Казахстан: у Нур-Султане распрацавалі новы дызайн бібліятэк

З мэтай прыцягнення ў чытальныя залы большай колькасці наведвальнікаў, у сталіцы распрацавалі сучасны дызайн бібліятэк. Пра гэта МІА “Казінфарм” паведаміў начальнік упраўлення культуры і спорту акімата Нур-Султана Нурлан Сыдыкаў.

Згодна з яго інфармацыяй, у цяперашні час у сталіцы працуюць 20 дзяржаўных і прыватных бібліятэк. Кніжны фонд складае 700 тысяч экзэмпляраў. Агульная штогадовая колькасць наведвальнікаў — 540 тысяч чалавек, у тым ліку каля 70 тысяч пастаянных чытачоў. Сёння стаіць задача трансфармаваць бібліятэчную сетку за кошт укаранення сучасных дызайнерскіх рашэнняў. Увасабляць гэтыя ідэі пачнуць са старога будынка бібліятэкі плошчай 1000 квадратных метраў на праспекце Богенбай батыр. Зараз у дзень яе наведваюць не больш за 50—60 чалавек, у той час як яна можа прымаць да 1 тысячы чытачоў. “Чытальная зала працуе толькі на 5—10% ад сваёй магчымасці. Трэба прыцягваць, тым больш што плошча дазваляе. Падобны праект ужо рэалізаваны ў іншых гарадах, напрыклад у Алматы, дзе дзіцячую бібліятэку рэканструявалі ў сучасным стылі. Калі раней яе наведвалі ў сярэднім 40 чалавек, то цяпер — 1400”, — расказаў Нурлан Сыдыкаў. Мяркуючы па эскізах праекта, як піша “Вячэрняя Астана”, вырашана адысці ад традыцыйнага фармату бібліятэк, дзе ў чытальных залах у рад стаяць пісьмовыя сталы, а за шырмамі на паліцах пыліцца мастацкая і навуковая літаратура. На малюнках сучасныя залы нагадваюць каворкінг-цэнтры са зручнымі крэсламі, зонамі рэлаксу і фуд-кортамі. Акрамя таго, яны напоўнены рознымі дызайнерскімі прадметамі і аксесуарамі, аформленымі ў яркіх тонах. Між тым дэпутат масліхата (сталічнага парламента) Аман Аюпаў выказаў меркаванне, што галоўным крытэрыем прывабнасці для чытачоў павінен быць не дызайн, а бібліятэчны кантэнт і цікавая літаратура. “Неабходна выкарыстоўваць міжнародны вопыт у част­цы напаўнення, можна далучыцца да бібліятэк краін блізкага і далёкага замежжа, каб можна было ўзяць літаратуру як мастацкую, так і тэхнічную. Цяпер у нас вялікі дэфіцыт кніг тэхнічнага зместу, асабліва сучасных. Акрамя таго, многія навучальныя ўстановы не могуць дазволіць сабе нейкія падручнікі. Калі будзе доступ да бібліятэк іншых краін, цікавасць аўдыторыі ўзрасце”, — падкрэсліў ён. Нурлан Сыдыкаў пацвердзіў, што кніжны фонд абнаўляецца не так часта, як бы хацелася. Нават пры тым, што ёсць штогадовая падпіска, гэтыя кнігі не адпавяда­юць сучасным патрабаванням. “Трэба штогод выдзяляць пэўныя сродкі і закупляць літаратуру, пры гэтым зага­дзя праводзіць яе рэрайтынг, а таксама аналіз запатрабаванай літаратуры сярод чытачоў розных узростаў. Пры гэтым перад намі стаіць мэта ўдзяліць увагу кніжнаму фонду на дзяржаўнай мове. Сёння толькі 28% літаратуры на дзяржаўнай мове, астатні кніжны фонд — на рускай, таму трэба ўраўнаваць гэтыя паказчыкі”.

Спецыялісты адзначаюць, што сёння відавочна бракуе новых падыходаў у сферы прапаганды кнігі, патрэбны творчыя ідэі. Дэпутаты прапанавалі ў гэтым кірунку працаваць разам з прадстаўнікамі сферы аховы здароўя, адукацыі і сацыяльнай абароны. Так, напрыклад, кніжныя выставы на медыцынскія тэмы можна было б праводзіць у фае паліклінік.

У цэлым жа як чыноўнікі, так і прадстаўнікі заканадаўчай улады Нур-Султана лічаць, што наспела неабходнасц­ь распрацоўкі комплекснай праграмы з вызначэннем галоўных індыкатараў эфектыўнасці работы па прапагандзе чытання і кніжных ведаў, у тым ліку з актыўным выкарыстаннем бібліятэчнага фонду.

Падрыхтаваў Уладзімір МАТУСЕВІЧ.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту.