Кавун у школу!

- 16:45Адукацыйная прастора

На Гомельшчыне запускаецца “кавуновы” сеткавы эксперымент. На прышкольных участках па ўсім рэгіёне сельскія школьнікі будуць выпрабоўваць самыя перспектыўныя гатункі, каб скласці на наступныя гады агародныя планы. Днямі кіраўнікі школьных эксперыментаў з шасці раёнаў рэгіёна сабраліся ў Гомельскім дзяржаўным абласным эколага-біялагічным цэнтры дзяцей і моладзі, каб абмеркаваць усе нюансы новай для Беларусі справы са спецыялістамі. Усяго ў эксперыменце будуць задзейнічаны 45 каманд-удзельніц.

М. Ф.Сцяпура расказвае пра эксперымент.

Натхнёныя кліматам

Адным з першых пра перспектыў­насць вырошчвання паласатай ягады за­явіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Штогод на бахчы ў сваёй рэзідэнцыі ён знімае каля 100 тон ураджаю. Гэта стала рэальнасцю з лёгкай рукі Мечыслава Сцяпуры, доктара сельскагаспадарчых навук, дацэнта Інстытута агародніцтва НАН Беларусі. Цяпер менавіта Мечыслаў Францавіч будзе навуковым кіраўніком школьнага экс­перымента на Гомельшчыне. Метадычную падтрымку калегам будзе аказваць абласны экалагічны цэнтр. Эксперымент жа право­дзіцца ў межах праекта “EU4Youth: “Школьны сад” для развіцця сельскагаспадарчага прадпрымальніцтва”, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца грамадскай арганізацыяй “Беларускі зялёны крыж”. Ініцыятыва EU4Youth падтрымлівае магчымасці па працаўладкаванні і актыўнае грамадзянства маладых людзей у шасці краінах “Усходняга партнёрства”: Арменіі, Азербайджане, Беларусі, Грузіі, Малдове і Украіне.

Наталля Святкіна, каардынатар пілотных ініцыятыў праекта “EU4Youth: “Школьны сад” для развіцця сельскагаспадарчага прадпрымальніцтва”, гаворыць:

—  Вясковая школа заўсёды становіцца тым месцам, дзе аб’ядноўваюцца інтарэсы ўсіх лю­дзей: і старшага пакалення, і сярэдняга, і дзяцей, і маладых баць­коў, і моладзі. І менавіта кавун можа стаць той палачкай-выручалачкай, тым пачаткам, новым падыходам, які зверне людзей да сельскай гаспадаркі. І калі не з’явіцца гэтая ініцыятыва ў школе, баюся, іншага шансу вярнуцца да земляробства ў сяле не бу­дзе.

Пра прыродныя прычыны перагле­дзець асартымент традыцыйных агародных культур у Беларусі ўдзельнікам сустрэчы расказаў Вячаслаў Жукаў, начальнік філіяла “Гомельаблгідрамет” Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя:

А.А.Ранько вучыць вызначаць кіслотнасць глебы.

— Пацяпленне ў Беларусі не мае роўных па працягласці і па інтэнсіўнасці. Яно ў нас фіксуецца штогод пачынаючы з 1989 года. У Гомельскай вобласці за гэты час перавышана кліматычная норма на 1,4 градуса. А павышэнне толькі на 1 градус адпавядае змяшчэнню кліматычнай зоны на 150—200 кіламетраў уверх на поўнач. Калі будзе павялічана норма на 3 градусы, то наш клімат стане такім жа, як цяпер на поўдні Украіны. Хаця ўжо цяпер у нас вегетацыйны перыяд павялічыўся на 10—15 дзён. Больш за тое, у нас ужо ўтварылася новая кліматычная зона з самай цёплай у межах Беларусі зімой і самым працяглым вегетацыйным перыядам, што дазваляе паспяхова вырошчваць у Беларусі паўднёвыя расліны, якія раней у нас не раслі: кукурузу на зерне, сою, проса і інш. Галоўнае для нас — адаптавацца да новых кліматычных умоў і выкарыстац­ь новыя магчымасці для пашырэння пераліку. Напрыклад, 5 гадоў ужо на маім агародзе спеюць кавуны. Прычым мае суседзі нават і расаду не вырошчваюць, а сеюць насенне адразу ў грунт. Так што, тут не толькі тэарэтычныя, але і практычныя перадумовы ёсць.

Не менш спрыяльнай перадумовай Мечыслаў Сцяпура назваў і з’яўленне новых перспектыўных гатункаў кавуноў. Прычым ён зазначыў, што варта звяртаць увагу менавіта на галандскія гібрыды, а не на расійскія, бо мы якраз з Галандыяй знаходзімся амаль на адной шыраце. 

У Інстытуце пладаводства НАН Беларусі былі праведзены грунтоўныя сортавыпрабаванні, і з больш як 20 гатункаў і гібрыдаў былі вызначаны самыя высокаўраджайныя і мала­ўспрымальныя да розных захворванняў і шкоднікаў. Дарэчы, як паказаў эксперымент, менавіта гібрыды пераўзышлі па ўсіх паказчыках гатункі ў некалькі разоў. Самымі перспектыўнымі аказаліся гібрыды “раманза”, “топ ган”, “бедуін”, “селебрэйшн”, “крысбі”, “крымстар” і інш.

Для запуску эксперымента прадстаўнікі ўсіх каманд атрымалі насенне трох першых гібрыдаў, а таксама экалагічна-чыстыя гумінавыя ўгнаенні, касеты і грунт для расады — вытворчасць усяго гэтага асвоена айчыннымі прадпрыемствамі.

Мечыслаў Францавіч падрабязна расказаў пра ўсю тэхналогію вырошчвання кавуноў: ад пасеву расады да ўборкі ўраджаю і падрыхтоўкі поля да наступнага кавуновага сезона, у тым ліку і пры вырошчванні кавуноў на адным і тым жа месцы. Бо хоць іх лепш вырошчваць пасля шматгадовых траў ці злакавых, на прышкольным участку гэта наўрад ці атрымаецца. Ды і месца пад бахчу спатрэбіцца шмат: эксперымент прадугледжвае высадку адразу 90 каліў кавуна.

Не менш важны і склад глебы для кавуна, асабліва яе кіслотнасць (аптымальны pH павінен быць роўным 5,9 — 7,5). Алена Анатольеўна Ранько, дырэктар Гомельскага дзяржаўнага абласнога эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі, паказала, як вызначыць гэтыя паказчыкі з дапамогай спецыяльнах тэст-палосак. Такія ж наборы для вызначэння кіслотнасці атрымалі ўсе ўдзельнікі эксперымента, каб правесці доследы на сваіх участках і пры неабходнасці скарэкціраваць узровень кіслотнасці глебы.

Эксперымент на бахчы

Як і належыць дырэктару, Алена Анатольеўна галоўным вынікам эксперымента спадзяецца ўба­чыць зацікаўленасць у дзіцячых вачах: “Даследніцтва, вучэбна-даследчая дзейнасць, у межах якой будзе праходзіць мерапрыемства, эксперымент, для нас вельмі актуальныя. І мы будзем вучыць дзяцей не проста вырошчваць па ўсіх правілах такую нетрадыцыйную пакуль для Беларусі культуру, як кавун, але разам з гэтым будзем вучыць іх асновам даследчай дзейнасці. У нас ёсць прадстаўнікі розных раёнаў з розных кропак Гомельскай вобласці і таму, мабыць, вынікі будуць розныя, але галоўнае і тое, што яны асвояць правільную тэхналогію вырошчвання, якая была распрацавана дзякуючы супрацоўніцтву з арганізацыяй “Зялёны крыж” і пры навуковай падтрымцы Мечыслава Сцяпуры. Важна і тое, што мы бу­дзем адраджаць земляробства і на пацярпелых тэрыторыях, у тым ліку і на прышкольных доследных участках, дзе доўгія гады нельга было апрацоўваць зямлю.

У Таццяны Іванаўны Нікалаенка, дырэктара Ялчанскай школы Брагінскага раёна, дваякія адчуванні, бо, кажа, хоць эксперымент — справа цікавая, але давядзецца ўсяму вучыцца па-новаму. Але ж першыя крокі яе школа ўжо зрабіла:

— Мы ўжо адрадзілі наш прышкольны ўчастак, маем у сябе 8 сотак малін, 3 соткі клубніц, тры 12-метровыя цяпліцы з агароднінай, плануем распрацаваць і далучыць да прышкольнага ўчастка яшчэ паўгектара зямлі. І ўсё для таго, каб навучыць дзяцей працаваць на зямлі. Бо мы хоць і сельскія жыхары, але 30-гадовы перапынак у працы з зямлёй прынёс свае страты. Сённяшнія дзеці, нават старэйшыя, і не ўяўляюць, як трымаць у руках матыку. Яны імкнуцца пакінуць ра­дзіму і знайсці сабе прытулак у гарадах. Але тыя, у каго не атрымалася, вяртаюцца на сяло, аднак прымянення сабе знайсці не могуць. Таму мы будзем прывіваць навыкі земляробства, прадпрамальніцтва і, спадзяюся, некалі здолеем спыніць выміранне нашых вёсак.

Ніна Міхайлаўна Корань, настаўніца Малажынскай сельскай школы Брагінскага раёна, ужо даўно супрацоўнічае з арганізацыяй “Беларускі зялены крыж”, таму больш смела ўключаецца ў новы эксперымент. Дзякуючы адной з нядаўніх сумесных ініцыятыў, яна па сумяшчальніцтве стала і кіраўніком сямейнага клуба “Малінавы трус”, які дзейнічае ў яе вёсцы няпоўны год.

— На базе свайго клуба мы з дзецьмі займаемся развядзеннем трусоў, праводзім эксперымент: назіраем, чым лепш карміць трусоў, каб яны раслі больш здаровымі. Акрамя таго, займаемся вырошчваннем агародніны ў цяпліцах, шмат у нас і малін, і многа чаго яшчэ, бо наша задача — унесці нешта новае ў жыццё вёскі. Мы хочам, каб нашы дзеці не з’язджалі, не шукалі сабе прымянення на чужыне, а ўбачылі на свае вочы, што і ў вёсцы можна дастойна жыць і мець прыбытак. А хто, калі не школа, не настаўнікі, зоймецца гэтым? — гаворыць Ніна Міхайлаўна.

На працягу ўсяго перыяду правядзення эксперымента яго ўдзельнікі змогуць атрымліваць кансультацыі спецыялістаў-агратэхнікаў. Усе каманды будуць фіксаваць вынікі доследу ў сваіх дзённіках у адпаведнасці з распрацаванай метадычнай схемай. Акрамя таго, будзе створана спецыяльная інтэрнэт-платформа, на якой яго ўдзельнікі будуць фіксаваць свае поспехі, уносіць даныя ў метадычныя табліцы, дзяліцца фатаграфіямі і задаваць пытанні кансультантам. 

Школы стануць не толькі вопытнымі пляцоўкамі, але і цэнтрамі распаўсюджвання ведаў аб новых відах сельгаспрадукцыі і бяспечных агратэхналогіях, базамі для развіцця ў дзяцей і моладзі працоўных і прадпрымальніцкіх навыкаў. Дарэчы, у ліку эксперыментатараў не толькі школьнікі, але і мясцовыя жыхары, і проста зацікаўленыя людзі.

Сярод іх і Андрэй Дзмітрыевіч Лебе­дзеў, выкладчык Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Ён займаецца вывучэннем сядзібнай культуры Лое­ва і Брагіна. Па яго словах, 100 гадоў назад менавіта гэтыя сядзібы былі перадавымі па выкарыстанні агратэхналогій. І таму сёння ён з задавальненнем далучаецца да “кавуновага” эксперымента і як дачнік, і як чалавек, які хоча вярнуць былыя перадавыя пазіцыі гомельскім сядзібам.

 — На паўднёвым усходзе Гомельшчыны і цяпер захаваліся сядзібы тых людзей, захаваліся нават сады, пасаджаныя яшчэ да рэвалюцыі. Іх гаспадары заўсёды пераймалі прадукцыйныя еўрапейскія агратэхналогіі, лепшыя гатункі насення, прылады працы і прымянялі гэта ўсё ў сябе. Хоць некалі і было прынята наракаць на памешчыкаў, насамрэч гэта былі адукаваныя людзі, у якіх сяляне шмат чаму маглі павучыцца. Спадзяюся, гэтая традыцыя — навучыцца самому і навучыць іншых — захаваецца, — гаворыць Андрэй Дзмітрыевіч.

Ініцыятыва разлічана на шэсць месяцаў. За гэты час да яе могуць далучыцца ўсе жадаючыя, узяўшы ўдзел у конкурсах малюнкаў, артыкулаў, фота- і відэарэпартажаў на тэму “Як мы вырасцілі кавун”. Вынікі эксперымента падвядуць бліжэй да збору ўраджаю. Кульмінацыяй ініцыятывы стане свята “Дзень кавуна і яго сяброў” з дэгустацыяй, якое адбудзецца 24—25 жніўня ў Лоеве. Арганізатары спадзяюцца, што свята не завершыць эксперымент, а натхніць яшчэ больш людзей стварыць у сябе бахчу.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара  і з інтэрнэту.