Кацярыну Хадасевіч-Лісавую добра ведае айчынны чытач. Дзясяткі яе кніг пабачылі свет у розных выдавецтвах Беларусі. Размовай з пісьменніцай “Настаўніцкая газета” распачынае цыкл гутарак з паэтамі, празаікамі, якія працуюць у школах краіны.
У звычайным школьным сшытку…
— Кацярына, які працоўны стаж у вас пераважае — педагагічны ці творчы, літаратурны?
— У сваёй роднай Ждановіцкай сярэдняй школе я працую з 1998 года, а першая мая публікацыя з’явілася ў часопісе “Першацвет” у 1996 годзе. Так што літаратурная дзейнасць пачалася раней, ну і да дэбюту ў друку я пісала, бо гэтага прáгнула маё сэрца. Першы твор, які я занатавала, а не проста прыдумала і пераказала родным ці сябрам, з’явіўся ў звычайным школьным сшытку, калі мне было 10 гадоў. Згадваю зараз, што ў маленстве я любіла прыдумваць розныя гісторыі і гуляць у школу. Вось так, праз гульні, у дзяцей адкрываюцца схільнасці, вызначаецца прафесія, вымалёўваецца будучыня. Бацькам трэба ўважліва назіраць за такім сур’ёзным дзіцячым заняткам — гульнямі. Можа стацца, калі прыйдзе час вызначацца з жыццёвым шляхам, у гэтым будзе добрая падказка.
— Дарэчы, як і чаму выбралі школу, настаўніцтва? Што стала першаштуршком у выбары прафесіі? Хто, магчыма, паслужыў прыкладам?
— Так, сапраўды, перад вачыма заўсёды быў прыклад — матуля Галіна Сільвестраўна, выдатнік адукацыі, якая ўсё жыццё працавала ў гэтай сферы.
З маленства памятаю, як мама расказвала пра школу і вучняў, як рыхтавалася да ўрокаў, правярала сшыткі, рабіла нагляднасць.
Дарэчы, у стварэнні нагляднасці часта дапамагаў мой тата Станіслаў Уладзіміравіч, а я прасіла, каб і мне такія вырабы падарылі. Я ў той час была дашкольніцай, але вельмі добра памятаю, як аднойчы бацькі майстравалі для ўрока прыгожых галубоў. Такая птушачка дасталася і мне, радасць ад гэтага я запомніла назаўсёды. Мама выкладала ў школе нямецкую мову, потым працавала метадыстам у цяперашнім Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, пасля больш за 30 гадоў курыравала настаўнікаў замежных моў усёй рэспублікі на пасадзе метадыста ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, як называлася гэтая ўстанова падчас работы ў ёй маёй мамы.
Ёсць у мяне і яшчэ адзін прыклад — першая настаўніца Лілія Уладзіміраўна Дубовік. Маладая, прыгожая, эфектная, стройная, яркая, з такой светлай усмешкай. Яна ўсім дзецям вельмі падабалася, і мы часта рабілі ёй кампліменты, звярталі ўвагу на яе прыгожыя сукенкі і нязменныя высокія абцасы, без якіх мы ніколі яе не бачылі. Я і сёння выразна памятаю некаторыя яе ўборы, туфлі, залаты бранзалет-гадзіннік і колцы-завушніцы. Вучні звяртаюць увагу на ўсё!
І я, калі прыйшла працаваць у школу, таксама настаўніцай пачатковых класаў, старалася выглядаць прыгожа. Прыемна ж чуць шмат кампліментаў-захапленняў ад дзяцей. Ну і па сабе дакладна ведаю, што вобраз настаўніцы застаецца ў памяці, становіцца прыкладам.
Фея Станіславаўна
— Усе вашы вучні ведаюць, што з імі працуе не проста педагог, а пісьменніца, вядомая ў краіне казачніца?
У школе я ўсё ж імкнуся заставацца педагогам, не афішырую сваю пісьменніцкую дзейнасць, не расказваю, што я казачніца і Кніжная Фея, але час ад часу дзве мае прафесіі пераплятаюцца.
Бывае, хоць і рэдка, праводжу ў сваёй школе творчыя сустрэчы, расказваю пра свае кнігі і персанажаў. Часцей за ўсё адбываюцца такія мерапрыемствы на канікулах у нашым школьным лагеры. Дзецям цікава, яны ўважліва слухаюць, з задавальненнем удзельнічаюць у інтэрактывах, выказваюць жаданне пачытаць кнігі. Пасля такіх кніжных свят яшчэ доўгі час, калі сустрэнуся з імі ў школьных калідорах, яны бурна рэагуюць, гучна вітаюцца, расплываюцца ў радасных усмешках і па-змоўніцку шэпчуць: “А мы ведаем, што вы — пісьменніца, вы — не Кацярына Станіславаўна, а Фея Станіславаўна!” Займела ў школе ад дзяцей такое вось імя, і яно мне падабаецца. (Усміхаецца.) Прыязджалі настаўнікі з нашай Ждановіцкай сярэдняй школы са сваімі класамі на Мінскую міжнародную кніжную выставу на маю прэзентацыю. Дзяцей не папярэджвалі, што там буду я, для іх быў сюрпрыз. Колькі яркіх эмоцый адлюстравалася ў іх шчырых вачах, калі яны пабачылі мяне ў вобразе Кніжнай Феі! Хлопчыкам і дзяўчынкам спадабалася настолькі, што яны завіталі і на чарговую маю прэзентацыю, якая адбылася на наступны дзень. Ну а потым, калі пасля завяршэння выставы я зноў стала настаўніцай, дзеці, якія прыязджалі на мае выступленні, пры сустрэчы ў школе беглі да мяне, віталі як Фею Станіславаўну, пыталіся, ці памятаю я, як яны да мяне прыязджалі, хоць з нашай сустрэчы мінула ўсяго некалькі дзён, расказвалі, як чыталі мае кнігі і прасілі, каб і пра іх я таксама напісала.
— Школа падказвае сюжэты, мастацкія вобразы?
— У працяг адказу на папярэдняе пытанне скажу, што не раз героі маіх твораў мелі прататыпаў з нашай школы, згадваліся рэальныя вучні і настаўнікі. Бывае, бяру імя кагосьці з дзяцей, часам надаю персанажу знешнасць рэальнага школьніка ці рысы характару альбо ўплятаю ў сюжэт нейкія падзеі, сітуацыі, выпадкі. Акрамя таго, работа ў школе дапамагае штодзень бачыць сённяшніх хлопчыкаў і дзяўчынак, ведаць, што ім цікава, чым яны займаюцца, пра што хацелі б пачытаць. Усё гэта трансфармуецца, дадаюцца некаторыя выдуманныя дэталі і крыху чараўніцтва. Так і з’яўляюцца новыя казкі, новыя героі і прыгоды.
Адкрыць свет чытання
— Вы аўтар многіх кніг, чытачы ў якіх ёсць літаральна ва ўсёй Беларусі… Даволі часта выступаеце перад хлопчыкамі і дзяўчынкамі, іх бацькамі, бібліятэкарамі. Што даюць вам вось гэтыя жывыя сустрэчы з чытачамі?
— Бачыць, чуць сваіх чытачоў і нават атрымліваць ад іх у сацсетках водгукі — для мяне частка не толькі работы пісьменніка, але і жыцця. Я часта і з вялікім задавальненнем сустракаюся з тымі, каму са старонак кніг расказваю казачныя гісторыі. Убачыць вочы чытачоў, паслухаць іх уражанні, даведацца, пра каго і пра што яны хацелі б пачытаць у казках Кніжнай Феі, надзвычай каштоўна і важна. Шчыра радуюся кожнаму новаму свайму сябру-чытачу, які прыціскае да сябе кнігу з аўтографам, а вочы дзіцяці праменяцца зацікаўленасцю, прыемным чаканнем сустрэчы з упадабаным героем, які стане добрым сябрам.
Магчымасць сустрэцца з бацькамі чытачоў, настаўнікамі і бібліятэкарамі таксама важная частка маёй работы, бо я заўсёды кажу, што мы з імі рупімся ў адной камандзе і маем мэтай зацікавіць дзяцей кнігай, адкрыць для іх свет чытання, закласці ў сэрцы і розумы нашых дзяцей самае добрае, светлае, каштоўнае. На такіх сустрэчах у нас адбываецца абмен думкамі, з’яўляюцца новыя ідэі, планы, праекты, пачынаецца супрацоўніцтва і творчае сяброўства. Каманда сапраўды зладжана працуе.
— Высокім аўтарытэтам быў і застаецца ў беларускай літаратуры Васіль Вітка. Ён аднойчы выказаў і такую думку: “Першая ступень жыцця ў адрозненне ад касмічнай ракеты не толькі не адпадае, а прырастае навек. І калі яна была ўдалая — чалавек шчаслівы, лёгка і радасна яго душы, калі няўдалая — усё жыццё адчувае яе пакутны цяжар”. Ці згодны вы з класікам?
— Згодна абсалютна, бо атрыманае на першай ступені жыцця — у дзяцінстве — застаецца з чалавекам назаўсёды. У маленстве закладваецца падмурак асобы, фарміруецца светаўяўленне, прывіваюцца каштоўнасці яго душы. Вялікую ролю ў гэтым маюць кнігі. Па-першае, іх наяўнасць у жыцці маленькага чалавека, а па-другое, якія кнігі ён чытаў, якое зерне праз іх трапіла ў сэрца і розум, якія парасткі далі тыя зярняты і як яны гадаваліся, даглядаліся.
Ролю дзіцячай кнігі немагчыма перабольшыць — яна каласальная. І тут ужо пісьменнікі, што ствараюць дзіцячую літаратуру, павінны выразна ўсведамляць сваю адказнасць перад маленькім чытачом, перад пакаленнямі, перад народам і чалавецтвам.
— Першы рускі часопіс для дзяцей насіў назву “Детское чтение для сердца и разума”. У якой ступені ўсё ж дзіцячая літаратура павінна насіць забаўляльны характар, а ў якой — павучальны?
— На мой погляд, у дзіцячых кнігах гэта павінна ўдала спалучацца. Варта пазбягаць адкрытага павучання, гэта наўрад ці спадабаецца чытачу. Ды і простыя наказы, як трэба рабіць, а як нельга — пройдуць міма. Пісаць трэба так, каб чытачы думалі над прачытаным і самі рабілі правільныя высновы, тады гэта праходзіць праз думкі і сэрцы дзяцей, што будзе мець моцнае ўздзеянне. Тэмы твораў трэба прапанаваць на любы густ і патрэбу, бо падабаецца дзецям рознае, хвалюе і турбуе таксама кожнага сваё. Ну і пазабаўляцца дзеці любяць, на мой погляд, у рознай ступені, гэта добра для кожнай кнігі.
“Усё жыццё веру ў цуды”…
— Дарэчы, што складае аснову, што рухае вамі ў творчасці — фантазія ці асэнсаванне рэчаіснасці, жаданне спалучыць жыццё з казкай?
— Творчасць — таямніца. Задума для стварэння кнігі — гэта своеасаблівая тонкая матэрыя. Бывае, яна ўзнікае сама па сабе, альбо перажытыя ўражанні праходзяць праз глыбіні твайго сэрца і патрабуюць падзяліцца з чытачамі. Часам знойдзецца цікавы прататып — і сюжэт пачынае вымалёўвацца, могуць натхніць нейкія падзеі, альбо хочацца данесці да чытачоў нешта важнае, ці проста дзелішся сваёй фантазіяй. Ідэю можна нечакана знайсці там, дзе ніколі і шукаць не прыдумалася б!
Бывае, і рэчаіснасць натхняе, але яе абавязкова трэба прапусціць праз свой чароўны ўнутраны свет. Кніжная Фея сапраўды лунае на паўпразрыстых крылах натхнення ў сваім сусвеце фантазіі. Там жывуць мае персанажы, з імі адбываюцца цікавыя прыгоды, а я толькі назіраю за дзеямі і занатоўваю тое, што ўбачыла і пачула. Мне дапамагае мой сябар ноўтбук, які разумее мае думкі праз танец пальцаў на клавіятуры і захоўвае іх у сваёй электроннай памяці.
Творцу ў працэсе работы над кнігамі шанцуе пражыць шмат жыццяў, ствараць характары, адчуць розныя эмоцыі і перажыванні сваіх персанажаў, апынуцца ў іншым часе, у самых незвычайных месцах, назіраць за падзеямі, весці сваіх герояў… У кожным творы я пакідаю часцінку сябе, застаюся жыць у сваіх кнігах.
І абавязкова ў мяне ўсё спалучаецца з казкай. Сама ўсё жыццё веру ў цуды, у добрыя казкі, у перамогу светлага над цёмным. Гэта адлюстроўваецца ў маіх кнігах. Як Фея, маю сакрэтны рэцэпт — дадаю ў творы некалькі дробак чарадзейства, бязмерны кубачак дабрыні, шчодрую жменю цікавостак, яркае дражэ весялосці, зярняткі духоўных каштоўнасцей і загадкавы, непрадказальны на смак інгрэдыент — для вастрыні сюжэта. Кнігі па такім рэцэпце чытачам падабаюцца! (Усміхаецца.)
— З тых чытачоў, што сустракаюцца вам і ў роднай школе, і ўвогуле, ці шмат з іх гатовы аддаць галоўныя прыярытэты папяровай кнізе?
— Так, дзеці выбіраюць папяровыя кнігі. Ім хочацца гартаць старонкі якаснай паперы, разглядаць прыгожыя малюнкі, адчуваць водар друкарскай фарбы новай кнігі ці асаблівы пах старога, крыху пажоўклага выдання, якое дзесяцігоддзямі стаіць на паліцы і памятае іх бацькоў маленькімі. Я не сустракала юных чытачоў, якія б чыталі кнігі ў тэлефоне. Гэта, магчыма, прыйдзе пазней, калі дзеці падрастуць і больш не будуць мець ранейшай неабходнасці ілюстрацый, калі кніга будзе чытацца не ў ложку перад сном ці разам з бацькамі ва ўтульным месцы дома… Але тыя, хто адкрыў для сябе дзівосны свет чытання, проста часам могуць для зручнасці выбіраць іншы варыянт кнігі, але назаўсёды застаюцца чытачамі.
А наша задача — прывабіць у гэты свет чытання як мага больш хлопчыкаў і дзяўчынак. Калі крыху “пачараваць” над кнігай і праз новыя тэхналогіі ператварыць яе ў некаторы сімбіёз літаратуры і камп’ютарнай гульні, то чытачоў стане больш і ў звычайнай папяровай кнігі. Бо я ўпэўнена, што кніга ніколі не страціць сваёй актуальнасці.
Алесь КАРЛЮКЕВІЧ