Казань збірае прафесіяналаў

- 11:51World Skills

Наталля Міхайлаўна Шаўчэнка-Саўлакова, менеджар па развіцці руху WorldSkills у Рэспубліцы Беларусь, кандыдат псіхалагічных навук, прарэктар па навукова-метадычным забеспячэнні якасці прафесійнай адукацыі Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, сёння расказвае нашым чытачам, як вядзецца падрыхтоўка да Міжнароднага чэмпіянату WorldSkills Kazan — 2019.

— Наталля Міхайлаўна, час на­бліжае нас да пачатку ­45 Між­народнага чэмпіянату прафесійнага майстэрства WorldSkills, што адбудзецца ў Казані з 22 па 28 жніўня. Што будзе ўласціва гэтаму спаборніцтву?

— Прайшло ўжо 4 гады з той пары, калі ў бразільскім Сан-Паўлу ўшаноўвалі расій­скую дэлегацыю, якая заваявала права прымаць у Казані ў 2019 годзе чарговы, 45 чэмпіянат WorldSkills. І вось засталося яшчэ амаль паўгода — і гэтая падзея стане рэальнасцю.

Колькасць жадаючых паўдзельнічаць у такім магутным форуме прафесіяналаў вельмі вялікая. Плануецца ўдзел 60 краін, а ўвогуле WorldSkills International уключае 80 краін-удзельніц. Конкурсныя пляцоўкі разгорнуцца на тэрыторыі выставачнага цэнтра “Казань Экспа”, які пабудаваны спецыяльна для правядзення міжнароднага чэмпіянату і размяшчаецца на плошчы амаль 75 гектараў. Плануецца, што ўдзельнікаў спаборніцтва размесцяць ва ўнікальным жылым комплексе “Вёска WorldSkills”, дзе раней пражывалі ўдзельнікі студэнцкай Універсіяды. Вёска мае развітую інфраструктуру. На плошчы больш за 50 гектараў пабудавана 30 дамоў, у якіх будуць пражываць 14 тысяч чалавек — менавіта столькі ўдзельнікаў чэмпіянату. А гэта канкурсанты, эксперты, трэнеры, удзельнікі дзелавой часткі праграмы WorldSkills, журналісты.

Колькасць краін-удзельніц сёлетняга чэмпіянату павялічылася, адпаведна павялічылася і колькасць канкурсантаў, што вядзе да павышэння канкурэнцыі ў прафесійных кампетэнцыях.

Калі на мінулых чэмпіянатах ­колькасць краін-удзельніц па той ці іншай кампетэнцыі складала каля 25—30, то цяпер у сярэднім 40 краін. Па колькасці канкурсантаў лідзі­руе прафесійная кампетэнцыя “Кулінарнае мас­тацтва”, у якой будзе выступаць 51 чалавек.

Асноўная лінейка спаборніцтва складаецца з 56 прафесійных кампетэнцый WorldSkills. На мінулым чэмпіянаце было 50 — коль­касць, як відаць, узрасла неістотна. Гэта звязана з тым, што якасна наладзіць спаборніцтва такога маштабу вельмі складана, краіна-аргані­затар звычайна прытрымліваецца пэўнага ліміту.

Усе кампетэнцыі аб’яднаны ў шэсць блокаў: інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналогіі, вытворчасць і інжынерныя тэхналогіі, будаўніцтва і будаўнічыя тэхналогіі, сфера паслуг, творчасць і дызайн, транспарт і лагістыка.

Поўны тэкст матэрыяла чытайце ў Настаўніцкай газеце № 41, 11 красавіка.

Інтэрв’ю ўзяла Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.