Кацінае шчасце вачамі юных мастакоў

- 10:46Навіны рэгіёнаў

Выстава “Кацінае шчасце” з удзелам выхаванцаў студыі “Натхненне” Гомельскага дзяржаўнага абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі адкрылася ў гомельскай мастацкай галерэі Гаўрыіла Вашчанкі.

Браты нашы меншыя — асноўныя персанажы. Юныя мастакі паспрабавалі прадставіць шчасце пухнатых улюбёнцаў па-свойму, творча. У сваіх работах дзеці спрабуюць данесці да гледача галоўную ідэю: у кожнага хатняга гадаванца сваё кацінае шчасце. 

— У нас ёсць сваё шчасце, у катоў яно таксама ёсць — сваё, — разважае кіраўнік студыі Анжаліка Шабалтас. — Вось пра гэта мы размаўлялі з дзецьмі, перш чым пачыналі працаваць. Кожны пра свайго ката расказваў, у кожнага знайшлося шмат кацінага шчасця. Гэта бачна па іх работах. Так што з ідэямі праблем не было. 

Шчасце катоў, па ўяўленнях юных мастакоў, — назіраць за сваёй выявай у люстэрку лужыны, марыць пра палёты пад парасонам, спаць у акружэнні мышак ці прадчуваць задавальненне перад ежай. Яшчэ на шчырых дзіцячых малюнках матылькі і птушкі, якія сябруюць з коткамі, каціныя танцы пад месяцам і многа таго, пра што дарослыя нават не здагадваюцца. 

Студыя “Натхненне” Гомельскага дзяржаўнага абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі зрабіла першы набор у верасні 2011 года. Тут займаюцца навучэнцы 9—20 гадоў. Кіраўнік студыі член Саюза мастакоў Беларусі Анжаліка Шабалтас актыўна прасоўвае творчасць сваіх выхаванцаў, афармляючы экспазіцыі ў Палацы творчасці і за яго межамі. Па яе ініцыятыве былі арганізаваны выставы “Планета дзяцінства”, “Вясна і сонца — у падарунак маме”, “Казачная краіна, ці Вандраванне ў свет замкаў” у бібліятэках і выставачных залах Гомеля.

Выхаванцы студыі ўдзельнічаюць у абласных, рэспубліканскіх і міжнародных творчых конкурсах і становяцца пераможцамі розных конкурсаў, у тым ліку рэспубліканскіх і міжнародных.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.