Казахстан: міністэрства адукацыі заклікала бацькоў кантраляваць актыўнасць дзяцей у сацыяльных сетках

Мінадукацыі і навукі заклікае бацькоў сачыць за сайтамі, якія наведваюць іх дзеці, паведамляе МІА “Казінфарм”.

“Паважаныя бацькі, кантралюйце актыўнасць дзяцей у сацыяльных сетках! Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Казахстан у мэтах абароны ад інфармацыі, якая наносіць шкоду жыццю і здароўю дзіцяці, рэкамендуе бацькоўскай грамадскасці быць больш уважлівымі да дзяцей, сачыць за іх паводзінамі, а таксама праглядаць сайты, якія яны наведваюць, асабістыя старонкі ў сацыяльных сетках, папулярных месэнджарах”, — напісаў старшыня Камітэта па ахове правоў дзяцей Мінадукацыі Рэспублікі Казахстан Нурбек Аршубекаў на старонцы ведамства ў Facebook.

У Казахстане з пачатку года былі зарэгістраваны некалькі выпадкаў суіцыду дзяцей школьнага ўзросту. Па некаторых фактах распачата справа па артыкуле “Давядзенне да самагубства”. Праваахоўныя органы высвятляюць, ці паўплывалі на ўчынкі дзяцей паведамленні ў сацыяльных сетках і дэструктыўныя гульні.