Кацярына Міхнёнак расказала, як зменіцца пасля капітальнага рамонту сярэдняя школа № 1 Шаркаўшчыны

- 11:00Планерка

Пра тое, якой стала сёлетняя аздараўленчая кампанія, і планамі на новы навучальны год падзялілася з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” начальнік аддзела па адукацыі Шаркаўшчынскага райвыканкама Кацярына Міхнёнак.

— Сёлета аздараўленне ў школьных лагерах прайшло для 285 навучэнцаў на базе ўсіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна (іх усяго 7). Аздараўленне было арганізавана ў 3 змены ў лагерах з дзённым знаходжаннем і ў 9-дзённых кругласутачных лагерах. Накіраванасць летнікаў розная: грамадзянска-патрыятычная, спартыўна-аздараўленчая, экалагічная. Таксама дзейнічалі лагеры працы і адпачынку. У першую чаргу ў лагеры залічваліся дзеці з мнагадзетных, няпоўных і малазабяспечаных сем’яў, дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, і тыя непаўналетнія, якія знахо­дзяцца на розных відах уліку. Прафілактычныя мерапрыемствы з выхаванцамі право­дзілі прадстаўнікі РАУС і РАНС. У рамках акцыі “Крок да поспеху” да нас прыяз­джалі кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Таксама ў летніках праводзіліся розныя мерапрыемствы патрыятычнага кірунку.

— Як рыхтуецеся да новага навучальнага года?

— У Шаркаўшчынскім раёне выкананы шырокі комплекс работ па пад­рыхтоўцы ўстаноў адукацыі да 1 верасня. Пры гэтым вялікая ўвага ўдзя­ляецца стварэнню бяспечных умоў знаходжання навучэнцаў, умацаванню і развіццю матэрыяльна-тэхнічнай базы, паляпшэнню ўмоў працы работнікаў, добраўпарадкаванню прылеглых тэрыторый.

Ва ўсіх установах адукацыі праве­дзены касметычны рамонт. Сёння вядуцца работы па капітальным рамонце сярэдняй школы № 1 Шаркаўшчыны — самай вялікай школы раёна. На гэтыя мэты выдзелена 3 млн рублёў. 1 верасня дзеці прыйдуць у новыя светлыя кабінеты, будуць займацца ў адрамантаваных спартыўнай і актавай залах. Таксама ва ўстанове адукацыі адрамантаваны майстэрні, сталовая, бібліятэка, абноўлена мэбля, камп’ютарная тэхніка, лабараторнае абсталяванне, інфармацыйныя стэнды.

Вялікая ўвага ўдзелена і іншым установам адукацыі раёна. Так, на бягучыя рамонты школ і дзіцячых садоў вы­дзелена 2 млн рублёў. У межах бягучых рамонтаў абноўлены харчаблокі і санвузлы дзіцячых садоў, праведзена доб­раўпарадкаванне тэрыторыі, абноўлена агароджа і надворнае абсталяванне.

З мэтай стварэння бяспечных умоў знаходжання ва ўстановах адукацыі плануецца ўстаноўка сістэмы кантролю аддаленага доступу, кодавых замкоў, пашыраецца сістэма відэаназі­рання.

Галоўным упраўленнем па адукацыі Віцебскага аблвыканкама набыты
адзі­н новы аўтобус, які дазволіў абна­віць парк школьнага транспарту і цалкам адпавядаць усім тэхнічным патрабаванням. У шэрагу ўстаноў абноўлена тэхналагічнае і халадзільнае абсталяванне ў харчаблоках.

Установы адукацыі да новага навучальнага года прыводзяць у парадак не толькі будаўнікі, але і бацькі, навучэнцы, працоўныя калектывы, за што ім асобны дзякуй! Мы ўсе разумеем, што гэта наш агульны клопат.

Работа па падрыхтоўцы школ і дзіцячых садоў не заканчваецца з іх прыёмкай. Мерапрыемствы па стварэнні прыгажосці працягваюцца да 1 верасня. А ўсмешка дзяцей і дарослых, якія прыходзяць на Дзень ведаў, — гэта самая важная пахвала і ўзнагарода.

— Кацярына Генадзьеўна, што вам як кіраўніку падабаецца ў “Настаўніцкай газеце”? Чаму вы яе чытаеце?

— “Настаўніцкая газета” для мя­не — тое выданне, якога заўсёды чакаеш! У ёй можна знайсці актуальныя, сучасныя і цікавыя матэрыялы. Супрацоўнікі Выдавецкага дома — высакакласныя спецыя­лісты, спагадлівыя і адкрытыя людзі, якія добра адчуваюць сітуацыю ў адукацыі, жывуць сваёй работай.

Прыемна, што газета не стаіць на месцы, яна расце і развіваецца ў адпаведнасці з патрабаваннемі часу, а галоўнае — самога чытача.

Напярэдадні новага навучальнага года рэдакцыі “Настаўніцкай газеты” і ўсім калегам жадаю моцнага здароўя, бадзёрасці, аптымізму і творчых поспехаў!

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА