Казахстан: новыя патрабаванні да навуковых часопісаў

Зарэгістраваны загад Мін­адукацыі і навукі Рэспублікі Казахстан па ўнясенні змяненняў у загад “Аб зацвярджэнні патрабаванняў да навуковых выданняў для ўключэння іх у пералік выданняў, рэкамендаваных для публікацыі вынікаў навуковай дзейнасці”. Пра гэта заявіў міністр адукацыі і навукі Рэспублікі Казахстан Асхат Аймагамбетаў.

 “Зараз у пералік уваходзяць 177 выданняў, адабраных па даволі фармальных крытэрыях, якія не заўсёды забяспечваюць высокую якасць кантэнту. У сувязі з гэтым уведзены новыя нормы з мэтай адаптацыі дзеючых крытэрыяў да міжнародных патрабаванняў. Гэта, напрыклад, двайное сляпое рэцэнзаванне, выразная рэдакцыйная палітыка, адпавед­насць артыкулаў тэматычнай накіраванасці часопіса, рэцэнзіі замежных спецыялістаў, праверка на запазычанні, транспарэнтнасць усяго працэсу публікацыі, моцная рэдакцыйная калегія, анлайн-сістэма падачы і рэцэнзавання артыкулаў, патрабаванні па этыцы і акадэмічнай сумленнасці і г.д.”, — напісаў міністр на сваёй старонцы ў Facebook.

Як адзначыў Асхат Аймагамбетаў, гэтыя патрабаванні да ўсіх айчынных навуковых часопісаў, якія ўваходзяць у названы пералік, будуць укараняцца паэтапна. “Думаецца, што колькасць выданняў крыху скароціцца, канкурэнцыя за якасны кантэнт узрасце і гэта паспрыяе фарміраванню прафесійнай акадэмічнай культуры навуковых выданняў міжнароднага ўзроўню. Больш за тое, для фінансавай падтрымкі навуковых часопісаў мы плануем аб’явіць конкурс і падтрымаць расійскія часопісы, якія павінны ўвайсці ў міжнародныя базы Scopus і Web of Science”, — праінфармаваў кіраўнік ведамства.

Падрыхтаваў Уладзімір МАТУСЕВІЧ.