць стагоддзя, што праводзіцца алімпіяда, удзел у ёй узялі больш за 3500 школьнікаў з Аўстраліі, Беларусі, Вялікабрытаніі, Грэцыі, Германіі, ЗША, Ізраіля, Казахстана, Кітая, Расіі, Швецыі. У гэтым годзе інтэлектуальнае спаборніцтва сабрала больш за 200 юных аматараў касманаўтыкі, а таксама іх педагогаў з Расіі, Беларусі, Балгарыі і Японіі.

XXV Міжнародная касмічная алімпіяда была прысвечана 60-годдзю запуску штучнага спадарожніка Зямлі, які паклаў пачатак асваенню космасу. Удзельнікам давялося прайсці праз два этапы алімпіяды. На першым яны абаранялі свае праекты, прысвечаныя касманаўтыцы. Канкурсанты раскрывалі тэму выкарыстання вынікаў касмічнай дзейнасці ў інтарэсах сусветнай супольнасці і мадэрнізацыі сусветнай эканомікі, прысвячалі свае работы заваяванню планет Сонечнай сістэмы, касмічным місіям на астэроіды, робататэхнічным сістэмам у касманаўтыцы, гістарычным аспектам і літаратурнай творчасці аб касманаўтыцы. На другім этапе ўдзельнікі выконвалі алімпіядныя заданні па матэматыцы, фізіцы, інфарматыцы, прыродазнаўстве і літаратуры. Вызначаліся пераможцы кожнага этапу алімпіяды, таксама па выніках усіх выступленняў складаўся агульны рэйтынг удзельнікаў.

Тры гады ў Міжнароднай касмічнай алімпіядзе ўдзельнічае каманда Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. Натхнёныя прыкладам свайго земляка, касманаўта Алега Навіцкага, чэрвеньскія дзеці шчыра цікавяцца касмічнай тэматыкай. Яны падрыхтавалі для конкурсу надзвычай цікавыя работы. Напрыклад, Паліна Шаўкунова прадставіла даследаванне “Аптымізацыя ўмоў вырошчвання вольфіі бескаранёвай”. Юлія Шыпуля вывучала “Узаемасувязь працэсаў дэнатурацыі і рэнатурацыі бялку”. Георгій Аляксееў звярнуў сваю ўвагу на тэму “Уплыў фаз Месяца на псіхалагічны стан падлеткаў”. Ягор Пацалуеў даследаваў магнітны ваўчок, а Максім Шастак — касмічнае люстэрка. Навучэнцы годна прадставілі на алімпіядзе нашу краіну і атрымалі ўзнагароды.

Дыпломамі пераможцы алімпіяды па прыродазнаўстве ўзнагароджаны Дар’я Грыбко, навучэнка 11 класа сярэдняй школы № 4 Чэрвеня, і Георгій Аляксееў, навучэнец 10 класа Запольскай сярэдняй школы Чэрвеньскага раёна. Дыпломы прызёраў алімпіяды заваявалі навучэнцы сярэдняй школы № 1 Смілавіч: адзінаццацікласнік Ягор Пацалуеў паказаў цудоўныя веды па прыродазнаўстве, а васьмікласнік Максім Шастак — па фізіцы. Прызёрам алімпіяды па літаратуры стала Вольга Лосік, навучэнка 11 класа сярэдняй школы № 4 Чэрвеня.

Дар’я РЭВА.
Фота Алы КРУК.