Касцюковіцкае золата

“Прыязджайце да нас лепш летам, калі ўсё квітнее, буяе, а на школьным двары асабліва прыгожа і ўтульна”, — нярэдка даводзіцца чуць журналістам “Настаўніцкай газеты” падчас камандзіровак. У Касцюковіцкім раёне скажуць інакш: “Прыязджайце да нас лепш восенню, калі бярозы асыпаюць зямлю золатам лістоты, а тысячы кветак, што красуюцца на сельскіх падворках, школьных і вулічных клумбах, дапаўняюць прыродныя фарбы і ствараюць цэласную карціну восеньскай прыгажосці”. Адным словам, прыязджайце на Касцюкоўшчыну ў пару залатой восені — і вы абавязкова азалаціцеся.

Аснова дабрабыту

Золата касцюковіцкай зямлі асаблівае. І гэта не толькі залацістае ўбранства дрэў, засыпаная залацістым лісцем зямля і залацістыя колеры аксамітак на шматлікіх клумбах. Гэта працавітыя людзі з іх залатымі рукамі, гэта паэты з іх творамі, якія складаюць залаты фонд нашай літаратуры, нарэшце, гэта… цэмент, той самы, які выкарыстоўваецца ў будаўніцтве. Менавіта цэмент з’яўляецца для касцюковіцкай зямлі галоўным золатам — шэрым золатам.

Каб пабудаваць дом, патрэбен цэмент. Каб пабудаваць дарогу-бетонку, таксама патрэбен цэмент. Амаль усё, што акружае нас, з’явілася і ўзведзена дзякуючы цэменту. Цэмент — асноўны кампанент бетону, а значыць, аснова будаўнічага працэсу. Каб гэты працэс не спыняўся, кожны год Беларуская цэментная кампанія, галоўны філіял якой знаходзіцца каля Касцюковіч, выпускае тысячы тон цэменту. Цэмент — гэта і ўтульныя кватэры, і роўныя дарогі, і асветленыя вуліцы (ліхтары размешчаны на бетонных слупах). Цэмент — гэта адна з асноў эканомікі нашай дзяржавы, дабрабыт беларускіх сем’яў. Касцюкаўчане, як ніхто іншы, ведаюць гэта, паколькі большасць дарослага насельніцтва райцэнтра працуе на БЦЗ.

Сваім сацыяльна-эканамічным развіццём, утульнасцю, сучасным выглядам Касцюковічы ў многім абавязаны цэменту, а дакладней, мергелю — карыснаму выкапню, з якога пры перапрацоўцы і атрымліваецца цэмент. Непадалёк радовішчаў гэтай горнай пароды і пачалося ўзвядзенне ў канцы 70-х гадоў цэментнага завода. Адначасова на месцы асушанага балота ў Касцюковічах пачалося будаўніцтва мікрараёна Маладзёжны. У 1991 годзе цэнтрам адукацыйнага і сацыяльна-культурнага жыцця мікрараёна стала сярэдняя школа № 4, шэфам якой, як няцяжка здагадацца, з’яўляецца Беларускі цэментны завод.

Горад у горадзе

А вось цэнтрам выхаваўчага жыцця школы з’яўляецца этнаграфічны музей “Спадчына”, экспазіцыя якога расказвае і пра гісторыю ўзвядзення мікрараёна Маладзёжны, і пра гісторыю будаўніцтва БЦЗ. Захоўваюцца тут і часцінкі мергелю, з якога падчас перапрацоўкі атрымліваецца тое самае шэрае золата. Цэментная казка Касцюковіч, або “шэрая залатая ліхарадка”, пачалася ў 60-я гады ХХ стагоддзя з геолагаразведкі, а ўжо 18 лістапада 1977 года Касцюковіцкі райвыканкам зацвердзіў акт выбару пляцоўкі для будаўніцтва цэментнага завода “Камунары”. Урачысты пачатак будаўніцтву завода быў дадзены ў чэрвені 1979 года. Адначасова пачалося і будаўніцтва жылога мікрараёна, якому першапачаткова планавалася даць назву “Цэментнік”. Беларускі цэментны завод быў абвешчаны ўсесаюзнай маладзёжнай будоўляй. Жыхарамі новага мікрараёна павінны былі стаць пераважна маладыя сем’і, таму жылы комплекс у выніку атрымаў назву “Маладзёжны”.

— Моладзь з усёй Магілёўскай вобласці і суседніх расійскіх рэгіёнаў ехала ў Касцюковічы, каб атрымаць жыллё і наладзіць сваё жыццё. Мікрараён узводзілі будаўнічыя арганізацыі з усёй краіны, таму ў Маладзёжным ёсць так званыя магілёўскія, бабруйскія дамы — іх узводзілі будаўнічыя арганізацыі з гэтых гарадоў. Кожны дом адметны не толькі сваёй назвай, але і архітэктурай. Па назвах дамоў можна вывучаць геаграфію Беларусі, а па іх знешнім выглядзе — архітэктурныя стылі сучаснага па-нэльнага будаўніцтва. Пра тое, як узводзіўся мікрараён, нашы вучні даведваюцца не толькі падчас музейных экскурсій, але і падчас класных гадзін, куды запрашаюцца бацькі школьнікаў — работнікі цэментнага завода. Гэтыя мерапрыемствы носяць у асноўным прафарыентацыйны характар, паколькі разам з гісторыяй узвядзення мікрараёна дарослыя расказваюць дзецям пра асаблівасці сваёй працы на заводзе. Кожны год нехта з нашых выпускнікоў паступае на інжынерныя спецыяльнасці і потым працягвае справу бацькоў. Працоўныя дынастыі ў нас не рэдкасць, — паведаміла кіраўнік музея настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Святлана Валянцінаўна Маслянкова.

Сёння мікрараён Маладзёжны з’яўляецца паўнавартаснай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай горада. Асаблівую ролю ў жыцці мікрараёна адыгрывае сярэдняя школа № 4 Касцюковіч. У яе добраўпарадкаванні прымалі ўдзел усе жыхары мікрараёна. На ўрачыстай лінейцы 1 верасня 1991 года прысутнічалі будаўнікі, бацькі вучняў. Аднак гэта яшчэ не было афіцыйнае адкрыццё новага будынка. Шлях у краіну ведаў у новай школе пачаўся для больш чым 500 вучняў 15 кастрычніка, у пару залатой восені, калі касцюковіцкая зямля выглядае асабліва прыгожа і ўтульна. Гэтую ўтульнасць прышкольнай тэрыторыі з 2000 года надаюць 100 ліп і рабін сквера, пасаджанага вучнямі выпускных класаў па ініцыятыве былога дырэктара Тамары Паўлаўны Глушаковай.

Уся інфраструктура школы, у тым ліку спартыўная (напрыклад, хакейная пляцоўка, пляцоўка для міні-футбола), створана дзякуючы фінансавай падтрымцы Беларускага цэментнага завода. Шэрае золата матэрыялізуецца, і ў выніку атрымліваюцца неабходныя для ўсебаковага развіцця дзяцей і дарослых аб’екты. Пералічваць іх можна доўга. Гэта і дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 1 Касцюковіч, і раённая бальніца, і магазіны, і нават сквер “Цэментнік”, многія дрэвы якога пасаджаны вучнямі чацвёртай касцюковіцкай школы і ветэранамі працы. Дарогу па вуліцы Камсамольскай ад цэнтра горада да мікрараёна ўпрыгожвае алея Дружбы, закладзеная ў гонар 15-гадовых сяброўскіх адносін паміж Касцюковічамі і нямецкім Дытцэнбахам. Яшчэ адным памятным аб’ектам мікрараёна з’яўляецца ўсталяваны на паўночна-ўсходняй ускраіне Касцюковіч, паблізу ўрочышча “Баравец”, скульптурны помнік, які мае 4 мемарыяльныя дошкі з прозвішчамі 171 чалавека. Гэта брацкая магіла воінаў Чырвонай Арміі і сем’яў партызан, што загінулі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны.

Была вёска, жыве вёска

З касцюковіцкага цэменту ў 2006 годзе быў узведзены і памятны знак “20 гадоў чарнобыльскай катастрофы” — бетонны слуп у выглядзе бярозы, на якім буслінае гняздо. Сімвалічным з’яўляецца тое, што гняздо не раскідана, хаця, напэўна, аўтары памятнага знака маглі пайсці і такім шляхам, бо пасля аварыі на ЧАЭС 40% тэрыторыі раёна было забруджана радыенуклідамі, а ў перыяд з 1986 па 2006 год было пераселена амаль 3 тысячы жыхароў 30 вёсак, сотні дамоў ператварыліся ў раскіданыя гнёзды. І ўсё ж гняздо на памятным знаку не разбурана. Бетонны бусел горда распасцёр крылы, нібыта толькі што прыляцеў пакарміць сваіх буслянят. Так і жыхары выселеных вёсак прылятаюць у думках у родныя пенаты, не хочуць — ды і не могуць — забыць зямлю продкаў, мясціны, дзе прайшло дзяцінства, юнацтва.

Не забываюць і жыхары аграгарадка Новыя Саматэвічы. Няцяжка здагадацца, што гэта перасяленцы з вёскі Саматэвічы, а дакладней, мястэчка, якое славілася калісьці не толькі сваёй заможнасцю, але і таленавітымі людзьмі. Самым знакамітым ураджэнцам гэтай вёскі з’яўляецца Аркадзь Куляшоў. Не будзем спыняцца на літаратурнай частцы біяграфіі паэта, для гэтага ёсць урокі літаратуры, а лепш завітаем літаратурны музей народнага паэта А.А.Куляшова Новасаматэвіцкай сярэдняй школы, які з’яўляецца філіялам Касцюковіцкага краязнаўчага музея. Дзякуючы аповеду настаўнікаў пра некаторыя эпізоды з жыцця Аркадзя Куляшова, яго родных, землякоў, здзейснім краязнаўчае падарожжа ў мінулае, наведаем тыя самыя Саматэвічы, дачарнобыльскія.

Дарэчы, назва вёскі і пайшла ад спалучэння слоў “тыя самыя”. Было гэта ў далёкія часы. Як сведчыць легенда і як паведаміла загадчык філіяла настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Міхайлаўна Лабынцава, некалі на беразе рэчкі Чарнавуткі з’явіліся людзі. Жылі-жылі, а потым некуды з’ехалі. Праз некаторы час яны зноў вярнуліся на аблюбаванае месца. Мясцовыя іх заўважылі і сказалі: “Тыя самыя”. Адваротны парадак слоў гэтага выразу і даў назву населенаму пункту. У пачатку ХХ стагодзя гэта было вялікае мястэчка. Тут знаходзіліся Свята-Траецкая царква, бальніца, школа. Ды і жыхары тут былі людзьмі адметнымі.

— Калі ўпершыню трапіла ў Саматэвічы па размеркаванні, мяне адразу здзівілі людзі. Яны былі іншага складу, чым жыхары навакольных вёсак, — надзвычай добрыя, спагадлівыя, беражліва захоўвалі свае абрады і традыцыі, ды і мясцовасць, дзе яны жылі, маляўнічая. Магчыма, гэтая маляўнічасць і паўплывала на характар жыхароў Саматэвіч. Яны спагадлівыя ў дачыненні і да землякоў, і да прыезджых. Таму ў Новых Саматэвічах лёгка прыжыліся перасяленцы з іншых забруджаных вёсак. Мясцовыя жыхары захавалі ранейшыя назвы вуліц, але з’явіліся і новыя, утвораныя ад назваў вёсак, адкуль прыехалі перасяленцы: Хацімская, Слабадская. Сёння ў аграгарадку жывуць не толькі чарнобыльцы, але і бежанцы. І кожнага жыхары тых самых старых Саматэвіч прымаюць гасцінна, сардэчна, — паведаміла Наталля Міхайлаўна.

Пасля перасялення новаму населенаму пункту прапаноўвалі даць назву Прагрэс, аднак мясцовыя жыхары выступілі за іншы варыянт — Новыя Саматэвічы. Вяскоўцы і зараз часта згадваюць старыя Саматэвічы. Цяпер на іх месцы толькі лес, ніводнай хаты, аднак у памяці перасяленцаў Саматэвічы засталіся шматлюдным мястэчкам. Тая памяць адлюстроўваецца і ў фотавыставе “Жыла-была вёска”, што ладзіцца да дня чарнобыльскай трагедыі. Гучыць гэтая памяць і на класных гадзінах, на якіх бацькі, бабулі і дзядулі вучняў дзеляцца сваімі ўспамінамі пра дачарнобыльскае жыццё. На аснове гэтых успамінаў вучні ствараюць даследчыя работы, складаюць вершы і падчас рэспубліканскіх конкурсаў дзеляцца памяццю сваіх родных з усёй краінай.

Куляшоў Няшчасны, Аркадзь Шчаслівы

Ва ўспамінах саматэвіцкіх старажылаў пра былое жыццё мястэчка чырвонай ніткай праходзіць лёс Аркадзя Куляшова і яго родных. Паэта на малой радзіме любілі, любяць і будуць любіць. Захаваліся нават куляшоўскія тапонімы, напрыклад, Куляшоўскі мост.

— Куляшоў часта наведваў родныя Саматэвічы, для яго заўсёды было шчасцем сустрэцца са сваякамі, сябрамі. Для местачкоўцаў кожны прыезд вядомага земляка быў сапраўдным святам. Збіралася амаль уся вёска і каля моста, які знаходзіўся побач з домам паэта. Людзі спявалі, танцавалі — адсюль і назвалі мост Куляшоўскім. Паэт часта наведваў свайго настаўніка матэматыкі Сцяпана Андрэевіча Брыльянтава. Ён добра іграў на скрыпцы, і яны падоўгу сядзелі, размаўлялі. Аднойчы Аркадзь Куляшоў з зяцем затрымаліся ў Сцяпана Андрэевіча. Ужо было цёмна, і яны пачалі блукаць на машыне, ніяк не маглі выехаць з мястэчка, бо яно вялікае, вуліц шмат. Пад’ехалі да моста, і Куляшоў спытаўся ў моладзі, дзе яны. Хлопцы і дзяўчаты адказалі, што на Куляшоўскім мосце. Паэт засмяяўся і сказаў, што родныя Саматэвічы не хочуць яго адпускаць, — падзялілася кіраўнік музея.

Аркадзь Куляшоў нарадзіўся ў Саматэвічах. Тут, у мясцовай школе, працавалі яго бацькі-настаўнікі. Сям’я была інтэлігентнай, сябравала з раднёй пана Галынскага. Паэт шмат атрымаў у дзяцінстве ад бацькоў, у якіх была багатая бібліятэка. Мама сфарміравала ў А.Куляшова і любоў да роднага слова, бо вельмі добра спявала народныя песні. Ён гаварыў, што Кацярына Фамінічна не спявала толькі тады, калі вяла ўрокі. “Я хаце абавязаны прапіскаю — // Калыскаю, падвешанай пад столь. // Я маці абавязан кожнай рыскаю…” Кацярына Фамінічна, як і жыхары Саматэвіч, была гасцінная, спагадлівая. Пра гэтую спагадлівасць сведчыць адзін выпадак, які здарыўся з Аркадзем Куляшовым у дзяцінстве і пра які ён часта ўспамінаў у дарослыя гады.


Калі хлопчыку было 5 гадоў, ён разам з малодшым сябрам спаліў палову вёскі. А здарылася гэта так: іх пакрыўдзіў сусед, яны вырашылі яму адпомсціць — падпалілі салому, ад саломы агонь перакінуўся на хлеў, з хлява — на дом, потым — на іншым дом. Вяскоўцы працавалі ў полі, а калі прыбеглі, то ўжо згарэла палова вёскі. Людзі прагнулі расправы над дзецьмі. Маці сябра Куляшова жорстка пабіла хлопчыка перад усёй вёскай. Праз два дні хлопчык памёр. А вось маці Аркадзя забараніла вяскоўцам здзекавацца з сына. З таго часу Аркадзь Куляшоў пачынаў моцна хвалявацца, калі дзеці бралі запалкі ў рукі, бо той момант з дзяцінства, калі ён страціў сябра, ніколі не пакідаў яго памяці.

— Першыя сшыткі са сваімі вершамі паэт падпісваў “Куляшоў Няшчасны”. Прычын для гэтага было многа. Гэта і трагічны выпадак у дзяцінстве з пажарам, і скасаваны паміж бацькамі шлюб (бацькі паэта развяліся, калі Аркадзь быў школьнікам). Тата паехаў у Крычаўскі раён з новай сям’ёй, забраў сына, а маці адправілася з дачкой у Хоцімскі раён. Куляшоў не прыжыўся ў Крычаве, пешшу вярнуўся ў Саматэвічы і жыў у бацькоўскім доме. Таму і быў няшчасны. Але ж скончыў школу і працягнуў вучобу ў Мсціслаўскім педагагічным тэхнікуме. На лета ён заўсёды прыязджаў да мамы. Кацярына Фамінічна, як ужо адзначалася, была добрай жанчынай. Разам з яе роднымі дзецьмі ў Хоцімск часта прыязджалі дзеці ад другога шлюбу яе былога мужа. Яна іх сустракала і гаварыла: “Вось едуць мае”. У яе не было дзялення на сваіх і чужых дзяцей. Кацярына Фамінічна ў адрозненне ад сына пражыла доўгае жыццё. Яшчэ ў 93 гады пісала лісты ў нашу школу, — паведаміла Наталля Міхайлаўна.

Нешчаслівым было і першае каханне Аркадзя да смуглявай Алесі, старэйшай за яго на два гады. Пра гэта таксама апавядаюць экспанаты музея, у прыватнасці захоўваецца фотаздымак Алесі Карыткінай. Па словах настаўніцы, першы раз яны сустрэліся, калі Куляшову было 14 гадоў. Адбылося гэта на Ільінскім кірмашы, які ладзіўся ў Саматэвічах 2 жніўня каля царквы. На кірмаш з’язджаліся людзі з многіх вёсак. Хто здалёк, выпраўляўся ў дарогу яшчэ ўначы, каб з першымі промнямі сонца прыехаць у Саматэвічы і выставіць на продаж свой тавар. Алеся прыехала з бацькам з суседняй вёскі. Аркадзь закахаўся ў смуглявую дзяўчыну, напісаў цэлую паэму, якую прачытаў сваёй сястры, і адразу спаліў тэкст. А знакаміты верш склаў пазней.

Алеся Карыткіна пасля заканчэння школы паехала вучыцца ў Ленінградскі педагагічны інстытут, адвучылася, выйшла замуж, аднак паміж ёй і Аркадзем вялася перапіска. Час ішоў. Калі яны ўжо былі сталымі, вырашылі сустрэцца ў Быхаве. Алеся прыехала з унучкай, паэт прыехаў адзін. Куляшоў заўважыў жанчыну, але пасаромеўся падысці, бо гэта ўжо была не тая смуглявая каханая. Ён сказаў ёй у думках “бывай”, так і не падышоўшы. Алеся прыязджала на пахаванне паэта, аднак пра далейшы яе лёс нічога невядома. Усе гэтыя акалічнасці жыцця паэта знайшлі адлюстраванне ў вучнёўскай даследчай рабоце “Малавядомыя факты з жыцця Аркадзя Куляшова”, а таксама ў экскурсіях вучняў. Дарэчы, юныя новасаматэвіцкія экскурсаводы рэгулярна займаюць прызавыя месцы на конкурсах акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”.

У 1978 годзе Аркадзь Куляшоў памёр. У 1989 годзе на малой радзіме паэта ў старым будынку школы быў адкрыты мемарыяльны музей. Заняткі ж вяліся ў новым будынку, узведзеным на сродкі ад Дзяржаўнай прэміі Аркадзя Куляшова за паэму “Сцяг брыгады”. У 1989 годзе стварылі музей, а ў 1991 годзе пачалося перасяленне вёскі. Паўстала пытанне аб захаванні музея. Адміністрацыя школы вырашыла на некаторы час, пакуль людзі перасяляліся, аддаць экспанаты ў раённы краязнаўчы музей. Праз пяць гадоў у новай школе ў Новых Саматэвічах быў створаны новы музей. На жаль, захавалася толькі частка экспанатаў з першапачатковага музея. Ды і ў саміх Саматэвічах няма ўжо дома Аркадзя Куляшова — ён згарэў падчас аднаго з пажараў, якія перыядычна ўспыхваюць у выселенай зоне. Засталася толькі шыльдачка, што тут нарадзіўся і жыў Аркадзь Куляшоў. На тым месцы насыпалі невялікі курган, паставілі на яго валун і прымацавалі шыльду.

Прыязджайце восенню!

Кожны год у пару залатой восені касцюковіцкая зямля літаральна палыхае ад залацістага ўбранства дрэў і стракатасці аксамітак. Гэты пажар ужо нікому не страшны. Ён не прыносіць бяды, не знішчае дамы ў выселеных вёсках. Гэтае вогнішча, наадварот, абдорвае людзей, надзяляе душэўнай раўнавагай. Таму прыязджайце ў Касцюковіцкі раён лепш за ўсё ў пару залатой восені. А наша падарожжа па гэтай маляўнічай зямлі абавязкова працягнецца. Наступны прыпынак — вёска Бялынкавічы. Пра яе настаўнікаў і вучняў чытайце ў адным з наступных нумароў.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *