Казахстан: чаму моладзь часцей выбірае гуманітарныя спецыяльнасці

Дырэктар дэпартамента стратэгіі і праектнага кіравання Цэнтра развіцця працоўных рэсурсаў Міністэрства працы Казахстана Аляксандра Малчаноўская патлумачыла прычыны выбару моладдзю гуманітарных спецыяльнасцей, перадае МІА “Казінфарм”.

“Сёння глабальная канкурэнтаздольнасць краін залежыць ад грамадзян, якія валодаюць неабходным наборам навыкаў, ведаў і ўменняў, каб выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю, і таму патрэбна цесная сувязь паміж рынкам працы і сістэмай падрыхтоўкі кадраў. Асноўную ўвагу трэба засяродзіць на пытанні прафарыентацыі”, — сказала Аляксандра Малчаноўская падчас анлайн-канферэнцыі. Паводле яе слоў, сёння кожны чацвёрты школьнік выбірае прафесію пад уплывам баць­коў, а бацькі не ведаюць тэндэнцый на рынку працы. “Яны хочуць, каб у дзяцей была стабільная праца, а гэта, на іх думку, юрысты, эканамісты, офіс. Лічыцца, што там высокая зарплата і стабільная работа. Таму па-ранейшаму адбываецца перакос у бок гуманітарных спецыяльнасцей. Нягледзячы на тое, што кожны год павялічваюцца гранты на навучанне па рабочых спецыяльнасцях, моладзь проста не хоча туды ісці. Яны не ведаюць гэтыя тэндэнцыі, не ведаюць аб прафесіі і пра ўмовы працы”, — адзначыла спікер. “Таму важна якаснае прафесійнае інфармаванне. Сёння сістэма адукацыі павінна быць максімальна гнуткай, ісці на крок наперадзе і ствараць умовы, каб вучыць, перавучваць, павышаць кваліфікацыю працоўных рэсурсаў у такіх маштабах”, — сказала на заканчэнне А.Малчаноўская.

Падрыхтаваў Уладзімір МАТУСЕВІЧ.