“Кажаны” і “маланкі” 

- 9:13Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

“Энергазберажэнне ў агітацыйных плакатах ваеннага часу” — тэма ліпеньскай экспазіцыі Гомельскага вучэбна-­практычнага цэнтра па энергазберажэнні.

У экспазіцыі прадстаўлена 16 каляровых плакатаў. Яны заклікаюць да Перамогі — праз эканомію энергарэсурсаў. Загадчык лабараторыі па энергазберажэнні Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Наталля Захаранка паказвае адмысловую тумбу. На размешчаных малюнках — выявы франтавікоў і працаўнікоў тылу. Усе яны ў адным парыве: аб’яднацца, эканоміць і перамагчы:

— Асаблівую цікавасць выкліка­юць агітацыйныя плакаты і лістоўкі 1941—1944 гадоў. На іх заклікі: “Эканомячы кілаваты, ты даеш на фронт гранаты!”, “Энергія, патрэбная для гадзіны гарэння, тры патроны дае на ўзбраенне!”, “Ліміт — вайны закон: дапамагае фронту ён!” і інш. З плакатаў можна даведацца, што ў суровы ваенны час норма электраэнергіі для бы­тавых патрэб складала 5 кВт∙г у месяц на ­чалавека, а эканомія толькі 1 кВт∙г энергіі давала 102 кг хлеба, 20 штук цэглы, 2—3 пары абутку і многа чаго яшчэ.

Энергазберажэнне ў гады Вялікай Айчыннай вайны стала адным з галоўных кірункаў плакатнага мастацтва. Ад работы пад лозунгам “Усё для фронту! Усё для перамогі!”, якая патрабавала многа энергарэсурсаў, шмат залежала. Пытаннем дзяржаўнай важнасці стаў выпуск не толькі снарадаў і тэхнікі для фронту, але і газавага ліхтара.

— Газоўкі, як салдаты, былі патрэбны на службе краіне, — расказвае Наталля Іванаўна і паказвае прадметы з калекцыі. — “Кажаны”, “трохлінейкі”, “маланкі” свяцілі ўсім — ад радавога да генерала на ўсіх франтах. Не толькі вайскоўцы на фронце, але і людзі ў тыле зберагалі агеньчык газавага ліхтара. Газоўка дарыла надзею на перамогу. А калі ліхтароў не хапала, салдацкая кемлівасць дапамагала.

У музеі захоўваецца свяцільня з кнотам, зробленая са здаўленай гільзы ад снарада, і спіртоўка ў драўляным футарале з медсанбата. Незвычайныя лямпы паступілі ў музей ад педагога-франтавіка і ўрача з эвакуацыйнага шпіталя. Пра гэтых людзей, пра ўклад газоўкі ў перамогу над ворагам даведваюцца шматлікія экскурсанты музея энергазберажэння, які знаходзіцца ў будынку Гомельскага абласнога ліцэя. 

Унікальны музейны фонд уключае 32 газавыя рэліквіі. Калекцыя свяцільняў папаўняецца новымі экспанатамі. Гісторыя перамогі над ворагам праз гісторыю музейнага прадмета і лёс чалавека валодае асаблівай каштоўнасцю для выхавання дзяцей і моладзі, дапамагае адкрыць код гістарычнай памяці, садзейнічае фарміраванню грама­дзянскасці і патрыятызму.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.