Кацярына Старнакова працуе ў гімназіі Фаніпаля ўсяго тры гады, але ўжо дзеліцца вопытам з педагогамі раёна

- 13:15Первое рабочее место

“Толькі ўлюбёны ў сваю справу педагог можа натхніць дзяцей на атрыманне ведаў”, — упэўнена настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі Фаніпаля імя А.І.Гурына малады спецыяліст-мэтавік Кацярына Старнакова. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Педагагічны шлях Кацярыны Старнаковай пачаўся з моманту, калі дзяўчына вырашыла паступіць на філалагічны факультэт БДПУ па мэтавым накіраванні, каб пасля вярнуцца ў сваю родную гімназію Фаніпаля. Атрымаўшы чырвоны дыплом універсітэта, яна пачала рабіць свае першыя крокі як малады спецыяліст пад чулым кіраўніцтвам дырэктара гімназіі Галіны Казіміраўны Майсейчык, якая таксама з’яўляецца настаўніцай беларускай мовы і літаратуры.

Кацярына Валер’еўна не толькі настаўнік-прадметнік, але і класны кіраўнік — строгая, патрабавальная, але разам з тым чулая і душэўная, знаходзіць ключык да сэр­ца кожнага вучня. Менавіта ёй калегі аказалі давер, выбраўшы старшынёй пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі гімназіі.

— Столькі ўсяго адбылося ў маім жыцці за гэтыя тры гады, а таксама ў жыцці маіх калег! — адзначае Кацярына. — Але што б ні здарылася — радасная альбо сумная падзея, побач заўсёды быў прафсаюз, які аказваў маральную і матэрыяльную дапамогу. Прафсаюз гімназіі — актыўны ўдзельнік цікавых мерапрыемстваў, экскурсій, якія аб’ядноўваюць калектыў, прыносяць узнагароды і мноства станоўчых эмоцый.

Работа з маладымі спецыялістамі — адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці прафсаюза. Сумесныя намаганні
накіраваны на сацыяльную, прафесійную і псіхалагічную адаптацыю педагогаў-пачаткоўцаў, абарону іх сацыяльна-працоўных правоў і інтарэсаў, падрыхтоўку і папаўненне маладымі людзьмі прафсаюзнага актыву, дапамогу ва ўсіх іх пачынаннях. Прафсаюзная дзейнасць робіць маё жыццё яркім, цікавым, разнастайным, дае магчымасць для зносін з калегамі з іншых устаноў адукацыі.

Кацярына Валер’еўна лічыць, што кожны педагог абавязаны займацца самаразвіццём — наведваць семінары, вэбінары, чытаць не толькі педагагічную і мастацкую літаратуру, але і псіхалагічную, цікавіцца чымсьці новым. Заўсёды ёсць магчымасць асвоіць сучасныя формы, метады і прыёмы навучання, падабраць такія матэрыялы, каб дапамагчы вучням з лёгкасцю выву­чыць нават складаныя тэмы. Так, Кацярына Старнакова распрацоўвае ўрокі-гульні, а для старшых класаў — урокі-лекцыі.

Нягледзячы на тое, што педагог працуе ў гімназіі ўсяго тры гады, яна ўжо дзеліцца сваім вопытам з настаўнікамі гімназіі, раё­на, маладымі калегамі. Настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Дзяржынскага раё­на Кацярына Валер’еўна расказвала пра выкарыстанне QR-кодаў і тэставых заданняў на ўроках. Малады спецыяліст уваходзіць у склад журы раённых алімпіяд і конкурсаў і сама прымала ўдзел у конкурсе “IT-мазаіка”, раённым этапе “Настаўнік года — 2023”.

Гімназісты пад кіраўніцтвам Кацярыны Валер’еўны штогод займаюць прызавыя месцы ў раённых дыягнастычных алімпіядах “Алімпіядныя надзеі”, навукова-практычных канферэнцыях “Першы крок у навуку”, “Беларусь, ты збудавана з беларускіх слоў!”, анлайн-конкурсе “Пад Зоркай Венеры”, акцыі “Чарнобыль — погляд скрозь слёзы”.

— Я ўдзячна сваёй гімназіі, роднаму Фаніпалю, краіне за тое, што маю магчымасць рэалізоўваць сябе, за спакойнае, добрае, мірнае жыццё, — гаворыць Кацярына Старнакова. — Беларусь для мяне — гэта не проста месца пражывання, гэта мой дом, тут я напаўняюся гордасцю і любоўю, шчасцем і жаданнем працаваць. Нездарма кажуць: дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся. Выхоўваць патрыятызм у маладых людзях можна не толькі падчас розных выхаваўчых мерапрыемстваў, а перш за ўсё на асабістым прыкладзе любові да вялікай і малой ра­дзімы.

Надзея ЦЕРАХАВА