Казачнае свята для дзяцей

- 10:10Навіны рэгіёнаў

Дабрачыннае свята ў межах акцыі “Грамадскія арганізацыі — дзецям” прайшло ў Гродзенскім абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі.

Удзельнікамі яго сталі выхаванцы дамоў сямейнага тыпу і Панямуньскага дзіцячага дома. Цудоўнае свята для іх па добрай традыцыі было арганізавана гродзенскімі абласнымі аддзяленнямі грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі фонд міру” і “Беларускі дзіцячы фонд”, а таксама абласным аддзяленнем савета ветэранаў.

Дзеці змаглі акунуцца ў чароўны свет навагодняй казкі, прыняць удзел у святочнай дыскатэчнай праграме каля ёлкі. Яшчэ да пачатку паказу яны трапілі ў казачны свет, створаны рукамі сваіх аднагодкаў. У адной з зал Палаца творчасці дзяцей і моладзі разгорнута выстава “Навагодняя феерыя”.

На выставе прадстаўлена каля 300 работ дзяцей з усіх раёнаў вобласці. 76 твораў ужо адправіліся на рэспубліканскую выставу “Калядная зорка”. Гэта навагоднія ёлкі і ўпрыгажэнні для іх з гліны, дрэва, саломкі, казачныя героі, вырабы з самых разнастайных матэрыялаў, калі ў ход ішло, мабыць, усё, што было пад рукой у юнага майстра. І ў выніку атрымаліся сапраўдныя творы мастацтва, якія могуць упрыгожыць самы вытанчаны інтэр’ер. Нават не верыцца, што ўсё гэта справа рук школьнікаў і нават маленькіх дзетак. Многія з іх займаюцца ва ўстановах дадатковай адукацыі, гуртках і студыях дэкаратыўнай творчасці і выяўленчага мастацтва, у тым ліку і Гродзенскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі.

— Мы заўсёды актыўна далучаемся да акцыі “Нашы дзеці”, у мерапрыем­ствах прымаюць удзел усе раённыя арганізацыі. На цяперашні момант на правядзенне свят ужо выкарыстана больш за 10 тысяч рублёў, але многае яшчэ наперадзе, — адзначыла дырэктар абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонду Ірына Куроў­ская. — Хацелася б, каб кожнае дзіця ў гэтыя святочныя дні атрымала падарунак, было агорнута ўвагай і цеплынёй, верыла ў цуд, які павінен здарыцца. Напярэдадні Новага года мы таксама наведаем абласную дзіцячую бальніцу і павіншуем са святам усіх, хто, на жаль, у гэтыя дні будзе знаходзіцца на лячэнні.

Старшыня абласнога аддзялення Беларускага фонду міру Іван Калбаска дадаў, што грамадскія арганізацыі ніколі не застаюцца ўбаку ад такой добрай, шчырай акцыі і імкнуцца аказаць увагу кожнаму дзіцяці, падтрымаць дзяцей-інвалідаў, дзяцей з мнагадзетных, малазабяспечаных і прыёмных сем’яў. Сённяшняе свята — яшчэ адна з такіх добрых спраў.

Казку для дзяцей могуць стварыць дарослыя. Шчаслівыя вочы маленькіх выхаванцаў дзіцячых дамоў — пацвярджэнне гэтага.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.