Казахстан: у педагагічныя ВНУ прапанавана прымаць абітурыентаў бясплатна

- 14:31Паралелі, Рознае

Прыём абітурыентаў у педагагічныя ВНУ ў Казахстане павінен праводзіцца толькі на бясплатнай аснове, лічыць рэктар Казахскага нацыянальнага педагагічнага ўніверсітэта (КазНПУ) імя Абая Серык Праліеў.

“Павінна быць створана новая сістэма педагагічнай падрыхтоўкі настаўнікаў. А прыём абітурыентаў у педагагічныя ВНУ павінен праводзіцца толькі на бясплатнай аснове. Платнае навучанне павінна быць адменена”, — заявіў С.Праліеў у ходзе пасяджэння Рэспубліканскага савета па педагагічнай адукацыі ў Астане.
На яго думку, гэта дазволіць прыцягнуць лепшых абітурыентаў з сацыяльна неабароненых слаёў насельніцтва. “Да ўступных экзаменаў студэнты, якія жадаюць паступіць у педагагічныя ВНУ, абавязаны здаць творчы экзамен, скіраваны на выяўленне іх здольнасцей да педагагічнай дзейнасці. Выпускнікі, якія скончылі школу на “выдатна”, павінны прымацца толькі па выніках творчага экзамену, без здачы адзінага нацыянальнага тэсціравання”, — упэўнены рэктар КазНПУ.
Пры гэтым ён дадаў, што падрыхтоўка педагагічных кадраў павінна ажыццяўляцца толькі на базе дзяржаўных ВНУ, мадэрнізаваных да лепшых сусветных узораў. “Пры гэтым асаблівую ўвагу трэба ўдзяляць праблеме скарачэння нарматыўнага аб’ёму гадавой вучэбнай нагрузкі ў ВНУ да 500 гадзін. Дзяржава, у якой заработная плата настаўніка ніжэйшая за сярэднюю па краіне, не здольная да развіцця, таму неабходны распрацоўка і зацвярджэнне на заканадаўчым узроўні сацыяльнага статусу педагога новай фармацыі, статусу маладога спецыяліста, з адпаведнымі льготамі, сацыяльным пакетам, а таксама сістэма мер па сацыяльнай абароне работнікаў арганізацый адукацыі”, — дадаў С.Праліеў.
На яго думку, цяпер у сістэме адукацыі назіраецца разрозненасць, адсутнасць пераемнасці стандартаў, тыпавых адукацыйных праграм і тыпавых вучэбных планаў. “Таму прапануецца стварыць пры Мінадукацыі і навукі Рэспублікі Казахстан рабочы орган для забеспячэння адзіных падыходаў да распрацоўкі стандартаў для ўсіх узроўняў адукацыі: пачатковай, сярэдняй і вышэйшай прафесійнай”, — падсумаваў ён.