Каткі і трасы для зімовай радасці

Скарыстацца зімовым надвор’ем і правесці час на катку і лыжні — летась дзятва была пазбаўлена такой магчымасці. А вось сёлета нават на паўднёвай Гомельшчыне сапраўдныя маразы. Толькі спецыялістамі ўстаноў адукацыі заліта 33 хакейныя пляцоўкі, 95 каткоў і пракладзена 566 лыжных трас і лыжняў.

Як расказала начальнік аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Алена Клачкова, і педагогі, і навучэнцы рады ўстойліваму снегу. Найбольш актыўнымі пры падрыхтоўцы каткоў і лыжняў былі ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі. У гэтым кірунку вызначыліся Савецкі раён Гомеля і Жлобінскі раён.

— На тэрыторыі школ і гімназій нашага Савецкага раёна створаны ўмовы для заняткаў дзецьмі зімовымі відамі спорту, — расказвае начальнік аддзела адукацыі Святлана Амінава. — Пры спрыяльных умовах пракладзена лыжня на тэрыторыі 16-ці устаноў адукацыі, залітыя 3 хакейныя пляцоўкі і 12 малых каткоў. Гэтая база выкарыстоўваецца для арганізацыі вучэбнага працэсу, правядзення спартыўна-масавых і фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў, а таксама для падрыхтоўкі да ўдзелу ў раённых і абласных спаборніцтвах накшталт “Снежны снайпер” і “Залатая шайба”.

На базе ўстаноў адукацыі Жлобінскага раёна сёлета заліта 3 хакейныя пляцоўкі, 3 каткі, пракладзены лыжні для правядзення спартыўна-масавых мерапрыемстваў у зімовы перыяд.

— У снежні — студзені ва ўстановах адукацыі Жлобінскага раёна праведзена больш за сто спартыўных мерапрыемстваў, — гаворыць загадчык Жлобінскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Алена Фёдарава. — Гэта дні снегу і зімовых відаў спорту, якія праходзяць пад дэвізам “Хто ўмее весяліцца, той марозу не баіцца”, аперацыі “Іскрысты лёд”, “Снежная лыжня”. Арганізавана работа гульнявых пляцовак “Зімовыя забавы” з катаннем на лыжах, санках, цюбінгах і снегакатах. Праведзены раённы этап рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне “Снежны снайпер”, плануюцца раённыя спаборніцтвы па зімовым мнагаборстве “Абаронца Айчыны”.

Добра падрыхтаваліся да зімы ў Чыгуначным раёне Гомеля і паўднёвых Хойніках. Сярод устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі вызначыўся Рагачоўскі будаўнічы каледж. Тут ёсць хакейная пляцоўка, каток і лыжня.

Трэба дадаць, што ва ўсіх раёнах вобласці яшчэ і ўпраўленне спорту і турызму Гомельскага аблвыканкама арганізавала работу спартыўных збудаванняў і аказанне паслуг насельніцтву. Яны прапануюць пракат канькоў і лыжаў, а таксама гарантуюць задавальненне ад катання на 80 катках і 48 лыжных трасах агульнай працягласцю 56 100 метраў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.