Кава на палітры

Калі дабавіць да кавы пару лыжак вады, дробку фантазіі, жменю дзіцячай цікаўнасці і прыгаршчы жадання тварыць, прыправіць усё талентам майстра — вы створыце ўнікальную карціну ў арыгінальнай тэхніцы. Кававы грызайль стаў візітоўкай народнай студыі выяўленчага мастацтва “Майстэрня мастацтваў” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ранак” Мінска і яе кіраўніка Інгі Алегаўны Лішчук.

Духмяны жывапіс

“Гранулы буйныя, таму мы пальчыкамі расціраем іх і сыплем на малюнак. Тут блік зробім, тут на шапачку і шалік сняжку падсыплем. Як думаеце, чаго нашай саве не хапае? Можа, вейкі ёй намалюем? Толькі не зафарбоўвайце ўвесь малюнак — пакідайце прабелы, каб заставалася свежасць і кантраснасць”, — духмяны майстар-клас сабраў вакол Інгі Алегаўны з дзясятак навічкоў. Амаль не міргаючы, дзяўчаты сочаць за рукамі педагога, за мазкамі і пырскамі кавы на малюнку, каб тут жа паспрабаваць стварыць штосьці падобнае.

Каваграфія (кававы жывапіс, кававы грызайль і г.д.) — гэта арыгінальная тэхніка малявання карцін кававым растворам. Яна мае тысячы прыхільнікаў, ёй прысвечаны супольнасці, розныя мастацкія і інтэрнэт-праекты. Зарадзіўся ж гэты кірунак на стыку тысячагоддзяў. Першыя карціны, напісаныя кавай, былі прадстаўлены ў канцы 90-х гадоў мастакамі з Тайланда і Індыі. Сёння эксперыменты працягваюцца: нехта выкарыстоўвае молатую каву, а нехта — само зерне.

Інга Алегаўна аддае перавагу растваральнай каве ў гранулах. Менавіта яна дае насычаны, амаль чорны тон. Гэта дазваляе рабіць малюнкі кантраснымі — ад самых светлых адценняў да глыбокіх цёмных акцэнтаў. 

Тэхніка малявання крыху нагадвае акварэльны жывапіс, бо і тут дапускаецца празрыстасць, шматслойнае накладанне мазкоў і паступовая прамалёўка дэталей. Магчымы розныя эфекты (падцёкі, заліванне), якія робяць карцінку больш цікавай. Кава добра расцякаецца па мокрай паперы і дае магчымасць выпраўляць недахопы ў працэсе: прыбраць лішнія плямы сухім пэндзлем або зменшыць насыча-насць кропляй вады.

Духмяная фарба падыходзіць для стварэння карцін любога жанру: парт-рэтаў, простых малюнкаў, скетчаў, пейзажаў, эцюдаў і замалёвак, нацюрмортаў, анімалістыкі. Для стварэння элементарных кампазіцый дастаткова пачатковых навыкаў малявання. Сур’ёзныя работы патрабуюць валодання некаторымі мастацкімі прыёмамі, што выкарыстоўваюцца ў акварэльным жывапісе: расцяжка колеру, заліванне, падэтальная прамалёўка, размыццё і да т.п. Найцяжэй даюцца партрэты, асабліва вочы. Калі яны стылізаваныя, прыдуманыя, то тут прасцей, а каб намаляваць вочы, у якіх адбіваецца ўвесь свет, трэба добра пастарацца, і ў дзяцей на гэта ідзе найбольш часу.

13-гадовая Ліза Ігнатовіч 7 гадоў займаецца ў Інгі Алегаўны: “Акрамя акадэмічнага жывапісу, мы час ад часу спрабуем і нешта новенькае, нетрадыцыйные. На-прыклад, нацюрморты і пейзажы “малюем” гумкай, выціраючы сюжэт на зафарбаваным алоўкам аркушы, робім гратажы, аплікацыі і інш. Нешта атрымліваецца адразу, для нечага трэба крыху цярпення, але я заўсёды з ахвотай спрабую ўсё. Сярод усіх тэхнік вылучаецца якраз кававы жывапіс. І нягледзячы на тое, што фарба тут, па сутнасці, аднаго колеру, карціны атрымліваюцца яркімі, насычанымі. Для гэтага трэба навучыцца бачыць у карычневым не адзін, а шмат розных колераў. Я, напрыклад, сёння малюю кветкі. Паглядзіце, якія розныя яны атрымаліся!”

Прырода стала галоўным сю-жэтам і на карцінах 11-гадовай Машы Трубчык. “Часам так хочацца памаля-ваць, што няма сіл чакаць, пакуль буду дома. Таму я заўсёды нашу аркушы і фарбы з сабой. Ці, у крайнім выпадку,  блакнот. Я вельмі люблю ездзіць на дачу, бо там прыгожая прырода і так хочацца адлюстраваць кожнае яе змяненне. Нават арэлі ў нашым садзе ў кожную пару года выглядаюць па-рознаму”, — расказвае дзяўчынка.

Акрамя пейзажаў, пад пэндзлямі мастакоў вырастаюць архітэктурныя шэдэўры, калматыя каты і сабачкі, грывастыя коні…

“Кава добрая тым, што аб’ядноўвае дарослых і дзяцей. Бацькі любяць піць каву, а вось дзецям з-за яе ўласцівасці вымываць з арганізма кальцый яна супрацьпаказана. Таму, пакуль таты і мамы каву п’юць, дзеці ёй малююць. А яе водар аб’ядноўвае іх, разнявольвае, дае магчымасць забыцца на ўсе жыццёвыя абставіны і мітусню”.

Тонкасці творчасці

“Галоўнае тут — згатаваць вельмі насычаны, густы раствор, — тлумачыць Інга Алегаўна. — Мы бяром 2 сталовыя лыжкі кавы і перамешваем з 3 сталовымі лыжкамі гарачай вады. Гэта старт — самы цёмны тон. Яго мы наліваем на палітру і ў розныя ячэйкі дабаўляем розную коль-касць вады, тым самым мяняючы насычанасць колеру. Так атрымліваецца тонавая расцяжка. Але для пачаткоўцаў падыдзе і накладванне слоя на слой — у такім выпадку таксама будзе мяняцца тон. Дабіцца пераходаў і багатай палітры (ад светла-бежавага да цёмна-карычневага) можна, выкарыстоўваючы па-рознаму змочаны ў вадзе пэндзаль. Добра змочаны ворс дае бляклыя лініі, амаль сухі пэндзлік — насычаныя цёмныя контуры. З кавай цікава гу-ляць, міксаваць тэхнікі — не толькі выкарыстоўваць завараную растваральную каву, але і пасыпаць сухую. Цікавы марозны ўзор дае, высыхаючы, і пасыпаная соль. Можна рабіць расцяжкі па мокрым аркушы ад цёмнага да светлага, маляваць мазкамі ці прамалёў-ваць дэталі васковай крэйдай. Абавязкова трэба пакі-даць белы колер: ён надае рабоце свежасць, кантраст, гульню святла і ценю, бо інакш яна становіцца сумнай, панурай. Але можна белы колер замяніць моцна разбаўленай кавай, каб была светлая лесіроўка. Можна зрабіць пераход ад светлага да цёмнага, вылучыць галоўнае, вызначыць планавасць. Каб расставіць акцэнты, напрыклад, тут, на сярэ-дзінках макаў, мы пасыпалі кававы парашок. 

Дабаўляем мы і карыцу. Раствор карыцы не атрымліваецца: ён густы і вязкі, нават пры моцнай канцэнтрацыі атрым ліваецца разбеленым. А вось эфект карыцы, пасыпанай зверху малюнка, цікавы. Дарэчы, па гэтай прычыне кавай мы малюем не на мальбертах, а на сталах. Так зручней”.

Кава супраць чаю

Першыя свае кававыя выставы студыйцы ладзілі гадоў 8 назад, калі такі жывапіс яшчэ быў малавядомы. Пасля быў бум яго папулярнасці, які з часам прыціх. У 2019 го-дзе ў “Ранак” прыязджала група навукоўцаў і выкладчыкаў з Кітая, і яны абменьваліся вопытам з педагогамі студыі ў гэтым творчым кірунку. Тады якраз праходзіла персанальная выстава кававага жывапісу Вікторыі Салановіч, навучэнкі Інгі Алегаўны. Карціны дзяўчынкі вельмі ўразілі гасцей. 

Кававы грызайль не губляе папулярнасці ў цэнтры і сёння. Пад кіраўніцтвам Інгі Алегаўны ў аддзеле выяўленчага мастацтва працуюць 10 педагогаў, і ўсе яны ў сваёй рабоце час ад часу прымяняюць маляванне кавай, каб абудзіць у дзяцей пачуццё новага. Мяркуючы па колькасці навучэнцаў-мастакоў (а іх у 10 педагогаў ажно 846), такі падыход ім падабаецца. А ўлічваючы, што кожны год яны прывозяць узнагароды з усіх магчымых творчых конкурсаў — ад раённых да міжнародных — іх творчасць і прафесіяналізм даспадобы і экспертнаму журы.

Высока ацэньваюць дзіцячую творчасць і гараджане. Так, нядаўна студыйцы право-дзілі сваю выставу ў суседнім гандлёвым цэнтры. Яны супрацоўнічаюць і з кавярнямі, натхняючы наведвальнікаў на кубачак гарачага напою сваімі карцінамі, выстаўленымі там. Выставы праходзяць і ў іншых цэнтрах дадатковай адукацыі, у школах сталіцы. 

Сёння Інга Алегаўна і яе навучэнцы робяць першыя крокі і ў чайным жывапісе, які, скажу вам, таксама заслугоўвае ўвагі. Першыя работы чаем яны ўжо стварылі, а ў педагога аддзела Дар’і Аляксандравай ёсць ужо цэлая калекцыя чайных карцін. Праўда, цяпер яна паехала ў Гродна атрымліваць вышэйшую адукацыю і на гэты час уладкавалася ў цэнтр дадатковай адукацыі ў Гродне, дзе працягвае з дзецьмі заняткі чайным жывапісам. Дарэчы, у педагогіку Дар’я прыйшла з кавярні, дзе працавала барыста. 

У Інгі Алегаўны шмат творчых планаў: “У будучыні мы хочам паспрабаваць зла-дзіць батлы — чай супраць кавы, бо абедзьве гэтыя “фарбы” цікава кладуцца на аркуш і цяжка сказаць, якая з іх цікавей глядзіцца. Таксама ў перспектыве хочам паспрабаваць зміксаваць простую графіку і, скажам, залаты фон, ці акварэль і каляровыя алоўкі, ці акварэль і графіку. Усё гэта хоць і не заменіць класічнага жывапісу, але, безумоўна, падтрымае цікавасць да яго”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.