Казахстан: дэбатны рух у краіне будзе развівацца

- 12:04Паралелі

На сустрэчы з актыўнымі ўдзельнікамі дэбатаў міністр адукацыі і навукі Асхат Аймагамбетаў расказаў пра адраджэнне ў Казахстане дэбатнага руху сярод школьнікаў і студэнтаў. Па яго словах, дэбаты стануць неад’емнай часткай выхаваўчай работы школ, каледжаў і ВНУ. Пра гэта паведаміла МІА “Казінфарм” са спасылкай на прэс-службу міністэрства.

На сустрэчу былі запрошаны кіраўнікі ўпраўленняў адукацыі, прарэктары ВНУ, каардынатары дэбатаў з усіх раёнаў і гарадоў рэспублікі і іх актыўныя ўдзельнікі, якія прадстаўляюць школьныя і студэнцкія дэбатныя клубы. Міністэрствам адукацыі і навукі распрацаваны Канцэпцыя развіцця дэбатнага руху ў Казахстане і Правілы правядзення дэбатных турніраў сярод школьнікаў, студэнтаў. Вядзецца работа па падрыхтоўцы трэнераў. “Дэбаты — гэта не столькі гульня, колькі адукацыйная тэхналогія. Таму мы актыўна развіваем гэты рух. Мы распрацавалі Канцэпцыю развіцця дэбатнага руху ў Казахстане і Правілы правядзення дэбатных турніраў сярод школьнікаў і студэнтаў. Разам з такімі праектамі міністэрства, як “Чытаючая школа”, “Школьнае і студэнцкае самакіраванне”, праекту “Дэбаты” ва ўсіх арганізацыях адукацыі павінна надавацца важнае значэнне”, — паведаміў міністр Асхат Аймагамбетаў. Таксама кіраўнік ведамства расказаў, што ў студэнцкія гады ён і сам прымаў актыўны ўдзел у дэбатах і падзяліўся з хлопцамі сваім вопытам. “Удзел у дэбатах фарміруе шмат важных запатрабаваных навыкаў. Напрыклад, мне гэты вопыт вельмі дапамог і цяпер дапамагае ў рабоце. Таму для развіцця мяккіх навыкаў, крытычнага мыслення дзяцей, умення працаваць у камандзе, адказваць на пытанні, аргументаваць, правільна фармуляваць свае думкі нам неабходна актыўна прымяняць гэтую адукацыйную тэхналогію”, — адзначыў міністр. Пры гэтым Асхат Аймагамбетаў падкрэсліў, што развіццё дэбатнага руху не павінна быць фармальным. Трэба пазбягаць справаздач і кампанейшчыны. Важна зацікавіць дзіця і дапамагчы яму развіць свае асабістыя якасці. Пераможцы дэбатных турніраў могуць атрымаць гранты рэктараў ВНУ.

Падрыхтаваў Уладзімір МАТУСЕВІЧ.