Казахстан: студэнты, старэйшыя за 30 гадоў, прыходзяць у ВНУ не па веды, а па дыплом

- 11:20Паралелі

Такое меркаванне выказаў віцэ-міністр адукацыі і навукі Мірас Даўленаў, перадае МІА “Казінфарм”.

“Летась мы праверылі адну ВНУ, дзе навучалася звыш 30 тысяч студэнтаў. Калі абвясцілі аб яе закрыцці, судовыя пасяджэнні па абскарджанні нашага рашэння працягваліся паўгода. З улікам нізкай якасці адукацыі і таго, што ВНУ будзе закрыта, за гэты час практычна ні адзін студэнт не быў пераведзены ў іншую ВНУ. Самі студэнты не разумелі, што трэба пераводзіцца ў іншыя ВНУ”, — сказаў М.Даўленаў. Па яго меркаванні, ёсць ВНУ, у якіх больш за палову студэнтаў старэйшыя за 30 гадоў. “Усе мы разумеем, што гэтыя студэнты прыйшлі не па веды, а па дыплом, прычым я хацеў бы звярнуць увагу, што гэтыя студэнты, пачынаючы з 1 курса, маюць стабільны заробак. Цалкам відавочна, якіх спецыялістаў мы атрымаем у выніку”, — зрабіў выснову віцэ-міністр.

“У мінулым годзе Мінадукацыі беспрэцэдэнтна супрацоўнічала з грамадскасцю, у выніку рэспубліканская грамадская камісія прыняла рашэнне аб недапушчэнні 36 ВНУ да размяшчэння дзяржзаказу. Вядома, мы разумеем, што гэта стала ўдарам для некаторых, але ці хочам мы, каб ВНУ давалі рэальныя веды нашым студэнтам? Ці хочам мы, каб студэнт мог пасля завяршэння ВНУ працаўладкавацца, стварыць сям’ю? І ці ра­зумеем мы, што ВНУ, якія не даюць такой адукацыі, будуць проста на гэтым зарабляць? Усе гэтыя пытанні грамадства павінна ставіць перад ВНУ”, — сказаў на завяршэнне Мірас Даўленаў.

Падрыхтаваў Уладзімір МАТУСЕВІЧ.