Казахстан: у сістэме Мінадукацыі з’явяцца інспектары па абароне правоў дзяцей

У сістэме Міністэрства адукацыі і навукі з’явяцца інспектары па абароне правоў дзяцей. Пра гэта паведаміў на селектарнай нара­дзе міністр адукацыі і навукі Рэспублікі Казахстан Асхат Аймагамбетаў, як перадае МІА “Казінфарм”.

“Раней у нас былі рэгіянальныя ўпраўленні па абароне правоў дзяцей, дэпартаменты. Потым яны былі рэарганізаваны, аб’яднаны з упраўленнямі адукацыі і ліквідаваны. Зразумела, што зараз мы як упаўнаважаны орган маем патрэбу ў людзях, якія маглі б ажыццяўляць кантроль і маніторынг у галіне правоў дзяцей у рэгіёнах. Таму мы прынялі такое рашэнне: з гэтага часу ў нас у рэгіянальных дэпартаментах па забеспячэнні якасці будуць спецыяльна вылучаны людзі, інспектары па абароне правоў дзяцей. Цяпер у нас ёсць структура, ёсць інспектары, якія ў кожным рэгіёне будуць займацца пытаннямі абароны правоў дзяцей. Непасрэдна Міністэрства адукацыі і навукі будзе гэтыя пытанні кантраляваць”, — сказаў А.Аймагамбетаў.

Міністр падкрэсліў, што інспектары па абароне правоў дзяцей будуць намеснікамі старшынь абласных камісій па справах непаўналетніх. Асхат Аймагамбетаў таксама адзначыў, што названыя абласныя камісіі не выконваюць важнае даручэнне ў частцы асобных службовых асоб, якія павінны весці работу гэтых камісій. Абавязкі сакратароў такіх камісій выконваюць супрацоўнікі ўпраўленняў адукацыі. Гэта значыць, фактычна яны самі сябе правяраюць і кантралююць — з адпаведнай якасцю. Ставіцца пытанне аб вылучэнні асобных супрацоўнікаў апаратаў акімаў абласцей, гарадоў і раёнаў для выканання гэтай работы. На нарадзе абмяркоўваліся пытанні аснашчэння школ добраўпарадкаванымі туалетамі, камерамі відэаназірання, захавання прапускнога рэжыму і аховы і іншыя — у кантэксце здарэння ў Таразе.

Нагадаем, што трагедыя ў Таразе здарылася 15 лістапада, калі ў памяшканні школьнага туалета, які знаходзіўся на вуліцы, была згвалтавана 12-гадовая вучаніца. Устанавіць злачынцу дапамаглі відэакамеры. Ім аказаўся 38-гадовы раней судзімы жыхар гэтага горада. Ён арыштаваны, вядзецца следства.

За неналежнае выкананне сваіх абавязкаў звольнены дырэктар школы, яго намеснік, настаўнік і вахцёр, як паведаміла МІА “Казінфарм”.