Казахстан: ТОП-100 студэнтаў каледжаў

- 11:45Паралелі

Пачаўся рэспубліканскі этап конкурсу “ТОП-100 студэнтаў каледжаў Рэспублікі  Казахстан”. У ім бяруць удзел 338 чалавек, перадае МІА “Казінфарм” са спасылкай на прэс-службу Міністэрства адукацыі і навукі.

Праект скіраваны на падтрымку таленавітай моладзі і папулярызацыю рабочых кваліфікацый. У фінал прайшлі студэнты з добрай паспяховасцю, лідары студэнцкага самакіравання і валанцёрскага руху, удзельнікі і пераможцы міжнароднага чэмпіянату WorldSkills, алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў, конкурсаў інавацыйных ідэй і стартап-праектаў. “Гэта не проста сацыяльны праект. З дапамогай удзельнікаў конкурсу мы інфармуем школьнікаў і бацькоў аб перавагах навучання ў каледжы. У цэлым конкурс праходзіць у 3 этапы: унутраны, рэгіянальны і рэспубліканскі. Лепшыя студэнты будуць вызначацца з дапамогай анлайн-галасавання, якое праводзіцца на сайце праекта kasipkor.kz. На гэтым жа сайце размешчана ўся інфармацыя пра ўдзельнікаў. За праектам назіраюць патэнцыяльныя работадаўцы, якія ўручаць пераможцам Job offer і прымуць іх на працу пасля завяршэння вучобы”, — адзначыла дырэктар Дэпартамента тэхнічнай і прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі і навукі Насымжан Аспанава.

Студэнты, якія прыма­юць удзел у конкурсе, вучацца па такіх спецыяльнасцях і кваліфікацыях, як “Меха­троніка”, “Робататэхніка і ўнутраныя сістэмы”, “Web-дызайнер”, “Газаэлектразваршчык”, “Тэхнік-электронік”, “Су­пер­вайзер”, “Ратавальнік”, “Мантажнік электраабсталявання” і інш.

“Работадаўцы ўжо чака­юць будучых спецыялістаў і гатовы запрасіць іх на практыку, пазнаёміць з вытворчым працэсам. У кале­джах вучацца каля 500 тысяч студэнтаў, штогод выпускаюцца каля 140 тысяч чалавек. У выпускнікоў казахстанскіх каледжаў добрыя паказчыкі працаўладкавання. Каля 70% выпускнікоў кале­джаў уладкоўваюцца на працу адразу пасля атрымання дыплома, астатнія працягваюць навучанне ва УВА”, — адзна­чыла Н.Аспанава.

Падрыхтаваў Уладзімір МАТУСЕВІЧ.