Кавунамі і дынямі ласаваліся навучэнцы Станькаўскай сярэдняй школы імя Марата Казея ў мінулыя выхадныя. Ды не якімі-небудзь, а ўласна вырашчанымі! Такія пачастункі падрыхтавалі для школьнікаў удзельнікі аб’яднання па інтарэсах “Экалюдзікі”, што дзейнічае ў школе.
Як сведчаць гісторыкі, яшчэ ў XIX стагоддзі ў сядзібе графа Чапскага ў Станькаве былі аранжарэі з экзатычнымі раслінамі і цяпліцы з фруктовым гадавальнікам, дзе вырошчвалі арэхі, шаўкоўніцу і нават ананасы. Сучасныя юныя жыхары Станькава вырашылі, што яны таксама здольныя на раслінаводчыя подзвігі, і прадоўжылі справу сваіх далёкіх землякоў.
У Станькаўскай сярэдняй школе больш за 25 гадоў дзейнічае экалагічны гурток “Экалюдзікі”. За гэты час мяняліся формы работы, назва, але нязменным заставалася шчырая цікавасць гурткоўцаў да прыродных з’яў і кіраўнік — Яўгенія Уладзіславаўна Міхно, якая прывівае дзецям любоў да прадмета і натхняе на новыя пошукі. Удзельнікі аб’яднання па інтарэсах “Экалюдзікі” займаліся азеляненнем прышкольнай тэрыторыі, вырошчвалі расаду, шчыравалі на школьным агародзе. Важны кірунак дзейнасці аб’яднання — даследчая дзейнасць. Дзеці не раз выступалі са сваімі работамі на канферэнцыях, конкурсах. Напрыклад, “Экалюдзікі” вывучалі відавы склад парку Станькава. Знаёмячыся з гісторыяй парку, якая цесна пераплецена з гісторыяй роду Чапскіх, даведаліся пра цяпліцы і вырошчванне нетыповых для мясцовасці раслін. Вырашылі і самі паспрабаваць, але кавуны і дыні школьнікі вырошчвалі без цяпліцы ў адкрытым грунце. Вывучылі тэорыю, склалі план работы, расаду вырошчвалі ў школьным кабінеце. А потым высаджвалі яе ў грунт з выкарыстаннем тэхналогіі “цёплыя грады”. Усё лета ўдзельнікі аб’яднання, а таксама іх памочнікі — вучні пачатковых класаў — пільна даглядалі расліны, а ўвосень зялёныя “выхаванцы” парадавалі дзяцей. Кавуны і дыні меншыя па памеры, але на смак не горш за тыя, што прывозяць да нас з паўднёвых рэгіёнаў.
Вынікам стараннай работы ўдзельнікаў аб’яднання па інтарэсах “Экалюдзікі” сталі не толькі прысмакі, якімі яны з радасцю і гонарам дзяліліся са сваімі школьнымі сябрамі, але і цікавыя назіранні, якія стануць асновай для наступнай даследчай работы. А на наступнае лета ставяць для сябе ўжо новыя задачы — вырасціць ананасы.
Дар’я РЭВА.
Фота прадстаўлены ўстановай адукацыі.