Казачнае свята для дзяцей

Звыш 500 дзяцей з усіх раёнаў і гарадоў Магілёўскай вобласці сабрала разам губернатарская ёлка, якая стала адным са шматлікіх мерапрыемстваў па рэалізацыі ў рэгіёне акцыі “Нашы дзеці”.

Урачыстасць стала своеасаблівым падарункам выканаўчай улады лепшым прадстаўнікам падрастаючага пакалення Прыдняпроўскага краю. Многіх запрошаных на губернатарскую ёлку дзяцей можна з упэўненасцю назваць маленькімі зорачкамі. Удзельнікамі галоўнай ёлкі вобласці сталі выдатнікі вучобы, пераможцы раённых, абласных і рэспубліканскіх алімпіяд, конкурсаў і спаборніцтваў, лідары і актывісты дзіцячых грамадскіх арганізацый з усіх куткоў Магілёўшчыны. Запрошаны на свята былі таксама дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў. Усе яны змаглі акунуцца ў атмасферу сапраўднай казкі.
Перад пачаткам мерапрыемства ў фае абласнога Цэнтра творчасці для дзяцей была арганізавана інтэрактыўная праграма з удзелам казачных персанажаў. Дзеці маглі пагутарыць з Дзедам Марозам і Снягуркай, удзельнічалі ў конкурсах, спявалі навагоднія песні, вадзілі карагоды вакол ёлкі.
Працягнулася ўрачыстасць у канцэртнай зале Цэнтра творчасці. З надыходзячымі святамі ад імя губернатара вобласці Уладзіміра Даманеўскага дзяцей павіншаваў яго намеснік Валерый Малашка.
— Мне б вельмі хацелася працытаваць прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку, які на аналагічным мерапрыемстве 24 снежня сказаў: “Беларусь — наш агульны дом, і мы абавязаны клапаціцца аб ім”. Дарослыя — працаваць на карысць нашай краіны, а вы — маладое пакаленне — актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці і добра вучыцца, рэалізоўваючыся такім чынам як грамадзяне. Сёння ў гэтай зале сабраліся 500 лепшых юных прадстаўнікоў Магілёўшчыны. Нягледзячы на ўзрост, кожны з вас ужо сфарміраваная асоба і грамадзянін. Гледзячы на вас, чарговы раз пераконваешся: будучыня ў Магілёўскай вобласці і ў нашай краіны будзе самая светлая, бо вы — наглядны таго доказ, — сказаў Валерый Анатольевіч. — Дык няхай жа ў новым годзе вашы поспехі і дасягненні толькі прымнажаюцца, а ўсе пастаўленыя задачы абавязкова спраўджваюцца, — пажадаў ён дзецям, пасля чаго ўручыў ім салодкія падарункі.
Разнастайныя прысмакі ў прыгожых святочных упакоўках ад абласной выканаўчай улады атрымаў кожны з удзельнікаў мерапрыемства. Акрамя гэтага, дзеці атрымалі незабыўныя ўражанні ад прагляду казкі-мюзікла “Лятучы карабель”. Чарговым сюрпрызам стаў дэкарыраваны пад навагоднюю ёлку торт, які прэзентавала дзецям булачна-кандытарская кампанія “Дамачай”.
Адным словам, свята атрымалася! Застаецца толькі дадаць, што аналагічныя навагоднія ёлкі ў рамках акцыі “Нашы дзеці” ў апошнія дні адыходзячага года прайшлі ва ўсіх раёнах вобласці.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.