Казахстан: уладальнікі медаля Елбасы атрымалі адукацыйныя гранты ў ВНУ 

Больш за 800 уладальнікаў медалёў Елбасы ўдзельнічалі ў конкурсе на атрыманне адукацыйных грантаў, 605 з іх атрымалі магчымасць навучацца бясплатна дзякуючы праекту “Медаль Елбасы”. Удзельнікі праекта мелі перавагу перад іншымі абітурыентамі пры роўнасці балаў, паведамляе МІА “Казінфарм” са спасылкай на прэс-службу Фонду Нурсултана Назарбаева. 

Найбольшую колькасць грантаў атрымалі будучыя студэнты з гарадоў Нур-Султан і Алматы, а таксама з Кызылардынскай і Паўладарскай абласцей. А самымі папулярнымі навучальнымі ўстановамі сярод медалістаў сталі Казахскі нацыянальны ўніверсітэт імя Аль-Фарабі, Еўразійскі нацыянальны ўніверсітэт імя Л.М.Гумілёва, Універсітэт імя Сулеймана Дэмірэля і Astana IT University. 

“Сёлета на маю спецыяльнасць выдзелілі вельмі мала грантаў. Мінімальны прахадны бал склаў 123 са 125, уяўляеце? Я была ў шоку ад такой канкурэнцыі. Аднак у мінулым годзе я ўдзельнічала ў праграме “Медаль Елбасы” і атрымала “бронзу”. Гэта дало мне прыярытэт пры паступленнi на грант”, — падзялілася добрай навіной на сваёй старонцы ў Instagram абітурыентка Міжнароднага ўніверсітэта інфармацыйных тэхналогій Дынара Болатава. 

Кожны ўдзельнік праектаў Акадэміі Елбасы з’яўляецца нашай гордасцю. Мы бачым, што праект “Медаль Елбасы” становіцца важнай падтрымкай будучых поспехаў для таленавітай моладзі, асабліва для сельскіх дзяцей. У найбліжэйшай будучыні мы плануем запуск яшчэ некалькіх праектаў для падтрымкі маладых людзей і заклікаем да ўдзелу ў іх кожнага маладога казахстанца, незалежна ад месца пражывання”, паведаміў дырэктар Фонду “Акадэмія Елбасы” Асланбек Амрын. 

Усяго ў праекце “Медаль Елбасы” ўдзельнічаюць звыш 21 тысячы юнакоў і дзяўчат. З іх 6078 ужо завяршылі праграмы і атрымалі бронзавыя і сярэбраныя медалі. Гэта праект нацыянальнага ўзроўню, скіраваны на комплекснае развіццё моладзі. Праграма складаецца з 7 асноўных кірункаў: спорт, таленты і навыкі, чытанне кніг, нацыянальная спадчына, валанцёрства, экспедыцыі і паходы, працоўная практыка. Праграма прызначана для маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 29 гадоў.

Падрыхтаваў Уладзімір МАТУСЕВІЧ.