Казахстан: сінгапурская кампанія створыць у Астане цэнтры бесперапыннага навучання

З казахстанскага боку ў праекце прымае ўдзел Kazakh Invest, з сінгапурскага — кампанія Pegasus Education Group, якія заключылі пагадненне аб намеры рэалізаваць інвестыцыйны праект у галіне развіцця сістэмы адукацыі ў сталіцы Казахстана. Пра гэта паведаміла МІА “Казінфарм”.

“Асноўнай мэтай праекта з’яўляецца стварэнне адукацыйных цэнтраў бесперапыннага навучання “дзіцячы сад — агульнаадукацыйная школа — прафесійна-тэхнічны каледж” у Астане з выкарыстаннем міжнародна прызнанай сінгапурскай сістэмы адукацыі”, — адзначаецца ў паведамленні. Мяркуецца, што агульны аб’ём інвестыцый на першым этапе рэалізацыі праекта складзе каля 20 млн долараў ЗША, плануецца стварыць каля 300 новых працоўных месцаў. Са свайго боку акімат Астаны акажа ўсебаковую падтрымку ў рэалізацыі гэтага інвестпраекта: прадастаўленне дзяржаўнага натурнага гранта ў выглядзе зямельнага ўчастка, падвядзенне неабходнай інфраструктуры, субсідзіраванне працэнтнай стаўкі, падушнае нарматыўнае фінансаванне і гэтак далей. Інвестар плануе рэалізаваць праект з адпаведнымі характарыстыкамі: дзіцячы сад на не менш за 200 месцаў, школа на не менш за 2 тысячы месцаў, каледж на не менш за 2 тысячы месцаў, прыцягнуць не менш за 30% казахстанскіх выкладчыкаў ад агульнага выкладчыцкага складу ў рамках аперацыйнай дзейнасці праекта, укараніць міжнародныя праграмы з магчымасцю атрымання выпускнікамі міжнародна прызнаных дыпломаў і сертыфікатаў.

Нацыянальная кампанія Kazakh Invest створана ўрадам краіны для прыцягнення якасных замежных інвестыцый. На сайце кампаніі адзначаецца, што яна “прадастаўляе поўны спектр паслуг для падтрымкі інвестыцыйных праектаў — ад канцэпцыі першапачатковай ідэі да рэалізацыі праекта, а таксама пастаянную падтрымку дзеючым бізнесам”.

Кампанія Pegasus Education Group пачала сваю дзейнасць у 1986 годзе ў Сінгапуры і развіла прыватную адукацыйную сетку бесперапыннай адукацыі. У цяперашні час кампанія кіруе больш чым 20 адукацыйнымі цэнтрамі ў Паўднёва-Усходняй Азіі. Школы Pegasus Education Group акрэдытаваны міжнароднымі арганізацыямі, кампанія прызнана адной з лепшых прыватных кампаній у галіне адукацыі ў рамках АСЕАН.