Казахстан: за апошнія пяць гадоў фінансаванне сферы адукацыі вырасла ў 5 разоў

- 10:41Паралелі

У Казахстане за апошнія 5 гадоў фінансаванне сістэмы адукацыі павялічылася амаль у 5 разоў. Пра гэта падчас панэльнай сесіі на VIII Астанінскім эканамічным форуме паведаміў намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Казахстан Бердыбек Сапарбаеў.

“Развіццё сусветнай эканомікі патрабуе ўкаранення новых тэхналогій, новых ідэй, інавацый, таму Казахстан імкнецца трапіць у лік 30-ці развітых краін свету і не адставаць ад іншых. Для гэтага патрэбна ў першую чаргу інтэграцыя адукацыі, навукі і вытворчасці. Прэзідэнт краіны паставіў перад кіраўнікамі вышэйшых навучальных устаноў і Міністэрства адукацыі і навукі задачу рыхтаваць менавіта такія кадры, якія б адпавядалі ўсім міжнародным стандартам”, — сказаў Б.Сапарбаеў.
Ён адзначыў, што за апошнія пяць гадоў фінансаванне сістэмы адукацыі павялічылася амаль у пяць разоў. Сёння гэты аб’ём складае 1 трлн 400 млрд тэнге (1 долар ЗША =186 тэнге). “Аналагічна фінансаванне амаль у 2 разы павялічылася за апошнія пяць гадоў і на навуку і складае сёння каля 45 млрд тэнге. У выніку павялічылася колькасць навуковых устаноў — іх у нас цяпер 400”, — агучыў даныя намеснік Прэм’ер-міністра Казахстана.